15 красавіка на базе Палаца творчасці дзяцей і моладзі (Друцка-Любецкіх) горада Шчучына прайшоў рэгіянальны семінар, прысвечаны захаванню гістарычнай памяці аб лёсе Радзімы.

Менавіта Шчучын стаў першым сярод раённых цэнтраў, дзе быў дадзены старт мабільнай інтэрактыўнай выставе “Сёстры Хатыні” паводле сумеснага праекта газеты “Гродзенская праўда” і пракуратуры Гродзенскай вобласці. Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў мясцовай улады, педагогаў і краязнаўцаў, журналістаў і сяброў грамадскіх арганізацый, моладзь. З благаславення благачыннага Шчучынскай царкоўнай акругі святара Аляксандра Пасцерняка мерапрыемства наведаў клірык храма святога Архангела Міхаіла горада Шчучына святар Сергій Сямашка.

Кожны з удзельнікаў падзеі, як і кожны сумленны грамадзянін краіны, упэўнены ў тым, што з кожнымі новымі расследаваннямі ўсё больш уражвае жахлівы маштаб бесчалавечных злачынстваў нямецка-фашысцкіх акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Нашы журналісты правялі агромністую работу і ў сваіх публікацыях расказалі чытачам пра вогненныя трагедыі, якія адбываліся на Гродзеншчыне ў гады ваеннага ліхалецця. Такіх газетных разваротаў у “Гродзенскай праўдзе” больш за два дзясяткі. І за кожным друкаваным радком — лёсы канкрэтных людзей, нашых з вамі землякоў, — агучыла свае думкі галоўны рэдактар абласнога выдання Лілія Навіцкая. — Мы распачалі праект “Сёстры Хатыні” як толькі Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь і пракуратуры абласцей узяліся за расследаванні фактаў знішчэння мірнага насельніцтва нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі. Вельмі ўдзячны за дапамогу пракуратуры Гродзенскай вобласці. Ужо ў маі прадстаўленыя на выставе газетныя публікацыі будуць сабраны пад вокладкай кнігі “Сёстры Хатыні”, якую выдае Гродзенскі аблвыканкам.

Як вядома, горкі лёс Хатыні падзялілі і населеныя пункты Шчучынскага раёна. Нацысты спалілі Зінякі і Агародзішча, расстралялі жыхароў вёскі Якубавічы.

Пранікнёна гучалі ў зале галасы з мінулага: маладыя людзі нібы пераўвасобіліся і ажывілі ўспаміны ды жыццёвыя гісторыі зінякоўцаў Мікалая і Міхаіла Журуноў, Сяргея Шынкевіча, якім цудам давялося выжыць, а потым са зброяй у руках адпомсціць нацыстам за сваіх блізкіх. Цікава гучаў аповед вядучай Наталлі Собаль, а выступленне народнага ансамбля духоўнай музыкі “Преображение” з песняй “Хатынь” дапоўніла эмацыйны фон мерапрыемства.

Сур’ёзная, глыбокая размова аб гістарычнай памяці, аб тым, як падзеі Вялікай Айчыннай вайны назаўжды адбіліся не толькі на лёсах ваенных пакаленняў, але і на нашых лёсах (у кожнай сям’і хтосьці з продкаў пацярпеў у час ліхалецця), мела свой працяг на дыялогавай пляцоўцы. У якасці мадэратара выступіла намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта, падкрэсліўшы актуальнасць тэмы ў рамках Года гістарычнай памяці.

З цікаўнасцю слухалі прысутныя выступленні намесніка начальніка аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці Максіма Кірылы і пракурора Шчучынскага раёна Аляксандра Дзямідава. Яны прывялі канкрэтныя факты ваенных злачынстваў, расказалі аб ходзе расследаванняў, паказалі дакументальныя здымкі і карту спаленых вёсак Беларусі. На сённяшні дзень на тэрыторыі Гродзеншчыны ўжо ўстаноўлена 312 знішчаных нацыстамі населеных пунктаў.

— Калі выйдзе ў свет кніга “Сёстры Хатыні”, створаная журналістамі “Гродзенскай праўды”, яна стане яшчэ адным летапісам, бо там абнародавана нямала фактаў, якія раней былі вядомы толькі архівістам, — лічыць Максім Георгіевіч Кірыла.

— Паважаныя сябры, любасныя ў Хрысце браты і сёстры! Працэс захавання гістарычнай памяці, на маю думку, адлюстроўвае існуючае ў грамадстве жаданне знайсці Ісціну, занйсці сутнасць свайго зямного жыцця. Гэта добры знак, — падкрэсліў, звяртаючыся да ўсіх прысутных, святар Сергій Сямашка. — На сучасным этапе развіцця нашай краіны існуюць канкрэтныя стандарты для працы сістэмы адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення. Сярод іх, безумоўна, вялікае значэнне мае тое, што выхаванне агучана як мэтанакіраваны працэс фарміравання духоўна-маральнай і эмацыйна-каштоўнаснай сферы асобы кожнага з вучняў. Але як канкрэтна гэта будзе зроблена? Якія дамінанты будуць растаўлены на кожным этапе шляха ўзрастання падлетка і фарміравання дарослага грамадзяніна? Менавіта такія пытанні павінен заўсёды трымаць ў памяці кожны, хто бярэцца за працу выхавання: і бацькі, і педагогі, і тыя, хто вельмі старанна імкнуцца рабіць прафесійную кар’еру ў грамадскім жыцці… Кожны з нас нясе вялікую адказнасць за гісторыю Бацькаўшчыны!   

Дыялог на актуальную тэму зацікаўлена працягвалі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юрый Краўчук, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Васілій Жукоўскі, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Вольга Чыжык.

— Вельмі важна, каб усё пачутае і перажытае падчас гэтага насычанага фактамі і эмоцыямі мерапрыемства ідэалагічныя работнікі данеслі ў свае працоўныя калектывы, а педагогі перадалі вучням, — падсумавала вынікі сустрэчы Алена Васільеўна Пасюта.

Падрабязней

Читайте нас в мессенджере Telegram, следите за репортажами в cоциальных сетях: Instagram, ВКонтакте, Facebook, Twitter и Threads, смотрите в YouTube