Рэстаўрацыя царквы ў Мураванцы патрабуе дадатковых грашовых сродкаў
26/01/2023
Прамежкавыя вынікі рэстаўрацыі царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы ўжо можна ацаніць. Знешні выгляд храма значна палепшыўся. Вельмі важна, што былі адноўлены або заменены праблемныя элементы, якія ўплываюць на трываласць і даўгавечнасць будынка.
Аб’ёмы работ першай будаўнічай чаргі, па сутнасці, выкананы. Звонку засталося толькі завяршыць працу над алтарным фасадам і цэнтральным уваходам. Плануецца, што вакол храма будзе рабіцца новая адмостка, таксама прывядуць да ладу крыжы на даху.
Асноўныя працы другой будаўнічай чаргі будуць накіраваны на абнаўленне ўнутранага выгляду храма. Справа ў тым, што ў інтэр’еры будынка сёння шмат элементаў з сучасных матэрыялаў, якія з’явіліся тут пасля мінулых рэстаўрацыйных работ. Таму сучасную тынкоўку заменяць на аўтэнтычную, з вапны. Мяркуецца, што такія захады павінны вярнуць першапачатковы выгляд калонам і сценам храма.
Будуць ліквідаваны шчыліны ў мурах, таксама плануецца абследаванне, дэмантаж і замена пашкоджанай тынкоўкі. Будзе праводзіцца перафарбоўка і аднаўленне некаторых унутраных элементаў. У выніку інтэр’ер храма павінен набыць стылістычна адзіны аўтэнтычны выгляд.
Аб прамежкавых выніках рэстаўрацыі нам расказаў дырэктар ДП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Шчучынскага раёна” Аляксандр Малышка:
— На сёння зроблены дах царквы: былі адрамантаваны праблемныя ўчасткі, а таксама прымыканні да вежаў. Цалкам замянілі вадасцёкавую сістэму. Праблемныя цагліны, якія не маглі ўжо эфектыўна выконваць нясучыя функцыі, заменены элементамі з аўтэнтычных матэрыялаў. Адноўлена ўся знешняя тынкоўка. Сцены апрацавалі спецыяльнымі растворамі, якія павялічваюць трываласць цэглы і ахоўваюць яе ад цвілі і лішайнікаў. Засталося толькі давесці да ладу задні фасад. Таксама некаторыя знешнія элементы будуць афарбаваны, калі надыдзе спрыяльнае для гэтай працэдуры надвор’е.
Для таго каб працягнуць у 2023 годзе рамонтна-аднаўленчыя работы на царкве Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, патрэбна дадатковае фінансаванне ў 970 тысяч рублёў.
— Мы ўжо адправілі пакет дакументаў з абгрунтаваннем і разлікамі ў фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, — дзеліцца намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна. — Хутчэй за ўсё, вынікі прыняцця рашэння аб фінансаванні будуць вядомы не раней за сакавік. Спадзяваемся, што грошы выдзеляць, бо царква ў Мураванцы — гэта аб’ект вялікай значнасці не толькі для нашага раёна, але і для ўсёй краіны.
Таксама сваімі думкамі наконт рэстаўрацыі храма падзяліўся благачынны Шчучынскай царкоўнай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк:
— Прыхаджане і святары не толькі Шчучынскага раёна, але і ўсёй Гродзенскай епархіі шчыра ўдзячныя фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва за тое, што аказалі вялікую дапамогу ў аднаўленні знешняга выгляду царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. І просім, каб дапамаглі ў рэстаўрацыі інтэр’ера гэтага цудоўнага старажытнага храма. На жаль, сіламі прыхода і раёна зрабіць гэта немагчыма. У наступным годзе царкве ў Мураванцы споўніцца 500 гадоў, было б добра адзначыць гэтую падзею ў цалкам абноўленым храме. Упэўнены, што пакуль царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы будзе стаяць, да таго часу малітвы будуць узносіцца ў ёй за ўсіх ахвяравальнікаў і ўсіх тых, хто дапамог яе адрэстаўраваць.
Читайте нас в мессенджере Telegram, следите за репортажами в cоциальных сетях: Instagram, ВКонтакте, Facebook, Twitter и Threads, смотрите в YouTube