Пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры!

Сардэчна віншую ўсіх вас з Ражджаством Хрыстовым!

Вялікі мір і глыбокая цішыня сышлі ў гэтую ноч на зямлю больш як дзве тысячы гадоў таму. Слава ў Вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля! — спявала Нябеснае воінства, славячы Ражджаство Хрыстова (Лк. 2: 13–14). «Ноч ціха над Палесцінай…», — пяецца ў адной з нашых старажытных калядных песень.

Не ў ветры Гасподзь, <…> не ў землятрусе Гасподзь, <…> не ў агні Гасподзь; пасля агню веянне ціхага ветру, і там Гасподзь (3 Цар. 19: 11–12), сказаў некалі Бог старазапаветнаму прароку Іллі. Гэтак жа сама, не ў громе, а ў цішыні, не ў пышным палацы, а ў яслях для хатняй жывёлы, не ў ганарлівым узнясенні, а ў найглыбейшай пакоры, нарадзіўся Гасподзь наш Іісус Хрыстос, адбылася гэтая збавіцельная для чалавецтва падзея, якая абвясціла людзям не страх, а радасць вялікую (Лк. 2: 10).

Ні адзін мудрэц не здольны ў поўнай меры пранікнуць у гэтую Божую таямніцу — таямніцу Богаўцялеснення. Паводле слоў свяціцеля Іаана Златавуста, «будучы Богам, Хрыстос зрабіўся чалавекам, не перастаючы быць Богам; <…> не даследуй, як гэта магчыма; дзе хоча Бог, там перамагаецца парадак прыроды…».

Людзі сваімі грахамі выціснулі Бога са свету і са сваёй душы, але Бог праз Сваё ўцялесненне вяртаецца ў свет. І галоўнай прычынай гэтага было Яго чалавекалюбства, адзначае свяціцель Грыгорый Ніскі.

Ёсць у Ражджаства Хрыстовага не толькі сусветнае, але і вельмі асабістае вымярэнне. Віфлеемскія пастухі сустрэлі Народжанага Бога ў вярцепе, а мы сустракаем Яго ў цёмных пячорах сваіх сэрцаў, якія азарае Божае святло. І каб гэтая сустрэча здарылася, нам таксама патрэбна цішыня — унутраная, сардэчная цішыня сярод бурлівага жыццёвага мора. Гэта — неабходная ўмова злучэння чалавека з Богам. Невыпадкова ў адным з канонаў, якія чытаюцца перад Святым Прычашчэннем, мы звяртаемся да Прасвятой Багародзіцы: «Малю Цябе, Дзева: душэўную збянтэжанасць і буру смутку майго разгані, бо Ты, Боганявеста, крыніцу спакою — Хрыста нарадзіла, адзіная Прачыстая…».

Як жа дасягнуць гэтай унутранай цішыні? Неабходна (паводле выразу свяціцеля Інакенція Херсонскага) сысці «у глыбіню веры і спадзявання, у глыбіню Промысла і любві Божай, дзе канчаецца няшчасная залежнасць чалавека ад знешніх перамен і ператварэнняў…».

Нарадзіўшыся ў цішыні нашых сэрцаў, ачышчаных пакаяннем, Гасподзь заклікае нас да спраў міласэрнасці і дапамогі бліжнім: Бо мы — стварэнне Яго, мы створаны ў Хрысце Іісусе на добрыя справы, якія прадвызначыў нам Бог выконваць (Эф. 2: 10).

У гэтую ціхую ноч бедныя пастухі змаглі прапанаваць Прасвятой Багародзіцы і Яе Нованароджанаму Божаму Сыну прытулак толькі ў авечых яслях, але ад гэтага іх добрая справа не стала менш каштоўнай. І за тое, што яны адчынілі свае дзверы Богу і бліжняму, гэтыя пастухі здабылі найвялікшую ласку Боскую: Слава Гасподняя азарыла іх (Лк. 2: 9), сведчыць Евангелле.

«Усялякая душа, якая не ведае клопату ні аб кім, апроч самой сябе, альбо ўжо загінула, альбо знаходзіцца на грані гібелі, — кажа свяціцель Мікалай Сербскі. — Там, дзе яшчэ не позна, трэба ратаваць сваю душу клопатам аб бліжнім».

Будзем жа і мы, ідучы ўслед за пуцяводнай зоркай Евангелля, дзейна клапаціцца аб тых, хто побач з намі. Не толькі матэрыяльная дапамога, але нават адно добрае слова бліжняму можа стаць той малой лептай, якая будзе каштоўнай у вачах Божых.

З любоўю ў Хрысце Народжаным

+ Антоній,

архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі

Ражджаство Хрыстова 2026 г.,

горад Гродна

Читайте нас в мессенджере Telegram, следите за репортажами в cоциальных сетях: Instagram, ВКонтакте, Facebook, Twitter и Threads, смотрите в YouTube