22 сакавіка — дзень памяці 40 мучанікаў Севастыйскіх, якія прынялі пакуты за Госпада нашага Іісуса Хрыста каля 320 года.  Менавіта ў гэты дзень 80 гадоў таму нацысцкія карнікі спалілі разам з жыхарамі вёску Хатынь Лагойскага раёна. Памяць аб гэтай жудаснай трагедыі дагэтуль застаецца незагойнай ранай у сэрцах беларусаў.

Шмат крыві ў гады ліхалецця пралілося і на шчучынскай зямлі. Сумны лёс Хатыні раздзяліла вёсачка Зінякі. У памяць аб усіх спаленых за гады вайны беларускіх вёсках на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Зінякі” прайшоў жалобны мітынг.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, актывісты грамадскіх арганізацый, мясцовыя жыхары і іншыя людзі, неабыякавыя да трагедыі беларускага народа. Як сімвал пераемнасці гістарычнай памяці на мітынгу было шмат вучняў з розных школ нашага раёна.

З блаславення благачыннага Шчучынскай царкоўнай акругі іерэя Аляксандра Пасцярняка святар Ігар Каласоўскі здзейсніў царкоўнае памінавенне спачылых. Панамарскае служэнне нёс Сяргей Васільевіч Фаміных.  

Святар заклікаў прысутных памаліцца за душы ўсіх нявінна забітых:

— Для Госпада каштоўная кожная душа і кожны чалавек. Гасподзь прыйшоў у гэты свет для таго, каб выратаваць нашы душы, яны не маюць цаны, яны бессмяротныя, і таму сёння мы ўзнясём малітвы аб душах усіх нявінна забітых і ўшануем вечную памяць аб іх.

Сапраўдны малітоўны настрой у паветры гэтага вясновага ранку стварыўся дзякуючы спевам народнага ансамбля духоўных песнапенняў “Преображение” пад кіраўніцтвам Алены Руткевіч. Спевакі выканалі творы беларускіх кампазітараў і бездакорна адспявалі ўсё паследаванне ліціі аб спачылых.

Больш па тэме

Читайте нас в мессенджере Telegram, следите за репортажами в cоциальных сетях: Instagram, ВКонтакте, Facebook, Twitter и Threads, смотрите в YouTube