Апладысментамі стоячы гарадзенцы віталі “Анёлкаў”
05/05/2023
У Нядзелю святых жанчын-міраносіц у гродзенскім храме свяціцеля Мікалая Цудатворцы адбыўся традыцыйны дабрачынны велікодны канцэрт хора “Анёлкі” пад кіраўніцтвам Альжбеты Пергуновай.
Глядачамі канцэрта былі прыхаджане і госці храма.
Пачаўся канцэрт з уступнага слова настаяцеля храма іерэя Яўгенія Коваля, якога прадставіў вядоўца Аляксандр Цыдзік. Айцец Яўгеній распавёў пра знаёмства з хорам, пра людзей, якія аддана служаць Святой Царкве, а таксама заклікаў усіх рабіць добрыя справы.
Далей у выкананні “Анёлкаў” прагучалі велікодныя спевы: святочны канцэрт Д. Сарці, ірмос велікоднага канона А. Ведаля і інш. Таксама гучалі велікодныя канты на беларускай і рускай мовах.
Прыемна здзівіў калектыў песнапеннем, прысвечаным Жыровіцкаму абразу Божай Маці, а таксама беларускімі народнымі песнямі “Туман ярам” і “Ой, сівы конь бяжыць”. Спевакі выканалі і іншыя народныя песні.
Хор завяршыў канцэрт творам свяціцеля Мікалая Сербскага “Людзі, лікуйце”, упрыгожыўшы спеў акампанементам на укулеле.
Зала была вельмі ўзрушана і апладавала калектыву стоячы.
Арганізатары падзякавалі публіцы за такі сардэчны прыём.
Сабраныя сродкі будуць накіраваныя на дапамогу дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і інваліднасцю — выхаванцам ДУА “Дапаможная школа №1 г. Гродна”.
Читайте нас в мессенджере Telegram, следите за репортажами в cоциальных сетях: Instagram, ВКонтакте, Facebook, Twitter и Threads, смотрите в YouTube