Увесь час рэлігія з’яўлялася сваеасаблівым сацыяльным «камунікатам» у розных галінах жыццядзейнасці людзей. У 1920–1930-я гг. у міжваеннай Заходняй Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы, адбываўся сінтэз рэлігіі і беларускага нацыянальнага руху. Беларускія актывісты разам з некаторымі прадстаўнікамі духавенства імкнуліся ўключыць нацыянальны элемент у рэлігійнае жыццё мясцовага насельніцтва, бачачы ў гэтым карысную мэту папулярызацыі ідэі нацыянальнага самавызначэння. Адным са спосабаў трансляцыі гэтай ідэі з’яўлялася адукацыя.

Вывучэнне рэлігіі ў пачатковых і сярэдніх навучальных установах, нягледзячы на веравызнанне, з’яўлялася абавязковым паводле артыкула 120 Канстытуцыі Польшчы ад 17 сакавіка 1921 г. Прававой гарантыяй спрыяльных умоў для праваслаўнага асяроддзя напачатку ўваходжання  стала пастанова «Часовае палажэнне аб адносінах Праваслаўнай Царкы і дзяржавы», выдадзеная ў студзені 1922 г. Міністэрствам веравызнанняў і публічнай асветы Польшчы. Дзеючая да 1938 г. пастанова аб’явіла аўткефалію Праваслаўнай Царквы ў Польшчы, фактычна паставіўшы яе пад кантроль з боку польскіх улад. Аднак усё роўна была прыкметная недастатковасць прававога ўрэгуліравання становішча Праваслаўнай Царквы, асабліва ў выкладанні праваслаўнага Закону Божага ў навучальных установах. Праблема заключалася ў тым, што школьны прадмет выкладаўся толькі ў гарадах і вялікіх мястэчках. Але намаганнямі духавенства і зваротам Сінода Праваслаўнай Царквы ў Польшчы ў Міністэрства веравызнанняў і публічнай асветы пасля 1923 г. праблема паступова вырашалася ў бок пашырэння выкладання прадмета ў вёсках і невялікіх мястэчках [2, с. 230; 10].

Выкарыстанне нацыянальнай мовы у набажэнстве з’яўлялася важным пытаннем у заходнебеларускім праваслаўным соцыуме. Для беларускага духавенства і інтэлігенцыі гэта была спроба супрацьдзеяння палітыцы паланізацыі. У 1924 г. Сінод выдаў пастанову, якая дала магчымасць выкарыстоўваць у богаслужэннях мовы мясцовага насельніцтва, калі яно так жадае, — беларускую, украінскую, польскую і чэшскую. Пры гэтым пропаведзі і царкоўныя павучанні можна было праводзіць на нацыянальных мовах, а таксама рэкамендавалася выкладаць Закон Божы на роднай мове [10].

Праваслаўнае духавенства інтэпрэтавала паланізацыю царквы як з’яву трагічную, але непазбежную. Такая ўвага да пытання падштурхнула праваслаўнае грамадства да адаптацыі ў новыя рэаліі, адыходу ад старых і адраджэнне мясцовых традыцый, пераходу да магчымага фарміравання новай праваслаўнай традыцыі тагачаснай Польшчы. Мова з’яўлялася адным з ключавых фактараў адаптацыі беларускага насельніцтва ў міжваеннай Польшчы. У 1934 г. у Вільні была створана спецыяльная камісія па перакладу вучэбнай літаратуры на беларускую мову. У яе склад увайшлі Віленскі архіепіскап Феадосій ў якасці старшыні, намеснік старшыні — святар Язэп Дзічкоўскі, святары Мікалай Кульчыцкі і Сяргей Валынцэвіч, былы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі Сяргей Паўловіч і дзеячы на той момант дырэктар Радаслаў Астроўскі [11, с. 12].Таму моўнае пытанне ў Праваслаўнай Царкве Заходняй Беларусі даволі востра абмяркоўвалася ў 1920–1930-я гг. сярод інтэлігенцыі, духавенства і звычайнага насельніцтва. Усё ж такі меркаванне было агульным — навучанне Закону Божаму павінна быць на роднай мове, асабліва ў сельскай мясцовасці.

Віленская беларуская гімназія (ВБГ), створаная ў 1919 г., з’яўлялася не проста навучальнай установай, а вучэбна-метадычным цэнтрам беларускай нацыянальнай педагагічнай думкі. Менавіта ў гімназіі распрацоўваліся праграмы для навучання ў беларускіх гімназіях і пачатковых школах. Згодна з праграмай навучання гімназіі выкладанне прадмету праваслаўнага Закону Божага вялося з 1 па 8 класы па дзве гадзіны ў тыдзень: 1 клас — старажытная гісторыя, 2 клас — новая гісторыя, 3-4 класы — хрысціянскі катэхізм, 5-6 класы — гісторыя Праваслаўнай Царквы, 7-8 класы — тлумачэнне маралі і этыкі Праваслаўнай Царквы [1, с. 45]. Першым настаўнікам праваслаўнага Закону Божага быў протаіерэй Міхаіл Пліс, які выкладаў з 1919 па 1923 гг. У 1919–1920 гг. ён быў членам Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, уваходзіў у склад Віленскага беларускага нацыянальнага камітэта. М. Пліс быў актыўным прыхільнікам беларусізацыі Праваслаўнай Царквы ў Заходняй Беларусі, таму ў 1921 г. выступіў у якасці аднаго з ініцыятараў стварэння Свята-Троіцкага беларускага праваслаўнага таварыства. У гэтым жа годдзе ўвайшоў у лік заснавальнікаў Таварыства беларускай школы, а свой прадмет ён выкладаў на беларускай мове [14, с. 513]. У пачатку 1920-х гг. М. Пліс падрыхтаваў беларускамоўны праект падручніка па гісторыі Царквы, які ўтрымліваў інфармацыю аб царкоўных саборах, жыццяпісы царкоўных асобаў, асаблівасці падзелу царквых на заходнюю і ўсходнюю. Але ў выніку праект аказаўся нерэалізаваным і застаўся ў фармаце рукапісу [7, с. 105].

Святар Міхаіл Пліс

Ва ўспамінах выпускніка ВБГ Леаніда Галяка наступным настаўнікам Закону Божага пасля М. Пліса быў Уладзімір Лукашэвіч, які выкладаў прыкладна з 1924 па 1926 гг. [6]. На жаль, звестак пра гэтую персаналію не шмат. Але ў некаторых дакументах ён згадваецца як памочнік класнага кіраўніка і адзін з членаў Бацькоўскага камітэту гімназіі [15, арк. 86, 115]. У гэтых жа ўспамінах згадваецца асоба Іосіфа Дзічкоўскага, які таксама выкладаў Закон Божы ў гімназіі прыкладна з 1926 па 1927 гг. [6]. У адной з работ беларускага краязнаўца Леаніда Лаўрэша І. Дзічкоўскі згадваецца як святар, які быў адпраўлены ў сакавіку 1925 г. архіепіскапам Феадосіем у вёску Дзікушкі Лідзкага павету, «каб вярнуць на лона праваслаўя адпаўшую парафію» ад Грэка-Каталіцкай Царквы. Сабраны краязнаўцам матэрыял сведчыць аб станоўчых адносінах святара Дзічкоўскага да палітыкі польскіх уладаў у рэлігійным пытанні, а таксама, што ён  не адмаўляў польскую мову як мову праваслаўных набажэнстваў у будучыні. Але такая пазіцыя не перашкодзіла праз 9 гадоў стаць намеснікам старшыні Камісіі па перакладзе царкоўнай вучэбнай літаратуры на беларускую мову. У 1930-х гг. І. Дзічкоўскі з’яўляўся настаяцелем Прачысценскага кафедральнага сабору ў Вільні [12].

Святар Іосіф Дзічкоўскі

З 1926 г. у сценах Віленскай беларускай гімназіі Закон Божы пачаў выкладаць протаіерэй Аляксандр Коўш. Акрамя таго, ён таксама займаў пасаду кіраўніка вучнёўскага інтэрнату гімназіі. Як і ўжо згаданы М. Пліс, А. Коўш быў актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Польшчы. За год да працы настаўнікам, у 1925 г., яму было прапанавана ўзначаліць Беларускі Кааператыўны банк, які спансіраваў партыю Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). У студзені 1927 г. адбыўся масавы арышт польскімі ўладамі прадстаўнікоў БСРГ, у ліку якіх былі «скарбнік» партыі А. Коўш і дырэктар ВБГ Р. Астроўскі. У сакавіку 1927 г. А. Коўш быў вызвалены пад заклад, а ў лютым 1928 г. суд зняў з яго ўсе абвінавачванні. Падчас знаходжання пад арыштам епіскап Феадосій пазбавіў А. Каўша прыхода ў Сніпішках і забараніў у служэнні. [8, с. 14–15]. Пасада настаўніка ў ВБГ пры ім яшчэ заставалася. Але пасля падзей з БСРГ на А. Каўша абрынулася крытыка некаторых навучэнцаў гімназіі. Так, 29 сакавіка 1928 г. выйшаў зварот Камітэта спраў вучняў беларускіх гімназій да навучальнай моладзі ў Вільні, у якім Каўша называюць здраднікам і чалавекам, «праданым буржуазным конунгам». Зварот быў падрыхтаваны пад вялікім уплывам камуністычных ідэй, пад якія на той момант патрапіла вялікая колькасць навучэнцаў гімназій [5, арк. 122]. У канцы 1920-х гг. А. Коўш займаўся выдавецкай і асветніцкай працай. З верасня 1928 г. па май 1929 г. пад яго рэдакцыяй выдаваўся беларускамоўны часопіс «Беларуская зарніца», у якім ён асабіста падымаў пытанне супраць палітызацыі Праваслаўнай Царквы, яе беларусізацыі, неабходнасці пакінуць царкоўнаславянскую мову для богаслужэнняў. У 1930 г. А. Коўш быў звольнены з пасады настаўніка ВБГ пасля канфлікту з яе дырэктарам Р. Астроўскім [8, с. 16].

Святар Аляксандр Коўш

Найбольш вядомым праваслаўным законанастаўнікам у Віленскай беларускай гімназіі з’яўляўся Сяргей Паўловіч, які выконваў абавязкі дырэктара з 1926 па 1928 гг. Знаходзячыся таксама ў складзе кіруючых органаў Таварыства беларускай школы (ТБШ) з сярэдзіны 1920-х гг. і да самага яе закрыцця ў 1936 г. [9, с. 21], С. Паўловіч быў шчырым прыхільнікам нацыянальных інтарэсаў у тагачаснай педагагічнай думцы. Паводле яго, школа павінна быць агульнадаступнай і працоўнай. Для гарманічнага развіцця дзяцей, падрыхтоўкі іх да творчай і прадукцыйнай працы ў грамадстве неабходна было пераняць, абагульніць і выкарыстаць сусветны педагагічны вопыт з апорай на нацыянальныя традыцыі.

Сяргей Паўловіч

У 1926 г. ім была падрыхтавана і надрукавана «Свяшчэнная гісторыя Старога Завету. Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій». Мэта стварэння падручніка заключалася ў спрашчэнні разумення Бібліі шырокім колам беларускага насельніцтва. У 1929 г. ім быў выдадзены падручнік «Пішы саманадзейна. Развіццё навыку самастойнага пісьма», а ў 1936 г. — «Свяшчэнная гісторыя Новага Завету. Для беларускіх школаў і самаадукацыі» [3, с. 82–83]. Відавочна, што яго педагагічная канцэпцыя выходзіла з прынцыпа не толькі звычайнага школьнага навучання, але яшчэ і самаадукацыі.

16 кастрычніка 1930 г. С. Паўловіч разам з 13 іншымі членамі ТБШ быў затрыманы польскай паліцыяй і абвінавачаны ў сувязях з камуністамі і падрыўной дзейнасці, але прыкладна праз 2 месяцы вызвалены па прычыне адсутнасці доказаў [9, с. 22–23]. Па сваіх поглядах С. Паўловіч выступаў супраць паланізацыі Заходняй Беларусі.

З 1930 г. у ВБГ працаваў на законанастаўніцкай пасадзе протаіерэй Ніл Кульчыцкі. Адначасова выкладаў у Беларускай настаўніцкай семінарыіі імя Ф. Багушэвіча з Вільні [1, с. 40–41], а з 1930 па 1936 гг. быў настаяцелем віленскага храма святых Канстанціна і Міхаіла, пасля ўзначальваў аб'яднаны прыход Аляксандра-Неўскай і Свята-Еўфрасіннеўскай царквы і быў членам Віленскай духоўнай кансісторыі [16].

Святар Ніл Кульчыцкі

У Навагрудскай беларускай гімназіі (на галоўным фота), якая дзейнічала з 1919 па 1934 гг., праваслаўны Закон Божы адразу выкладалі некалькі чалавек. Згодна з агульным спісам настаўнікаў, за 1925/1926 і 1926/1927 навучальныя гады законанастаўніцкай справай займаліся Васіль Бабкоўскі, Лаўр Кляеўскі, Мікалай Гарбацэвіч і Павел Самайловіч [22, арк. 51, 80]. Але апошні, па ўспамінах былога вучня НБГ Андрэя Чэмера (сапраўднае імя Аляксей Анішчык), «кіраваў школьным хорам і адначасна быў рэгентам саборнай царквы» [18, с. 33]. Найбольш вядомым сярод пералічаных асоб быў В. Бабкоўскі, які падчас работы ў НБГ з’яўляўся настаяцелем Навагрудскага кафедральнага сабора, у 1925 г. увайшоў у склад кліра Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Адначасова В. Бабкоўскі ўзначальваў бацькоўскі камітэт гімназіі. Ужо пасля закрыцця гімназіі, у сакавіку 1937 г., ён прыняў манаства і новае імя Венедыкт. У гэтым жа годзе быў узведзены ў сан архімандрыта і прызначаны настаяцелем Жыровіцкага манастыра, пазней стаў епіскапам Брэсцкім, далей — архіепіскапам Беластоцкім і Гродзенскім [4].

Архіепіскап Венедыкт (Бабкоўскі)

У Радашковіцкай беларускай гімназіі (РБГ) увесь час яе існавання з 1922 па 1928 гг. законанастаўніцкай праваслаўнай дзейнасцю займаўся протаіерэй Канстанцін Жалязоўскі. Акрамя гімназіі, ён выкладаў у мясцовай царкоўна-прыходскай школе і народным вучылішчы. Інфармацыі пра дзейнасць К. Жалязоўскага ў 1920–1930-я гг. не шмат, але захаваліся некаторыя звесткі на рубяжы XIX-XX стст. Вядома, што ў Радашковічах ён пачаў служыць з 1894 г. У 1906 г. кіраўніцтва епархіі выказала яму падзяку «за тактоўную і разумную дзейнасць у барацьбе з каталіцызмам» [19, с. 21–22]. У гэтай жа гімназіі таксама выкладала нямецкую і рускую мовы яго дачка Кацярына Жалязоўская [20, арк. 17].

Клецкая беларуская гімназія (КБГ) дзейнічала з 1924 па 1931 гг. і фактычна працягнула справу зачыненай у 1924 г. беларускай гімназіі ў Нясвіжы. Пасля пачатку дзейнасці КБГ праваслаўны Закон Божы пачаў выкладаць протаіерэй Рыгор Лукашэвіч. Сваю законанастаўніцкую практыку Р. Лукашэвіч пачаў яшчэ ў 1884 г., а ў 1918–1923 гг. выкладаў у мясцовай гімназіі ў Клецку. З’яўляўся актыўным прыхільнікам беларусізацыі Праваслаўнай Царквы [21, арк. 60адв–61]. 17 лістапада 1929 г. падчас чарговага абавязковага наведвання царквы 4 гімназісты адмовіліся цалаваць крыж і руку святару з-за моцнага ўплыву атэізму сярод навучэнцаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў камуністычным руху. Р. Лукашэвіч, незадаволены іх паводзінамі, запатрабаваў склікаць педагагічны савет, у выніку якога непаслухмяныя вучні былі адлічаны з гімназіі. Гэтая справа выклікала забастоўку некаторых вучняў старэйшых класаў, што выклікала адлічэнне яшчэ 22 навучэнцаў і ўзбуджэнне крымінальных спраў супраць першых чатырох за антыўрадавую дзейнасць і сувязь з камуністамі [17, с. 30]. З лістапада 1929 г. на пасадзе настаўніка праваслаўнага Закону Божага ў КБГ з’явіўся святар Юрый Прорвіч. Да пачатку выкладання ў гімназіі ён у 1918–1923 гг. працаваў у прыватнай гімназіі ў мястэчку Докшыцы, а з 1924 г. выкладаў рэлігійныя навукі ў пачатковых школах [21, арк. 69адв–70].

Такім чынам, выкладанне праваслаўнага Закону Божага ў беларускіх гімназіях міжваеннай Заходняй Беларусі спрыяла маральнаму, духоўнаму і свядомаму выхаванню навучэнцаў. Нягледзячы на палітычныя ўмовы і паланізацыю, намаганнямі прадстаўнікоў беларускага праваслаўнага духавенства, сярод якіх былі і выкладчыкі беларускіх гімназій (табл. 1), удалося забяспечыць вытрыманае развіццё праваслаўнай асветы грамадства. Выкладанне рэлігіі вялося і ў пачатковых, і ў сярэдніх беларускіх школах. Але менавіта педагагічны корпус гімназій стаў сваеасаблівай «кузняй» беларускіх нацыянальных кадраў, якія пакінулі пасля сябе вялікую спадчыну. У некаторай ступені законанастаўнікі складалі частку беларускай інтэлектуальнай эліты міжваеннага часу, таму і большасць з іх падтрымлівала ідэю беларусізацыі Праваслаўнай Царквы.

Ананька Кірыл Дзмітрыевіч, магістр, аспірант факультэта гісторыі, камунікацыі і турызма, настаўнік гісторыі ДУА «Гімназія № 7 імя В.Ц. Калакольнікава г. Гродна». Тэма кандыдацкай дысертацыі — «Беларускія гімназіі ў грамадска-палітычным і культурным жыцці Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.)». Навуковыя інтарэсы: гісторыя беларускага нацыянальнага руху ў міжваенны перыяд, гісторыя беларусаў замежжа. Аўтар больш за 40 навуковых і навукова-папулярных работ.

Літаратура

  1. Адамковіч, А. Беларусы ў Літве: учора і сёння. Кніга 1 – Вільня / А. Адамковіч. – Вільня : Таварыства беларускай культуры ў Літве, 2010. – 200 с.
  2. Астрога, Г. А. Праваслаўнае школьніцтва ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. (на прыкладзе законавучыцельскай справы) / Г. А. Астрога // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа : зборнік навуковых артыкулаў / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, УА «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я. Купалы», Інстытут гісторыі НАН Беларусі. – Гродна: ГрДУ ім. Я. Купалы, 2008. – С. 230–233.
  3. Вабішчэвіч, А. М. Беларускія гімназіі ў культурна-асветніцкім і грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі (1920 – 1930-я гг.) / А. М. Вабішчэвіч // Białoruskie Zeszyty Historyczne. – 2002. – № 18. – С.78–90.
  4. Венедикт (Бобковский) [Электронны рэсурс]. – Режим доступа: https://drevo-info.ru/articles/13673242.html. – Дата доступа: 26.05.2022.
  5. ГАГО. – Ф. 20. Воп. 1. Спр. 8.
  6. Галяк, Л. Успаміны. Кніга 1. / Л. Галяк [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: https://knihi.com/Leanid_Halak/Uspaminy.html. – Дата доступа: 26.11.2021.
  7. Горны, А. С. Беларуская праваслаўная кніжнасць у першай палове ХХ стагоддзя: здабыткі і нерэалізаваныя праекты / А. С. Горны // Наследие святых Кирилла и Мефодия в мировой духовной культуре : сборник докладов XXV Международных Кирилло-Мефодиевских чтений, Минск, 30–31 мая 2019 г. / Институт теологии БГУ ; ред.: С. И. Шатравский [и др.]. – Минск, 2020. – С. 104–107.
  8. Горны, А. С. Протаіерэй Аляксандр Коўш: вяртанне з забыцця / А. С. Горны // Гродненские епархиальные ведомости, 2011. –№ 11. – С. 13–17.
  9. Горны, А. С. Сяргей Паўловіч: пад аб'ектывам польскіх улад / А. С. Горны // Праваслаўе, 2015. – № 21. – С. 20–26.
  10. Кулажанка, Л. З вопыту асветніцкага служэння Праваслаўнай Царквы (Заходняя Беларусь 1920-30-я гг.) / Л. Кулажанка [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: https://sppsobor.by/bractva/vilna/publish/orthodox/4333/3. – Дата доступа: 25.05.2022.
  11. Лабынцев, Ю. А. Белорусско-украинско-русская православная книжность межвоенной Польши: исследования и публикации по материалам экспедиции 1996 г. / Ю. А. Лабынцев, Л. Л. Щавинская – Москва: Индрик, 1999. – 312 с.
  12. Лаўрэш, Л. Неаунія ў Дзікушскай царкве Лідзкага павету, 1925 г. / Л. Лаўрэш [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: https://carkva-gazeta.by/index.php?his=41. – Дата доступа: 27.05.2022.
  13. Летапіс віленскай беларускай гімназіі 1919-1944 [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://pawet.net/library/history/bel_history/_memoirs/203/Летапіс_віленскай_беларускай_гімназіі_1919-1944.html. – Дата доступа: 28.05.2022.
  14. Ляхоўскі, У. ПЛІС Міхаіл // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) i iнш. – Мінск: БелЭн, 1999. – Т. 5. – С. 513.
  15. НАРБ. – Ф. 883. Воп. 1. Спр. 30.
  16. Преподаватели Виленских пастырских курсов в 1943–1944 г. [Электронны рэсурс]. – Режим доступа: https://irina-litva.livejournal.com/1352984.html. – Дата доступа: 25.05.2022.
  17. Сокал, В. Клецкая гімназія / В. Сокал // Беларуская мінуўшчына. – 1994. – № 4. – С. 28–31.
  18. Чэмер, А. Наваградская беларуская гімназія / А. Чэмер. – Вільнюс: UAB "Saverenas", 1997. – 133 с.
  19. Шаплыко, Ф. Радошковичи православные / Ф. Шаплыко. – Белосток: Fundacja Ekonomistów Środowiska i Zasobów Naturalnych, 2008. – 144 с.
  20. – F. 172. Ap. 1. B. 146.
  21. – F. 172. Ap. 1. B. 5519.
  22. – F. 172. Ap. 1. B. 7635.