Служэнне Богу і людзям
У баку ад турыстычных маршрутаў знаходзіцца аграгарадок Ракавічы Шчучынскага раёна. Аднак людзі знаходзяць сюды дарогу. Пагалоска пра тое, што ў простым вясковым храме захоўваецца жамчужына праваслаўя — цудатворная ікона Божай Маці “Ракавіцкая”, ідзе і за межамі Беларусі.
Аб яўленні цудатворнага абраза сярод мясцовых жыхароў захавалася наступнае паданне.
Аднойчы мясцоваму пану па прозвішчы Макрэцкі ў сне з'явілася Найсвяцейшая Багародзіца і загадала здабыць на рацэ Яе вобраз. Назаўтра ён разам са слугой выправіўся да згаданага месца і ўбачыў абраз Прачыстай Дзевы, які плыў па рацэ супраць плыні. Памешчык прыняў ікону, а насупраць таго месца, дзе яна спынілася, на свае сродкі паставіў царкву.
Будаўніцтва гэтага храма адносяць да 1748 года, а значыць, і яўленне цудатворнага абраза можна аднесці да гэтага часу.
Знойдзеная ікона была невялікай па памеры, і яе пажадалі павялічыць. Абраз з пашанай суправадзілі ў цэнтр Літоўскай епархіі, да якой адносіліся Ракавічы, — у горад Вільню. Там з іконы была напісана копія вялікіх памераў. Яе даставілі ў Ракавічы і змясцілі ў адмысловым ківоце спачатку ў старым драўляным, а затым і ў новым каменным храме, пабудаваным у 1876 годзе на сродкі ўрада.
Пра лёс жа першапачаткова знойдзенай іконы звесткі не захаваліся.
Пасля малітваў перад напісаным абразам Прачыстай Дзевы людзі сталі атрымліваць ацаленні, абраз праславіўся як цудатворны. Сведчанні ж аб цудоўнай дапамозе Царыцы Нябеснай запісваліся ў летапіснай кнізе, якая, на жаль, у гады ліхалеццяў і бязладдзя была страчана. Магчыма, яе скралі разам са старадаўнімі абразамі ў мінулым стагоддзі.
Рэчка Святка, на якой з'явілася цудатворная ікона Прасвятой Багародзіцы, высахла, але на месцы цудоўнага з'яўлення забіла крыніца. У цяперашні час там знаходзіцца капліца і калодзеж са святой вадой.
У Ракавіцкім храме Раства Прасвятой Багародзіцы ўшаноўваюць памяць святара Іаана Аляхновіча, які загінуў у верасні 1943-га.
Аб царкоўным жыцці ў акупаванай Беларусі і патрыятычным подзвігу простых прыходскіх святароў вядома няшмат — захавалася мала фатаграфій, мала жыццяпісаў, мала сведчанняў.
Святар Іаан Аляхновіч нарадзіўся 15 студзеня 1886 года ў мястэчку Докшыцы. Па сваёй першай адукацыі працаваў на паштова-тэлеграфнай станцыі. У час Першай сусветнай вайны быў начальнікам палявога тэлеграфнага аддзялення ў расійскай арміі. У 1919 годзе прызначаны псаломшчыкам Віленскага кафедральнага сабора, быў іпадыяканам. У 1921 годзе скончыў багаслоўскія класы Віленскай духоўнай семінарыі, рукапакладзены ў сан іерэя. Служыў настаяцелем у Жыжмянскай царкве. У 1924 годзе пераведзены ў Дакудаўскую царкву. У 1930-34 гады служыў у вёсцы Сарокі Глыбоцкага раёна, працаваў у Глыбоцкай польскай гімназіі. Са студзеня 1934 года — ў мястэчку Івянец. У верасні таго ж года прызначаны настаяцелем царквы ў Турэйску на Шчучыншчыне. Адначасова служыў у царкве Раства Божай Маці ў Ракавічах.
У 1943 годзе разам з матушкай Вольгай быў па-зверску замучаны фармаваннямі Арміі Краёвай. Мясцовыя жыхары кажуць: за веру пацярпелі.
1943 год… Час быў неспакойны. Айцец Іаан быў вельмі прынцыповы і заўсёды служыў Богу і людзям. У доме святара знаходзілі прытулак усе тыя, хто пакутаваў і жыў у нястачы. Бацюшка ніколі нікому не адмаўляў, а матушка Вольга была вельмі хлебасольнай, і хоць часы былі цяжкія, яна заўсёды ўсім дапамагала.
Іаан і Вольга Аляхновічы
І ў той час людзі, якія з'яўляліся членамі Арміі Краёвай, насаджалі гвалтоўна польскую мову на акупаванай тэрыторыі, увесь час патрабавалі, каб святар служыў на польскай мове. Ён катэгарычна адмаўляўся, больш таго, царкоўныя дакументы вёў на беларускай мове.
Фрагмент кліравай ведамасці Ракавіцкай царквы, напісаны іерэем Іаанам Аляхновічам па-беларуску. 1942 г.
Яму пагражалі шмат разоў, яго прыціскалі з усіх сіл, пагражалі яго дочкам, але ён цвёрда стаяў на сваім і ні на якія саступкі не ішоў. І вось здарылася гэтая страшная дата 5 верасня 1943 года. Была ноч, і ў чарговы раз да іх пастукалі. Увайшлі людзі, пачалі нешта патрабаваць. Адным словам, яны не проста адвялі яго на гэты жудасны расстрэл. Перад гэтым жонку Іаана (матушку Вольгу) згвалтавалі ў яго на вачах, прывязаўшы да жалезнага ложка. Калі яна пачала казаць ім, што Бог вас пакарае, яны забілі яе стрэлам у рот. А айца Іаана яны вывелі на ўзлесак, дзесьці паміж Балічамі і Ракавічамі, і, па словах людзей, расстралялі. Але перш чым застрэліць, айца Іаана падверглі дзікім здзекам. Дзяцей не было з імі, яны былі дома адны. Бог яго ведае, можа, і дачок спасцігла б такая ж доля. Старэйшая дачка жыла са сваёй сям’ёй ў Астрыне, а малодшая, Аня, паехала да яе дапамагаць з дзецьмі. Калі ім паведамілі пра трагедыю, яны прыехалі ў Ракавічы, у царкву, і там стаялі дзве труны. Малодшая дачка Аня адразу страціла прытомнасць ад гора і ўсяго перажытага. Потым яна па крупінках збірала розныя звесткі, даведвалася, хто і як забіў яе бацькоў. Называла нават прозвішча. Гэты чалавек, вядома, быў не адзін. Па словах унучкі, яна сустрэла яго, калі ездзіла да сваёй сваячкі ў Польшчу. Яна казала: “Я сустрэла забойцу сваіх бацькоў”.
Сапраўды, пытанне аб веры і вернасці ўстае перад кожным праваслаўным чалавекам як пытанне жыцця і смерці.
Сёння Ракавіцкі прыход невялікі. У храме на службу, якая праводзіцца ў нядзелю, збіраецца не больш двух дзясяткаў чалавек. Шматлюдна тут падчас свята ў гонар іконы Божай Маці “Ракавіцкая”.
Людзі шукаюць і знаходзяць дарогу ў беларускую вёску-захавальніцу цудатворнага абраза. А мясцовыя жыхары лічаць няйначай як цудам, што ні падчас польскай і нямецкай акупацыі, ні ў часы багаборніцкай улады храм ні разу не закрываўся.
Найсвяцейшая Дзева не пакідала царкву ў самыя цяжкія часы.
ФЛЁРАВА Ірына Расціславаўна