У Сярэднія вякі на гэтым месцы знаходзілася Свята-Ільінская царква. У 1621 годзе быў заснаваны каталіцкі жаночы кляштар бернардзінак. У маі 1854 года будынкі кляштара разам з храмам былі перададзены праваслаўнаму Барысаглебскаму мужчынскаму манастыру. Храм з’яўляўся адзіным месцам у горадзе, дзе падчас Першай сусветнай вайны адбываліся праваслаўныя набажэнствы. У 1920-я гг. у манастырскіх будынках знаходзіліся беларуская школа і дзіцячы прытулак, рэдакцыі беларускіх газет, беларуская кнігарня. У пачатку 1930-х гг., пасля ліквідацыі праваслаўнага манастыра, царква і навакольныя будынкі былі перададзены католікам. Царква была значна пашкоджана падчас баявых дзеянняў пры вызваленні Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пасля вайны была знесена, на яе месцы цяпер знаходзіцца будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра.