27 лютага іерэй Аляксандр Лябедзіч, настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Першамайская Шчучынскага раёна, наведаў жалобны мітынг-рэквіем.

Спаленай фашыстамі вёскі, як і соцень іншых паселішчаў нашай шматпакутлівай Бацькаўшчыны, больш не існуе на карце краіны. Але кожны сумленны грамадзянін на шчучынскай зямлі ведае пра той жудасны час. Падчас Вялікай Айчыннай вайны нацысты спалілі вёску Агародзішча і забілі 147 мірных жыхароў.

Дзень 26 лютага 1943 года быў сапраўды лютым. Раніцай каля 500 нацысцкіх карнікаў акружылі лясную вёсачку, прыкладамі і штыкамі загналі ўсіх у дом Мацвея Саковіча. Мужчын вывелі капаць вялікую яму, да якой па 10 чалавек прыводзілі вяскоўцаў і бязлітасна расстрэльвалі з аўтаматаў. Кулі даганялі і тых, хто спрабаваў уцячы. Для вернасці ў яму кінулі некалькі гранат. Пасля расправы няхітры пажытак сялян пагрузілі на вазы, а вёску спалілі. Сёння тут абеліск з чырвонай зоркай ды магілы з крыжамі.

Колькі б не мінула год з моманта той жудаснай падзеі, але памяць аб ахвярах вайны заўсёды будзе незагойнай ранай у душы народа.

Марозным ранкам лютага 2023 года на месцы трагедыі вучні Першамайскай школы трымалі ў руках запаленыя лампадкі і пунсовыя гваздзікі. Прадстаўнікі ўлады раёна і грамадскіх аб’яднанняў выступілі з прамовамі. Вайскоўцы і выхаванцы праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына” неслі ў знак вялікай падзякі сваю службу. 

Айцец Аляксандр заклікаў усіх прысутных ад усяе душы ўзнесці малітву да Творцы Неба і Зямлі аб супакаенні душ загінуўшых землякоў і асвяціў месца апошняга спачыну гаротнікаў.

— Боль Хатыні блізкі і зразумелы для жыхароў Шчучыншчыны. Два населеныя пункты нашага раёна — Зінякі і Агародзішча сталі сёстрамі Хатыні і соцень іншых спаленых фашыстамі вёсак, — адзначыла ў сваёй прамове старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк і адзначыла, што нядаўна на тэрыторыі Шчучынскага раёна ўстаноўлена яшчэ адна вёска, спаленая нямецка-фашысцкімі захопнікамі падчас ваенна-паветранай аперацыі — вёска Сарокі Орлеўскага сельсавета. Усяго падчас вайны ў Беларусі было спалена больш за 10500 населеных пунктаў.

Сапраўдным гімнам жыццю прагучала  выступленне чалавека, якому было нягледзячы ні на што наканавана з’явіцца на свет. Васілій Сяргейчык разам з дачкой Таццянай прыехалі на мітынг з Парэчча. Як аказалася, у лютым 1943 года цяжарная Серафіма Сяргейчык, рыхтуючыся да народзінаў, знаходзілася ў бацькоў у іншай вёсцы і толькі таму засталася ў жывых. А літаральна праз тыдзень пасля трагедыі ў Агародзішчы падарыла жыццё сыночку Васілёчку.

Чытатць больш аб падзеі і глядзець фота тут

Читайте нас в мессенджере Telegram, следите за репортажами в cоциальных сетях: Instagram, ВКонтакте, Facebook, Twitter и Threads, смотрите в YouTube