У 90-х гадах ХІХ стагоддзя па ініцыятыве і распараджэнню начальніка 26-й пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнанта князя Аляксандра Пятровіча Шчарбатава на тэрыторыі лагера дывізіі ў Румлёва (у раёне сучаснага гандлёвага цэнтра «Брэст» г.Гродна) была пастаўлена царква. Яна была пабудавана з дрэва на сродкі палкоў дывізіі. Царква была асвечана ў гонар святога благавернага князя Аляксандра Неўскага. Па некаторых дадзеных была разабрана ў 1919 г. (Забытая святыня // Гродненская епархия [Электронны рэсурс]. – Режым доступа: https://orthos.org/eparkhiya/istoriya-eparkhii/zabytaya-svyatynya/. – Дата доступа: 12.04.2024).

Лагерная Аляксандра-Неўская царква 26-й пяхотнай дывізіі.
Лагерная Аляксандра-Неўская царква 26-й пяхотнай дывізіі

На сённяшні дзень вядома пяць выяў лагернай царквы 26-й пяхотнай дывізіі з прыватных калекцый Ф. Варашыльскага і М. Мешчанінава. На паштоўках, выдадзеных да Першай сусветнай вайны, паказаны царква са званніцай і інтэр’ер царквы. Тры фотаздымкі зроблены падчас акупацыі г. Гродна кайзераўскімі войскамі (1916 г.). Дзякуючы выявам, на якіх паказана царква як з фасаду, так і з боку апсіды, мы можам даволі падрабязна рэканструяваць знешні выгляд царквы і званніцы.

Від на Аляксандра-Неўскую царкву з усходу. Фота часоў нямецкай акупацыі.
Від на Аляксандра-Неўскую царкву з усходу. Фота часоў нямецкай акупацыі

Драўляная царква стаяла на невысокім мураваным фундаменце і ўяўляла сабой тэтраконх – сіметрычны ў плане роўнабаковы крыж са скошанымі вугламі памерамі каля 28 аршынаў (20х20 метраў). Вышыня храма да падкрыжовага яблыка складала 15,5 метраў.

План Аляксанра-Неўскай царквы са званіцай. Камп'ютэрная рэканструкцыя.
План Аляксанра-Неўскай царквы са званіцай. Камп'ютэрная рэканструкцыя

Крыжова-цэнтрычную форму храма фарміравалі пяцігранныя аб’ёмы каркаснай канструкцыі, якія былі абшыты вертыкальнымі дошкамі ўнахлёст. Знешнія вертыкальныя слупы ў верхняй частцы сцяны былі ўмацаваны дыяганальнымі ўкосінамі. Такая канструкцыя сустракаецца ў вайсковых пабудовах канца ХІХ – пачатку ХХ стст., у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі.

Па перыметры сцен у сярэдняй і ніжняй частцы храма былі прымацаваны гарызантальныя вузкія дошкі, таксама такія дошкі маюцца ў верхняй частцы заходніх сцен трансепта. Хутчэй за ўсё вонкавыя сцены царквы былі пафарбаваны ў светлы колер.

Царква мела ўваходы з трох бакоў, якія былі абсталяваны ганкамі з двума прыступкамі. Дзвярныя праёмы былі ўмацаваны вертыкальнымі брусамі. Двухстворчатыя прамавугольныя дзверы з філёнгамі (цэнтральная – прамавугольнай формы, верхняя і ніжняя – амаль квадратныя з круглымі элементамі пасярэдзіне), былі пафарбаваны ў цёмны колер. Над дзвярыма меліся арачныя вокны з даволі цікавым пераплётам, характэрным для рэтраспектыўна-гатычнага накірунку ў архітэктуры другой паловы ХІХ ст. Знешняя дуга ліштвы надзвернага акна была пафарбавана ў цёмны колер. На адным з фотаздымкаў царквы часоў кайзераўскай акупацыі на заходніх сценах трансепта праглядаюцца прамавугольныя дзвярныя праёмы.

Усе восем дыяганальных сцен царквы былі прарэзаны стрэльчатымі ваконнымі праёмамі, што таксама было характэрна для рэтраспектыўна-гатычнага накірунку. Вокны былі размешчаны паміж вертыкальнымі брусамі і аздоблены фігурнымі ліштвамі. Варта адзначыць, што вокны апсіды мелі розную колькасць перамычак у пераплёце (магчыма, некаторыя перамычкі былі страчаны) і розную форму ў верхняй частцы. Усе вокны, акрамя дзвюх апсідных, закрываліся драўлянымі аднастворчатымі стаўнямі стрэльчатай формы, пафарбаванымі ў цёмны колер.

Фота Аляксандра-Неўскай царквы з калекцыі Ф.Варашыльскага.
Фота Аляксандра-Неўскай царквы з калекцыі Ф. Варашыльскага

Царква была аздоблена фігурна выпіленым драўляным двух’ярусным карнізам (падзорам) у выглядзе паслядоўна размешчаных вялікіх паўдыскаў (ніжні ярус) і малых паўдыскаў (верхні ярус). У сярэдзіне вялікіх паўдыскаў меліся крыжападобныя малюнкі альбо нескразныя паглыбленні.

Царква мела пакрыты гонтам вальмавы дах.

На пяці пірамідальных васьмігранных светлавых барабанах царквы знаходзіліся цыбулепадобныя главы. Кожны барабан быў абшыты вертыкальнымі дошкамі і меў па восем стрэльчатых вокнаў. Вялікі светлавы барабан, размешчаны на сяродкрыжжы, абапіраўся на чатыры васьмігранныя драўляныя брусы.

Купалы храма былі драўлянымі. Вялікі купал меў круглую форму і быў пакрыты меднымі рамбічнымі пласцінамі. Малыя купалы мелі васьмігранную форму і былі пакрыты меддзю. Надкупальныя крыжы былі металічнымі васьміканцовымі, верагодна, літымі.

Алтарная частка храма аддзялялася аднаярусным разным іканастасам, на якім былі размешчаны іконы Збавіцеля, Багародзіцы і святога Аляксандра Неўскага. На царскай браме размяшчаліся дзве авальныя іконы архангела Гаўрыіла і Прасвятой Багародзіцы, над ёй – паўкруглая «Тайная вячэра». Па баках ад іканастаса размяшчаліся кіёты з іконамі ў абкладах (хутчэй за ўсё, гэта іконы Ісуса Хрыста і Багародзіцы). На абкладзе іконы, размешчанай справа ад увахода ў алтарную частку, меліся шматлікія срэбныя воціўныя дары, што магло сведчыць аб яе цудадзейнасці. Асабліва шануемыя іконы, сярод якіх была ікона святога благавернага князя Аляксандра Неўскага – палкавая ікона 101-га пяхотнага Пермскага палка, размяшчаліся на трох ці чатырох аналоях каля алтарнай часткі. Ля алтара былі расстаўлены венскія крэслы, якія, верагодна, былі прызначаны для вышэйшага каманднага складу дывізіі. (Забытая святыня // Гродненская епархия [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://orthos.org/eparkhiya/istoriya-eparkhii/zabytaya-svyatynya/. – Дата доступа: 12.04.2024.)

Інтэр'ер Аляксандра-Неўскай царквы.
Інтэр'ер Аляксандра-Неўскай царквы

Прыкладна ў пяці метрах на поўнач ад царквы знаходзілася шатровая двух’ярусная званніца, пабудаваная ў адной стылістыцы з царквой. Памеры званніцы – прыкладна 4х4 метры, вышыня да падкрыжовага яблыка – каля 10 метраў.

Ніжні ярус званніцы каркаснай канструкцыі, меў форму васьмерыка і быў абшыты вертыкальнымі дошкамі. Пад ніжнім ярусам гонтавага даху меўся такі самы драўляны падзор, як і ў царкве. Даволі верагодна, што званніца таксама стаяла на невысокім мураваным фундаменце.

Другі ярус званніцы каркаснай канструкцыі быў шасцігранным з вельмі вялікімі арачнымі праёмамі і простым драўляным карнізам.

Шасцігранны купал званніцы знаходзіўся на адносна тонкай шыі, быў пакрыты меддзю і трымаў металічны васьміканцовы крыж. На жаль, на паштоўках і фотаздымках немагчыма разгледзець наяўнасць на званніцы званоў.

Што тычыцца тэрыторыі вакол храма, то можна сказаць, што яна была абнесена невысокай драўлянай агароджай, абсаджана кустамі і дрэвамі (бярозы), перад царквой знаходзілася вялікая плошча. Наяўнасць плошчы перад уваходам у царкву была абумоўлена тым, што ў летнім лагеры магло знаходзіцца ад 6 да 8 тысяч вайскоўцаў, а таксама члены афіцэрскіх сем’яў (ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень чалавек), сама ж царква магла змясціць не больш за тысячу чалавек.

Аляксанра-Неўская царква. Камп'ютэрная рэканструкцыя.
Аляксандра-Неўская царква. Камп'ютэрная рэканструкцыя

Адносна іншых беларускіх праваслаўных храмаў лагерная царква 26-й пяхотнай дывізіі мела даволі незвычайны выгляд. На тэрыторыі Беларусі канца ХІХ стагоддзя ў асноўным будаваліся драўляныя цэрквы зрубнай канструкцыі. Гэтая ж царква мела ў сваёй аснове каркасную канструкцыю, якую можна сустрэць сярод вайсковых будынкаў канца ХІХ – пачатку ХХ стст. Таксама нехарактэрным для нашых земляў з’яўляецца дах лагернай царквы – нам вядома толькі некалькі прыкладаў беларускіх цэркваў з падобнай канструкцыяй даху, а пірамідальная форма барабанаў дабаўляе непаўторнасці і ўнікальнасці дадзенаму храму. Незвычайным з’яўляецца і выгляд званніцы. Нам невядома больш ніводнага прыкладу ў айчыннай архітэктуры спалучэння шасцерыка на васьмерыку.

Такім чынам, мы маем справу з нехарактэрным для беларускіх земляў праваслаўным храмам, вывучэнне гісторыі  і архітэктурных асаблівасцяў якога толькі пачынаецца.

Адасік Ксенія Аляксандраўна, гісторык, магістр (тэкст)

Адасік Ігар Вячаслававіч, інжынер (графічная рэканструкцыя, тэкст)