21 кастрычніка ў Ёлкаўскай сярэдняй школе адбылася прэзентацыя кнігі “Сынковічы. Вернасць і вера”, складальнікам якой з’яўляецца Святлана Іванаўна Літвінчык, мясцовая паэтка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

На прэзентацыю запрасілі частага госця школы, настаяцеля Сынковіцкага храма — протаіерэя Арсенія Ананка, бо, як сцвярджае Святлана Іванаўна, ідэя стварэння кнігі належыць менавіта яму.

Нягледзячы на тое, што пра Сынковіцкі храм ужо напісана многа кніг, існуе шмат публікацый і навуковых прац, выдадзены зборнік з’яўляецца ўнікальным. У ім сабраны ўспаміны тых людзей, жыццё якіх непасрэдна звязана з Сынковічамі; якія памятаюць царкву ў розныя часы, пры рознай уладзе, якія тут жылі, верылі, жывуць і вераць.

Вучні з вялікай увагай і захапленнем слухалі выступленні бацюшкі і сваёй настаўніцы, якія дзяліліся гісторыяй стварэння кнігі, самымі цікавымі ўспамінамі мясцовых жыхароў, расказвалі пра пачатак адраджэння святыні пасля доўгага забыцця (з 1959 па 1990 год храм быў закрыты). Пра гэта  напісана ў першым і другім раздзелах кнігі: “Бог ім суддзя” і “Пачатак” .

Пра сучаснае жыццё святыні можна прачытаць ў раздзеле “І ў нас будуць званы званіць”. Падзячныя водгукі людзей, якіх выратавала цудадзейная ікона “Усецарыца”, а таксама гісторыю яе з’яўлення ў храме змяшчае чацвёрты, апошні раздзел кнігі. Ён так і называецца — “О Усецарыца Прасвятая”. У кнігу таксама ўвайшлі вершы Святланы Іванаўны і іншых зэльвенскіх паэтаў пра моц веры і Сынковіцкі храм.

Потым дзеці змаглі атрымаць адказы на пытаннні, якія іх цікавілі. Яны даведаліся, што выхад кнігі быў прымеркаваны да духоўнага фестываля “СынкаВеча”, які быў прысвечаны 720-годдзю заснавання Сынковіцкай крэпасці і 615-годдзю асвячэння яе ў праваслаўны храм; што ў час напісання кнігі адкрыліся новыя таямніцы святыні, што на напісанне зборніка спатрэбіўся цэлы год і яго наклад склаў 1000 асобнікаў.

— Мы ўсе вельмі ўдзячны айцу Арсенію і Святлане Іванаўне за такую ўнікальную, патрэбную кнігу, бо праз цікавыя, змястоўныя і незабыўныя ўспаміны жывых людзей яны змаглі аднавіць далёкую гісторыю старажытнага Сынковіцкага храма. І не толькі аднавіць мінулае, але і расказаць пра сённяшні дзень царквы. Тое, што адбываецца ў храме  ў наш час, таксама абавязкова ўвекавечыцца, — кажа настаўніца Святлана Карней. — Спадзяемся, што кніга “Сынковічы. Вернасць і вера” не толькі ўскалыхне гісторыю і сучаснасць, але і стане добрай падставай для разважанняў аб будучым, аб адносінах да жыцця, аб вернасці сваёй зямлі і яе гістарычнай спадчыне.

Читайте нас в мессенджере Telegram, следите за репортажами в cоциальных сетях: Instagram, ВКонтакте, Facebook, Twitter и Threads, смотрите в YouTube