Пасхальнае пасланне архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія
04/05/2024
Дарагія айцы, браты і сёстры!
Усіх вас сардэчна віншую з найвялікшым святам — Пасхай Гасподняй!
Хрыстос уваскрэс!
Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!
Як сцвярджаецца ў адным з апостальскіх пасланняў, Іісус Хрыстос учора, і сёння, і навекі — той самы (Яўр. 13:8). А значыць, Евангельскі аповед аб Уваскрасенні Збаўцы можа расказаць нам нешта вельмі важнае пра нас саміх.
Евангеліст Іаан Багаслоў кажа аб трох сведках Уваскрасення Хрыстовага, якія на трэці дзень пасля пакарання смерцю Настаўніка накіраваліся да магілы, каб убачыць: яна пустая. Гэта Марыя Магдаліна, Сіман Пётр і другі вучань, якога любіў Іісус (Ін. 20:2) — пад гэтымі словамі маецца на ўвазе сам Іаан. Ім першым даруецца ні з чым у гэтым свеце не параўнальная пасхальная радасць, яны першыя становяцца дабравеснікамі галоўнай падзеі гісторыі чалавецтва — перамогі над пеклам і смерцю, якую атрымаў Богачалавек.
І Марыя Магдаліна, і юны апостал Іаан выявілі неверагодную вернасць Госпаду Іісусу Хрысту — вернасць да канца, вернасць такой крышталёвай чысціні і такой сілы, што яе не змог пахіснуць ніякі страх. Мы памятаем, што Іаан стаяў ля Крыжа на Галгофе і быў відавочцам перадсмяротных пакут Хрыста, Які даручыў яму клопат аб Сваёй Найблагаславёнай Маці. А Марыя Магдаліна разам з іншымі вучаніцамі Збаўцы прыходзіць рана на світанні аддаць апошнюю пашану Распятаму, не думаючы ні пра варту, ні пра цяжкі камень ля ўваходу ў пячору, ні пра іншыя перашкоды і небяспечнасці.
Але мы памятаем таксама, што апостал Пётр у самы адказны момант выявіў маладушнасць і адрокся ад Хрыста — і не адзін раз, а тройчы! Пётр кляўся, што душу сваю пакладзе за Госпада, ён быў гатовы не толькі сам пайсці на смерць, але і абараняць Настаўніка са зброяй у руках. Насамрэч жа аказалася, што пытання служанкі дастаткова, каб Пётр спалохаўся, зламаўся, схлусіў. І, пакідаючы двор першасвятара, Пётр будзе горка плакаць: бо толькі што ён даведаўся жахлівую праўду пра сябе, пра сваю слабасць, і без болю гэтую праўду панесці нельга.
Радасць Пасхі кранае не толькі самыя верныя, смелыя і стойкія сэрцы. Яна асвятляе і сэрца грэшніка, які спатыкнуўся, упаў і плача аб сваім падзенні — але любіць Хрыста і, нягледзячы ні на што, бяжыць насустрач Таму, Хто перамог пекла.
Нездарма старажытнае паданне гаворыць пра манаха, які адчуваў сябе паўшым, але пачуў ад свайго настаўніка бодры заклік: «Устань». Праз некаторы час манах зноў дапусціў падзенне, і настаўнік сказаў яму: «Ізноў устань», а на пытанне «Дакуль жа мне ўставаць і падаць?» адказаў: «Да спачыну твайго». Гасподзь ведае пра нас усё, Яго любоў доўгацярплівая (1 Кар. 13:4), Ён гатовы дараваць нам грахі да сямідзесяці разоў па сем (Мф. 18:22). Але наша жаданне ўстаць, пераадолець грэх і рухацца да Бога павінна быць шчырым, таму што падмануць Бога нельга. Сэрца кожнага з нас — у Госпада на далоні, Ён бачыць нас сапраўднымі, такімі, якія мы ёсць.
Вось чаму свяціцель Іаан Залатавуст у сваім «Слове аглашальным на Пасху» абвяшчае: «Шчодры Уладар прымае і апошняга, як першага; супакойвае таго, хто прыйшоў ў адзінаццатую гадзіну гэтак жа, як і таго, хто працаваў з першай гадзіны <…>. Дык вось, усе ўвайдзіце ў радасць Госпада нашага». Радасці здольны перашкодзіць адзін толькі адчай. Іуда, страціўшы надзею, спыніў сваё жыццё, а Пётр змог не адчаяцца — і яго адважная надзея на Госпада ўвянчалася нябеснай узнагародай.
Пасхальная радасць — гэта бескарыслівы дар Божы кожнаму з нас. Падзелімся ёю з нашымі роднымі і блізкімі, сябрамі і супрацоўнікамі, з тымі, каму патрэбная падтрымка словам і справай!
«Бачыўшы Уваскрасенне Хрыстова, паклонімся Яму і ўсклікнем: “Ты Бог наш, і акрамя Цябе іншага не ведаем. Чалавеча, бачны вачыма, і Божа, бачны розумам! Уся зямля хай паклоніцца і хай спявае Табе!”» Так пранікнёна славіць Пасху Хрыстову заступнік Гродзеншчыны і ўсёй Беларусі — свяціцель Кірыл Тураўскі.
Уся зямля наша хай спявае Табе, Госпадзі Жыццядаўца!
Хрыстос уваскрэс!
Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!
З любоўю аб Уваскрэслым Збаўцы
+ Антоній,
архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі
Пасха Хрыстова 2024 г.,
горад Гродна
Читайте нас в мессенджере Telegram, следите за репортажами в cоциальных сетях: Instagram, ВКонтакте, Facebook, Twitter и Threads, смотрите в YouTube