Пасланне да Нараджэння Хрыстовага архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія
06/01/2024
Дарагія айцы, браты і сёстры!
З Нараджэннем Хрыстовым сардэчна віншую ўсіх вас!
Хрыстос нарадзіўся — Бог уцялесніўся!
Святая Царква сведчыць аб трох нараджэннях Збаўцы. Першае — гэта спрадвечнае нараджэнне Бога Сына ад Бога Айца, якое знаходзіцца па-за часам і прасторай, па-над законамі зямнога быцця. Другое — гэта нараджэнне Немаўляці Іісуса ад Дзевы Марыі, якое асвяціла гісторыю чалавецтва. Трэцяе — гэта нараджэнне Хрыста ў кожным, хто адкрыў для Бога сваю душу і стварыў Віфлеемскія яслі са свайго сэрца.
Усе мы закліканы ажыццявіць трэцяе Нараджэнне Хрыстова ў сваім жыцці і зрабіць так, каб пераможнай праўдай гучала ў нашых вуснах прарочая вестка: “З намі Бог!” Бо толькі ў Богу, Які ўпакорыў Сябе і стаў Чалавекам, — выратаванне ад пекла і смерці! Толькі з Ім мы знаходзім вышэйшую Ісціну, нятленную Прыгажосць, сапраўдную Любоў і вечнае Жыццё!
Падзеі, якія адбыліся ціхай каляднай ноччу, здзівілі нават анёлаў: на грэшную зямлю сышло само Неба! З таго часу, як у пячоры на ўскраіне Віфлеема нарадзілася Божае Дзіцятка, ніхто з нас не адзінокі. Нават калі мы аддаляемся ад Бога і забываемся пра Яго — Ён з намі, таму што Ён стаў Чалавекам не часова, а назаўжды! І нават калі рэальнасць змрочная — скрозь гэтую зімовую цемру нам свеціць Віфлеемская зорка, весніца ўсходу Сонца Праўды — увасобленага Божага Логаса!
Вялікі місіянер свяціцель Макарый (Неўскі), віншуючы сваю паству з Нараджэннем Хрыстовым, нагадваў, што ў дні народзін блізкіх мы імкнемся зрабіць для родных людзей нешта асабліва прыемнае і жаданае. А Хрысту, паводле слова падзвіжніка, прыемней за ўсё наша пакаянне ў грахах — не проста вонкавае, фармальнае, але адлюстраванае ў справах любові і міласэрнасці. “Калі ты накорміш галоднага, апранеш голага, наведаеш хворага, схадзіш да таго, хто сядзіць у вязніцы, то гэта будзе гэтак жа прыемна Госпаду, як калі б ты Яму Самому ўсё гэта зрабіў”, — кажа святы Макарый.
Мы часта перамяншаем сілу добрых спраў, іх значнасць у вачах Божых, але, як вынікае з Традыцыі Царквы, няма такога граху, які міласэрнасць не магла б ачысціць. Больш за тое: свяціцель Іаан Залатавуст сцвярджае, што дапамагчы бліжняму “нашмат важней, чым імем Іісуса ўваскрашаць мёртвых”! Творачы цуды, ты робішся даўжніком Бога, а ў справах міласэрнасці тваім Даўжніком робіцца Бог!
Кожнаму з нас Залатавуст раіць: “Калі ты будзеш літасцівы і паблажлівы, то і сам будзеш памілаваны, калі душа твая разлучыцца з целам”. Мы не заўсёды можам падтрымаць бліжняга матэрыяльна — але можам выслухаць, абняць, знайсці патрэбныя словы, удзяліць час і ўвагу, пабыць разам з чалавекам у радасці ці ў горы. Ад такіх спраў — здавалася б, маленькіх і сціплых — залежыць наш з вамі лёс у Вечнасці!
Каштоўнасць наша, як заўважае свяціцель Мікалай Сербскі, роўная колькасці людзей, якія не могуць жыць без нашага клопату. А “калі я бягу ад трывог, […] каб знаходзіцца ў расслабленні, значыць, я абыякавы! […] У чалавеку духоўным няма месца такой свецкай ціхамірнасці. Яго душа — адкрытая рана. Яна баліць за людзей […]. І за гэтую скруху Гасподзь […] зводзіць з Нябёсаў у яго душу благаславенні, і ён радуецца ад Божай любові”. Так прапаведуе прападобны Паісій Святагорац.
Сёння вакол ясляў Богадзіцяці сабраліся вешчуны — прадстаўнікі эліты свайго часу — і простыя пастухі. Перад абліччам Сына Божага, Які прыйшоў не судзіць свет, а спасці свет (Ін. 12:47), яны стаяць на роўных. У Бога няма прывілеяў: Ён кожнага заклікае да спасення. Толькі б не згасала ў нас рашучасць ісці за Віфлеемскай зоркай, трымацца Евангелля, прадстаяць Госпаду ў шчырай гарачай малітве!
Дарам атрымалі, дарам давайце (Мт. 10:8), — загадвае Збаўца. Гасподзь шчодра даруе нам светлую радасць Нараджэння Хрыстовага. Ад усёй душы падзелімся ёю з тымі, хто побач, — і няхай адбудзецца ў нашых сэрцах Таямніца Богаўцялеснення!
З любоўю ў Хрысце Народжаным
+ Антоній,
архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі
Нараджэнне Хрыстова 2024 г.,
горад Гродна
Читайте нас в мессенджере Telegram, следите за репортажами в cоциальных сетях: Instagram, ВКонтакте, Facebook, Twitter и Threads, смотрите в YouTube