Вучні школ Шчучына працягваюць наведваць выставу рэдкіх і старажытных кніг у цэнтральнай бібліятэцы горада
18/03/2022
17 сакавіка група вучняў 5 класа СШ № 1 горада Шчучына ў суправаджэнні класнага кіраўніка Наталлі Станіславаўны Мяткоўскай наведала кніжную выставу ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Цёткі.
Падчас экскурсіі дзеці даведаліся не толькі аб гісторыі старажытнага будынка, дзе сёння размешчаны галоўны ў раёне “храм кнігі”, але і змаглі па-сапраўднаму акунуцца ў хвалі інфармацыі аб сучасным жыцці бібліятэкі, аб новых друкаваных і аблічбаваных выданнях, якімі валодае фонд “раёнкі”.
Дзякуючы руплівай працы бібліятэкара аддзела абслугоўвання Тамары Міхайлаўны Менскай і заведуючага аддзелам абслугоўвання і інфармацыі Ірыны Валер’еўны Гудач падлеткі даведаліся і аб існаванні надзвычай цікавых рэчаў — самых старажытных друкаваных кніжных выданняў шчучынскага рэгіёна. Сапраўдным адкрыццём для навучэнцаў стала знаёмства з богаслужбовым Апосталам 1836 года выдання. Не меншую цікавасць выклікалі і шамтлікія іншыя кнігі, надрукаваныя ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя.
Напярэдадні, 16 сакавіка, вучні 6 класа гімназіі горада Шчучына (класны кіраўнік Аксана Яўгеньеўна Шпіль) у суправаджэнні выкладчыка факультатыва святара Сергія Сямашкі з такой жа праграмай наведалі сцены раёнай бібліятэкі.
Нагадаем, што з благаславення благачыннага Шчучынскай царкоўнай акругі іерэя Аляксандра Пасцярняка з 1 сакавіка невялікая частка архіўнага кніжнага фонда храма святога Архангела Міхаіла часова знаходзіцца ў памяшканні актавай залы Шчучынскай раёнай бібліятэкі. Гэтая акцыя праходзіць штогод выключна ў межах святкавання Дня праваслаўнай кнігі.
Читайте нас в мессенджере Telegram, следите за репортажами в cоциальных сетях: Instagram, ВКонтакте, Facebook, Twitter и Threads, смотрите в YouTube