Протаіерэй Аляксандр Коўш (1884–1943): старонкі жыцця і дзейнасці           

            У міжваеннай Заходняй Беларусі імя святара Аляксандра Каўша было вядома бадай кожнаму праваслаўнаму беларусу. Але сёння яно рэдка сустракаецца нават у гістарычных творах і даследаваннях. Забіты ў часы Другой сусветнай вайны, святар не пакінуў нам мемуараў ды шматтомных разважанняў, але пакінуў напамін, што лёс беларускага пастыра ў ХХ стагоддзі – гэта лёс пакутаў і ахвяраў.  І вось прыйшоў час у поўнай меры прасачыць гэты лёс і прыадчыніць яшчэ адну старонку гісторыі Праваслаўнай Царквы на Беларусі ў навейшы час.

Будучы святар нарадзіўся 2 жніўня 1884 г. у вёсцы Рыдзялі Верцілішскай воласці Гродзенскага павета ў праваслаўнай сялянскай сям’і. Усяго сям’я Коўш мела дзесяць дзяцей, але многія з іх памерлі яшчэ ў дзяцінстве. Гэты лёс мог напаткаць і маленькага Аляксандра – маці ўжо рыхтавалася яго пахаваць – але смерць на гэты раз абмінула іх дом [1, с. 5]. 

Пасля заканчэння мясцовай школы, настаўнікі накіравалі Аляксандра, як даволі здольнага і добрасумленнага юнака, на навучанне ў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Скончыўшы семінарыю ў 1904 г., ён, кажучы сучаснай мовай, быў “размеркаваны” настаўнікам у мястэчка Дамачава Брэсцкага павета (некаторыя біёграфы Каўша сцвярджаюць, што ён працаваў настаўнікам на Століншчыне, што падаецца нам памылковым) [2, с. 32]. Адпрацаваўшы абавязковыя чатыры гады ў мясцовым народным вучылішчы, ён вырашыў пакінуць гэтыя мясціны і пераехаць у Люблін. Магчыма на такое рашэнне маглі паўплываць цяжкія матэрыяльныя ўмовы, якія адчуваў малады настаўнік у пачатку сваёй кар’еры. У Любліне Аляксандр скончыў бухгалтарскія курсы і ўладкаваўся ў аддзяленні Рускага дзяржаўнага банку на пасаду канцылярскага чыноўніка (праз тры гады ён ужо стаў рахунковым чыноўнікам другога разраду) [3, с. 79]. Напачатку Першай сусветнай вайны банкаўскае аддзяленне разам з усімі супрацоўнікамі было эвакуіравана ўглыб Расіі. Аляксандр Коўш першапачаткова жыў у Маскве, потым у Разані, Славянску, Майкопе. Пасля цяжкага бежанскага жыцця і ўсіх рэвалюцыйных ліхалеццяў, ён вырашае вярнуцца дамоў, на Гродзеншчыну, якая ў гэтыя часы ўжо стала, паводле Рыжскага мірнага дагавора, часткай тэрыторыі польскай дзяржавы.

Рашэнне прыняць духоўны сан і звязаць сваё жыццё з Богам, А. Коўш магчыма прыняў падчас знаходжання ў эвакуацыі. Маральная дэградацыя і духоўны секулярызм, якія панавалі ў расійскім грамадстве часоў рэвалюцыі, прымушалі многіх бачыць у Царкве і хрысціянстве апошні паратунак. Асабліва гэта датычылася інтэлігенцыі, прадстаўнікі якой прымалі святарскі сан, каб канчаткова парваць з былымі ідэямі і перакананнямі. Так, напрыклад, у 1918 г. святаром стаў вядомы расійскі філосаф і эканаміст Сяргей Булгакаў. Такі ж самы лёс абраў для сябе і Аляксандр Коўш. У 1921 г. епіскапам гродзенскім Уладзімірам (Ціханіцкім) ён быў рукапаложаны ў сан іерэя.

У міжваеннай Польшчы праваслаўнае духавенства ў 1920-я гг. знаходзілася ў дастаткова цяжкіх умовах працы. Ужо той факт, што праваслаўным святарам было складана атрымаць польскае грамадзянства, адлюстроўвае іх няроўнае становішча адносна прадстаўнікоў іншых канфесій. Не маючы пашпарту, многія святары дэпартаваліся польскімі уладамі ў СССР, дзе яны пасля сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Вядомы беларускі палітык В. Рагуля ў сваіх успамінах прыгадваў, што “…праваслаўнае святарства было пад падазрэннем і наглядам паліцыі” [4, с. 11]. Духавества усё часцей пачало далучацца да нацыянальнага руху украінцаў і беларусаў, каб хоць нейкім чынам абараніць свае правы і правы сваіх прыхаджанаў.

Ва ўмовах глыбокага крызісу Праваслаўнай царквы ў Польшчы, частка свяшчэннікаў, грунтуючыся на прынцыпе саборнасці, вырашыла наблізіць царкву да патрэбаў і жаданняў простага народа. У іх кагорце быў і святар Аляксандр Коўш. Яго першым месцам службы быў прыход у в. Дзецяловічы ў Ваўкавыскім павеце, куды ён быў прызначаны 27 снежня 1921 г. [5, арк. 610].  Тут ён упершыню сутыкнуўся з усімі цяжкасцямі праваслаўных беларусаў. Таму ў сваіх казаннях святар заклікаў сялянаў змагацца за свае правы, не забываць родную мову, адчыняць беларускія школы і супрацьстаяць пранікненням паланізацыі. Святар у гэты час таксама пазнаёміўся з некаторымі дзеячамі беларускага руху. У госці да яго прыязджалі беларускія дэпутаты польскага парламента П. Мятла і П. Валошын, а вядомы беларускі сенатар і абаронца Праваслаўнай царквы В. Багдановіч чытаў у мясцовай царкве “Апостала” па-беларуску [1, с. 6]. Знаёмства з беларускімі палітыкамі прадвызначыла далейшы лёс святара. Калі ў 1925 г. у Вільне пачаў стварацца Беларускі Кааператыўны банк, айцу Аляксандру, як спецыялісту ў банкаўскай сферы, была прапанавана пасада бухгалтара. Беларускі рух меў тады даволі абмежаваную колькасць вопытных фінансавых работнікаў, і таму Коўш прыняў гэтую прапанову, нягледзячы на свой духоўны статус. Але пры гэтым ён не пакідаў царкоўнага служэння: яму быў перададзены занядбаны прыход у віленскім прадмесці Сніпішкі, дзе ён за некалькі месяцаў аднавіў і адрэмантаваў прыхадскі храм, які падчас Першай сусветнай вайны быў ператвораны ў электрычную станцыю. Акрамя гэтага айцец Аляксандр з 1926 г. пачаў выкладаць Закон Божы для навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі [5, арк. 630].

Праца ў Беларускім Кааператыўным банку вымагала збліжэння з дзеячамі Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Менавіта праз гэты банк БСРГ атрымлівала грашовыя сродкі для сваёй дзейнасці з СССР. Некаторыя лідары гэтай беларускай партыі былі ў адзін час і сябрамі камуністычных арганізацый, напрыклад Б. Тарашкевіч, П. Валошын, Р. Астроўскі і інш. Зараз цяжка сказаць, якую ролю ў БСРГ адыгрываў святар Аляксандр Коўш, дый увогуле ці быў ён сябрам гэтай партыі. Службоўца ІІ аддзелу Генеральнага  штабу польскага войска ў “Кароткім нарысе беларускага пытання” выказваў даволі супярэчлівыя думкі наконт гэтага: “Што датычыць рэлігійных справаў, то… Грамада імкнулася выкарыстаць Царкву ў сваіх мэтах. Прыхільнікі царквы выказваліся супраць аўтакефаліі праваслаўя ў Польшчы і імкнуліся да стварэння г. зв. Жывой царквы, інструменту бальшавікоў. У гэтай справе адкрыта дзейнічаў сенатар Аляксандр Уласаў, а патаемна – поп Аляксандр Коўш, камуніст. Ён быў адначасова адным з дырэктараў (дырэктарам банка быў Р. Астроўскі – А.Г.) і скарбнікам Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні, дзякуючы чаму меў вырашальны ўплыў на падзел крэдытаў для асобных беларускіх арганізацый. Коўш меў вельмі шырокія кантакты з праваслаўным святарствам на правінцыі і, такім чынам, быў значнай для БСРГ асобай” [6, с. 256].

Аднак польскія спецслужбы валодалі нязначнай і спрэчнай інфармацыяй на гэты конт і таму трохі падмалявала асобу А. Каўша, зрабіўшы з яго камуніста ды абнаўленца. Наўрад ці праваслаўны святар быў актывістам кампартыі. Забягаючы наперад, зазначым, што ў 1939 г., пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, савецкія ўлады арыштоўвалі многіх былых дзеячаў КПЗБ і КПП як шпіёнаў, але Аляксандр Коўш застаўся на свабодзе. А вось яго сувязі з сенатарам Уласавым хутчэй за ўсё мелі месца ў рэальнасці. Апошні ў сярэдзіне 1920-х гг. наладзіў трывалыя кантакты з метадысцкай царквой, якая прафінансавала некаторыя праекты беларускага руху, у тым ліку і БСРГ. Верагодна пры пасярэдніцтве Уласава, Коўш пазнаёміўся з некаторымі метадыстамі і згадзіўся прыняць удзел, разам з А. Луцкевічам, у перакладзе Бібліі на беларускую мову. Магчыма частка перакладу вядомага гельсінфорскага беларускамоўнага выдання Новага Запавету 1931 г. належыць як раз такі пяру айца Аляксандра.

У студзені 1927 г. па ўсёй Заходняй Беларусі адбыліся арышты прыхільнікаў Грамады. Аляксандр Коўш як галоўны бухгалтар банку, непасрэдна звязанага з “грашыма для партыі” таксама быў арыштаваны. Некаторы час сядзеў у віленскай турме Лукішкі. Затым разам з астатнімі дзеячамі БСРГ быў этапіраваны ўглыб Польшчы – у турму Вронкі. Аднак у сакавіку 1927 г. Каўша вызваляюць пад заклад да прыгавора суда. Ён вяртаецца ў Вільню, дзе і працягне сваю грамадска-царкоўную справу.

У Вільне вызвалены святар даведаецца, што епіскап Феадосій пазбавіў яго прыхода ды ўвогуле забараніў адпраўляць усе літургічныя службы. Засталося толькі месца настаўніка ў Віленскай беларускай гімназіі [5, арк. 630]. У гэты час А. Коўш збліжаецца з групай В. Багдановіча, якая выступае супраць палітызацыі царквы і аўтакефаліі. У выдаваемым Багдановічам часопісе “Праваслаўная Беларусь” ён пад псеўданімам “Вукол” змяшчае артыкулы пра кааперацыю, у якіх падкрэслівае вялікае значэнне апошняй у грамадскім і эканамічным жыцці. Але супрацоўніцтва з Багдановічам было нядоўгім. У пачатку 1928 г. варшаўскі мітрапаліт Дыянісій, каб прыняць удзел у парламенцкіх выбарах, пры дапамозе польскіх уладаў стварае “Праваслаўнае дэмакратычнае аб’яднанне” з мэтай адцягнуць частку галасоў ад Багдановіча ды іншых беларускіх арганізацый. У шэрагах гэтага аб’яднання мы сустракаем прозвішча і протаіерэя Аляксандра. Ён нават стаў рэдактарам першага і апошняга нумару часопіса “Народная ніва”, які выдавала Варшаўская кансісторыя з разліку на выбары адразу на трох мовах – рускай, украінскай і беларускай. Набліжаўся суд над БСРГ, і, магчыма, страх турмы зноў пераадоліў айца Аляксандра, што прымусіла яго зрабіць крок насустрач лаяльным праўрадавым групоўкам. На судзе, які адбыўся ў лютым 1928 г., з Каўша былі зняты ўсе абвінавачванні. Дарэчы ў яго абарону выступаў усё той жа Вячаслаў Багдановіч, які, нягледзячы на ідэйныя разыходжанні, вельмі добра адклікаўся аб святары і падкрэсліваў, што ведае яго як чалавека “дзельнага, працавітага і беражлівага”.

Пасля суда протаіерэй Аляксандр працягнуў сваю культурную і царкоўную працу з новым імпэтам. Са згоды віленскага духавенства ён час ад часу служыць набажэнствы для беларускіх гімназістаў у напаўразбуранай Пятніцкай царкве – самай старажытнай  праваслаўный святыне горада Вільна, пабудаванай яшчэ ў XIV ст. вялікай княжной Марыяй Яраславаўнай, жонкай князя Альгерда. Дзякуючы старанням Каўша, храм быў адноўлены і на некалькі гадоў стаў фактычна адзіным месцам ва ўсёй Польшчы, дзе можна было пачуць беларускамоўную службу і казанні. Але ў міжваенны час Пятніцкая царква не мела ўласнага прыхода і была прыпісана да Мікалаеўскай царквы, якая размяшчалася непадалёк [7, с. 128].

У гэтыя часы айцец Аляксандр таксама пачаў актыўна займацца выдавецкай і асветніцкай працай. У канцы 1920-х гг. уся праваслаўная грамадскасць Польшчы чакала царкоўнага Сабора, на якім планавалася канчаткова вырашыць ўсе злабадзённыя праблемы царквы. Гэта падштурхнула многіх праваслаўных дзеячоў актывізаваць сваю дзейнасць, каб паспець выказаць уласны пункт гледжання па царкоўным пытанням.  З 1 верасня 1928 г. пад рэдакцыяй айца Аляксандра пачаў выходзіць “царкоўна-народны” двутыднёвік “Беларуская зарніца”. “Праваслаўная царква, як і кожная іншая, не павінна служыць матар’ялам для палітычных і партыйных экспэрымэнтаў. –пісаў святар у сваім першым праграмным артыкуле. – Справа ўпарадкаваньня Праваслаўнай Царквы зьяўляецца правам выключна саборнага розуму і нашага праваслаўнага суменьня” [8]. Закранаючы праблему беларусізацыі царквы, айцец Аляксандр падкрэсліваў, што царкоўна-славянская мова павінна застацца мовай багаслужэнняў, а казанні ды выкладанне ў школах Закону Божага неаходна праводзіць па-беларуску. У часопісе акрамя ўласных артыкулаў А. Каўша таксама змяшчаліся нарысы, прысвечаныя гісторыі царквы, павучальныя апавяданні для моладзі, афіцыйныя дакументы мітраполіі і пераклады (напрыклад, на беларускую мову быў перакладзены твор М. Бярдзяева “Царства Божае і царства кесара”). Усяго выйшла 13 нумароў “Беларускай зарніцы”. У маі 1929 г. часопіс, верагодна з-за фінансавых цяжкасцяў, перастаў выдавацца, пакінуўшы значны след у заходнебеларускім культурным жыцці як трэцяе беларускамоўнае праваслаўнае выданне.

У 1930 г. айцец Аляксандр стаў віцэ-старшынёй Цэнтральнага Беларускага праваслаўнага камітэта, мэтай якога было аб’яднаць намаганні праваслаўных беларусаў у барацьбе супраць паланізацыі Праваслаўнай царквы ў Польшчы. Але праца ў камітэце і сяброўства з яго кіраўніком Ф. Вернікоўскім шмат чым каштавалі святару. Ён пачаў паступова аддаляцца ад свайго сябры Р. Астроўскага, і той адразу пераўтварыўся ў яго заклятага ворага. Былы дзеяч Грамады ды дырэктар кааператыўнага банку, Астроўскі стаў цяпер лаяльным паланафілам і ў сваім часопісе “Голас праваслаўнага беларуса” імкнуўся ўсялякім чынам дыскрэдытаваць былога калегу. Існуе версія, што карані гэтага канфлікту ўзыходзілі яшчэ да часоў іх сумеснай працы ў банку. Коўш, як галоўны бухгалтар, хутчэй за ўсё ведаў пра пэўныя махінацыі Астроўскага з грашовымі сродкамі. Апошні ж, магчыма, баяўся, што святар, пазбавіўшыся яго кантролю, у вызначаны момант перастане маўчаць і з дапамогай паклёпаў ды сваіх сувязяў у епархіі спрабаваў адсунуць айца Аляксандра далей ад Вільні. Коўш быў пазбаўлены пасады законанастаўніка беларускай гімназіі ды пераведзены святаром у віленскую Мікалаеўскую царкву. Але тут ён не паспеў нават адслужыць першую літургію. У “Голасе праваслаўнага беларуса” было змешчана “Открытое письмо” у якім быццам бы “прихожане Виленской Свято-Николаевской церкви” абураліся новым прызначэннем Каўша. У рэшце рэшт у верасні 1932 г. віленскія духоўныя ўлады перавялі святара ў вёску Норыца (Ласіцы) Пастаўскага павета, дзе ён стаў настаяцелем мясцовай царквы. Фактычна гэта была ссылка. Тагачасны праваслаўны часопіс “Царква і народ” паведамляў: “У дзень ад’езду на вакзале прадстаўнікі ад беларускіх праваслаўных арганізацый, моладзь і студэнства шчыра развітываліся з любым пастырам, якога запэўнялі, што – вытрымаюць і перамогуць” [9, с. 13]. На сваім новым месцы службы айцец Аляксандр не мог займацца ані грамадскай, ані выдавецкай справай, але, як і раней, прамаўляў казанні па-беларуску і стварыў царкоўны хор, які спяваў беларускія духоўныя песні. Гэта прыйшло недаспадобы польскай адміністрацыі і ён у 1937 г. быў вымушаны пераехаць у в. Кастыкі Вялейскага павета.

У Вільню айцец Аляксандр вярнуўся толькі ў канцы 1939 г., калі гэты горад савецкімі ўладамі ўжо быў перададзены Літве. Зноў пачаў служыць у Мікалаеўскай царкве, каля яе і жыў, у кватэры настаяцеля Бяляева. У 1940–1941 гг., ужо ў савецкай Літве, ён уладкуецца на пасаду галоўнага бухгалтара Літоўскага дзяржаўнага банка, разам з вядомым ксяндзом Адамам Станкевічам будзе кіраваць беларускай секцыяй Чырвонага Крыжа. Што датычыцца апошніх гадоў жыцця Аляксандра Каўша, то яны выглядаюць даволі супярэчлівымі і таямнічымі. Паводле пашыранай сярод гісторыкаў версіі, восенню 1941 г. святар перабяраўся ў Мінск, дзе працаваў у выдавецкім аддзеле мясцовай епархіі. Потым ён атрымаў прыход у в. Плешчаніцы Лагойскага раёну, які фактычна аднавіць з нуля. Насуперак загаду нямецкай адміністрацыі, айцец Аляксандр таемна хрысціў і вянчаў яўрэяў, рызыкуючы сваім жыццём. За гэта ў 1943 г. ён быў арыштаваны гестапа і расстраляны ў мінскай турме. Па сведчанню відавочцаў адпявалі айца Аляксандра ў царкве мінскага Спаса-Праабражэнскага манастыра [2, с. 35].

 

Горны А.С. (Гродна, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы)

 

Спіс крыніц і літаратуры

  1. Луцкевіч Л. Аляксандр Коўш / Л. Луцкевіч. – Вільня: Рунь, 1999. – 12 с.
  2. Кулажанка Л. Жыццё і пакутніцкая канчына протаіерэя Аляксандра Каўша (1884-1943 гг.) / Л. Кулажанка // Роля асобы ў жыцці і дзейнасці хрысціянскіх цэркваў Беларусі ў ХХ стагоддзі. – Мінск, 2000. – С. 32–36.
  3. Памятная книжка Люблинской губернии на 1912 г. – Люблин: Губернская типография, 1911. – 319 с.
  4. Рагуля В. Успаміны / В. Рагуля. – Мінск: ВЦ “Бацькаўшчына”, 1993. – 96 с.
  5. Archiwum Akt Nowych (AAN). – Ministerstwo Wyznań Religijnych i Oświecenia Publicznego w Warszawie. – 1242.
  6. Кароткі нарыс беларускага пытаньня. – Мінск : Логвінаў, 2009. – 396 с.
  7. Адамковіч А. Беларусы ў Літве: учора і сёння. Кніга ІІ / А. Адамковіч. – Вільня, 2016. – 364 с.
  8. Ад Рэдакцыі // Беларуская Зарніца. – 1928. – № 1. – С. 1-2.
  9. Хроніка // Царква і народ. – 1933. – № 1. – С. 13-15.