30 кастрычніка Беларуская Праваслаўная Царква адзначыла дзень памяці новамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.

— У гэты дзень мы ўшаноўваем тых святароў, манахаў, простых вернікаў, хто мужна стаяў за Праўду ў цяжкія часы савецкіх рэпрэсій ў 1920-1930 гг. Каго перамалола тая бязлітасная карная сістэма, для якой немагчыма было дапусціць суіснаванне савецкага ладу жыцця і рэлігіі. У такіх умовах перад тымі, хто захоўваў вернасць Хрысту і Царкве, паўставаў сутнасны выбар: адрачэнне і жыццё — ці сведчанне веры і пакуты, і нават смерць, — распавядае клірык Свята-Уладзімірскага прыхода ў Гродна протаіерэй Андрэй Яварэц. — Напэўна, не ва ўсіх хапала веры і стойкасці зрабіць выбар на карысць адданасці Богу, але і тых, хто не адмовіўся, не сышоў са шляху Евангелля і прыняў крыж пакут, было нямала. А значыць, сапраўдная вера, якая здольная прйсці праз кроў і смерць, жыла тады і праз дзесяцігоддзі змагла стаць падмуркам для адраджэння Царквы ў новы час.

Ушаноўвалі памяць Беларускіх новамучанікаў і вызнаўцаў і ў Свята-Уладзімірскім прыходзе. У храме свяціцеля Кірыла Тураўскага Божая Літургія была здзейснена на беларускай мове, а пасля яе для вучняў нядзельнай школы і іх бацькоў протаіерэй Андрэй Яварэц правёў экскурсію па адмысловай экспазіцыі. На ёй ў храналагічнай паслядоўнасці з 1917 па 1954 гг. размешчаны звесткі аб пэўных асобах з шэрагу кананізаваных Беларускіх новамучаніакў і іх фотаздымкі.

— Экспазіцыя дазваляе непасрэдна дакрануцца да гісторыі нашай Царквы і да подзвігу веры тых людзей, якія гэту гісторыю і стварылі сваім жыццём і сваёю пакутніцкай смерцю. Аддаваць належную ім памяць і шанаванне — доўг і абавязак нас, сучасных хрысціян! — зазначае айцец Андрэй.

Читайте нас в мессенджере Telegram, следите за репортажами в cоциальных сетях: Instagram, ВКонтакте, Facebook, Twitter и Threads, смотрите в YouTube