СВЯТАР, ГІСТОРЫК, ПАТРЫЁТ: СТАРОНКІ ЖЫЦЦЯ І ТВОРЧАСЦІ ПРОТАІЕРЭЯ ІААНА КАРЧЫНСКАГА

Лёс Праваслаўнай царквы на Гродзенскай зямлі ў ХХ стагоддзі быў вельмі цяжкім. Прыцясненні з боку польскіх уладаў у міжваеннае дваццацігоддзе, нямецкая акупацыя, пасляваенныя сталінскія рэпрэсіі – ці застаўся на Гродзеншчыне хоць адзін прыход, хоць адзін храм, які не зведаў гэтых выпрабаванняў? І ў прызме бурлівых падзей ХХ стагоддзя – жыццё простага духавенста, жыццё няшчаснае, трагічнае, пакутніцкае. Своеасаблівым прадвеснікам гэтага крыжовага шляху стаў лёс гродзенскага протаіерэя Іаана Уладзіміравіча Карчынскага, які бадай адным з першых сутыкнуўся з тым трагічным выклікам, які гісторыя падрыхтавала для Праваслаўя на Гродзеншчыне. 

Айцец Іаан нарадзіўся 25 чэрвеня (7 ліпеня па новаму стылю) 1864 г. у вёсцы Тальнае Уманскага павета Кіеўскай губерні ў сям’і сельскага святара. Абраўшы шлях свайго бацькі, што было даволі распаўсюджанай з’явай у тагачасных сем’ях духоўных пастыраў, малады чалавек скончыў у 1885 г. Кіеўскую духоўную семінарыю і рыхтаваўся паступаць у Акадэмію, але па сямейным абставінам туды не трапіў [1]. Верагодна ў гэтыя часы ў светапоглядзе Карчынскага адбыліся нейкія важныя змены, бо працягнуць сваю адукацыю ён вырашыў у Маскоўскім універсітэцена юрыдычным факультэце, дзе правучыўся тры гады. Адначасова з навучаннем падрабляў сельскім настаўнікам. Аднак у 1887 г. Іаан вярнуўся на духоўную сцежку і зрабіў даволі важны крок у сваім жыцці – у гэты год кіеўскі мітрапаліт Платон (па іншым дадзеным уманскі епіскап Палікарп) рукапалажыў яго у сан іерэя ды прызначыў акруговым місіянерам і цэнзарам духоўных казанняў. Новы святар адразу актыўна ўключыўся ў працу, праяўляючы асаблівую заклапочанасць пытаннямі царкоўнай асветы і духоўнага выхавання. Якраз у гэтыя гады па ўсёй тэрыторыі імперыі пачалася ўтварацца вялікая сетка царкоўных школ, што выклікала патрэбу ў добрых спецыялістах і арганізатарах гэтай справы. Таму, адслужыўшы некаторы час настаяцелем царквы ва Уманьскім духоўным вучылішчы, ў 1892 г. Карчынскі быў пастаўлены ўманьскім павятовым назіральнікам царкоўна-прыхадскіх школ. На гэтай пасадзе айцец Іаан праявіў сябе здольным працаўніком, які не цураўся наватарскіх метадаў і падыходаў у педагогіцы, што забяспечыла яму пэўны аўтарытэт не толькі ў асяроддзі духоўных, але і ў свецкіх адукацыйных уладаў. Апошнія таксама выкарыстоўвалі педагагічны патэнцыял айца Іаана: так у 1898 г. ён быў камандзіраваны Кіеўскім вучылішчным саветам у Чарнігаўскую губернію для азнаямлення з мерапрыемствамі Чарнігаўскага земства па школьнай адукацыі і адукацыі рамёствам. Таксама ў 1899 – 1907 гг. святар прымаў удзел у надзвычайных сходах Вучылішчнага савета пры Сінодзе [2]. Нарэшце, пастановай таго ж Сіноду Іаан Карчынскі 18 красавіка 1900 г. быў прызначаны інспектарам царкоўна-прыхадскіх школ у новаўтвораную Гродзенскую епархію, куды прыбыў у канцы мая таго ж года [3]. Наступныя 15 гадоў жыцця і творчасці айца Іаана будуць неразрыўна звязаны зГродзеншчынай, якая без перабольшванняў стане яго “другой Радзімай”. Разам з Гродна ён перажыў і самыя цяжкія гадзіны ў сваім жыцці.

На новай пасадзе айцец Іаан вызначаўся сваёй энергічнай працай. Разглядаючы школу не толькі як крыніцу ведаў, але і важны выхаваўчы элемент у жыцці чалавека, ён прапанаваў звярнуць увагу перадусім на узровень падрыхтаванасці і педагагічнага вопыту саміх настаўнікаў. У 1900 г. Іаан Уладзіміравіч разам з назіральнікам Жыровіцкага духоўнага вучылішча Пятром Палянскім(будучым свяшчэннамучанікам) арганізавалі спецыяльныя летнія курсы для павышэння кваліфікацыі настаўнікаў духоўных школ епархіі [4]. На аснове матэрыялаў гэтых курсаў, айцец Іаан у 1901 г. выдаў невялікую брашуру “Личность учителя начальной церковной школы”, якая стала фактычна настольнай кнігай па дыдактыцы для многіх педагогаў мясцовых царкоўна-прыхадскіх школ. Таксама ў гэтыя часы святар займаўся зборам шматлікіх дакументаў па гісторыі царкоўнай адукацыі на Гродзеншчыне. Дапамогу ў гэтым аказваў Гродзенскі епархіяльны вучылішчны савет, які прадаставіў у яго распараджэнне свае архівы. І вось у 1903 г. з пад пяра айца Іаана выйшаў “Очерк истории церковно-школьного дела в Гродненской губернии в ХІХ столетии”. Кніга гэта была напісана з мэтай падвесці пэўныя вынікі, вызначыць памылкі і намеціць стратэгію дзеянняў у развіцці царкоўнага школьніцтва ў далейшым. Аўтар ва ўводзінах да сваёй працы сцвярджаў: “Возрожденная в 1884 г… церковная школа, ныне прочно организованная и раскинувшаяся густой сетью в пределах Гродненской губернии, просветившая и просвещающая многие тысячи из подрастающих поколений населения грамотой и религиозно-нравственным учением в духе  евангельского Христова закона, привлекает к себе внимание не менее других сторон народной жизни. Даже более того, – пройдя тяжелый тернистый путь и теперь ещё немало терпя от предубежденности, или поверхностного отношения к ней некоторой части русского общества…, церковная школа требует внимания к себе и побуждает тех, кто ближе с ней знаком, дать отчёт об истекшей её деятельности” [5]. У гэтай своеасаблівай “справаздачы” быў дадзены аналіз развіцця царкоўнага школьніцтва на Гродзеншчыне ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя, прадстаўлены рознабаковыя статыстычныя і факталагічныя дадзеныя. І па сённяшні час гэтая праца айца Іаана з’яўляецца не толькі цікавым гістарыяграфічным здабыткам, але і важнай крыніцай па гісторыі педагогікі ў Гродзенскай губерні ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

Актыўная дзейнасць айца Іаана на пасадзе інспектара царкоўных школ была належным чынам ацэнена епархіяльным кіраўніцтвам. У 1904 г. нядаўні інспектар стаў старшынёйвучылішчнага савета епархіі і сябрам Гродзенскай духоўнай кансісторыі [6]. І зноў святар праявіў сябе здольным арганізатарам і кіраўніком. Гродзенскі архіепіскап Міхаіл (Ермакоў) у свой час заўважыў, што стараннем Іаана Карчынскага царкоўна-школьная справа ў Гродзенскай губерні была пастаўлена на даволі высокі ўзровень – нездарма губерня ў гэтых адносінах займала ледзь не першае месца ў Расійскай імперыі [7]. Працу ў вучылішчным савеце ў гэтыя часы айцец Іаан сумяшчаў і з пастырскім служэннем у кафедральным Сафійскім саборы, спачатку ў якасці ключара, а потым, з 1907 г. – настаяцеля гэтага храма [8].

У сферу зацікаўленняў айца Іаана ўваходзіла не толькі царкоўная педагогіка. Святар вызначыўся таксама і як таленавіты публіцыст, гісторык і царкоўны краязнаўца. Ён стаяў ля вытокаў утварэння ў епархіі ў 1904 г. Царкоўна-архіалагічнага камітэта, у працы якога потым прымаў актыўны ўдзел. На старонках “Гродзенскіх епархіяльных ведамасцей” вельмі часта з’яўляліся ягоныя артыкулы, якія былі прысвечаным розным праблемам царкоўнага жыцця, краязнаўства і гісторыі Праваслаўнай царквы. Нярэдка гэтыя матэрыялы перадрукоўваліся ў якасці асобных брашур, вытрымліваючы нават некалькі выданняў. Так, у 1902 г. у “Ведамасцях” выйшаў аб’ёмны нарыс Карчынскага, прысвечаны стагоддзю Гродзенскай губерні, дзе аўтар грунтоўна прааналізаваў гістарычны шлях губерні за мінулыя гады ў гаспадарчай, палітычнай і рэлігійнай сферах [9]. Праз год была надрукавана новая кніга айца Іаана пад назвай “Краткий исторический очерк православия в пределах нынешней Гродненской губернии”. І хоць яна з большага мела кампілятыўны характар і была напісана на аснове папярэдніх прац гісторыкаў Каяловіча, Бацюшкова і Чыстовіча, сама пастаноўка праблемы, аўтарскі падыход і прастата мовы выкладання заслугоўвалі ўвагі чытачоў. У 1907 – 1908 гг. Іаан Карчынскі выдаў дзве брашуры пра найбольш вядомыя і знакамітыя храмы епархіі – Сафійскі сабор і Барысаглебскую Каложскую царкву. Гэтыя кнігі, якія і на сённяшні дзень не згубілі сваёй актуальнасці, былі цёпла сустрэты аматарамі гісторыі і краязнаўцамі [10]. Пры гэтым адзначым, што святар ставіў перад сабой мэту не столькі навукова-даследчую, колькі асветніцкую: праз свае кнігі ён імкнуўся папулярызаваць гістарычныя веды і прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем мінулага. На апошніх старонках працы пра Каложскую царкву ён падкрэсліваў: “Заканчивая сей малый труд, поставляем долгом высказать, что мы ни чуть не задавались целью сказать новое слово. Нет, мы имели в виду лишь возможно большему числу читателей доставить возможность ознакомиться с тем, что до сих пор дали исследования о древней Коложской церкви”  [11].

Протаіерэй Іаан Карчынскі таксама з’яўляўся аўтарам некалькі агіяграфічных твораў – пра святога мучаніка Гаўрылу Беластоцкага і прэпадобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага. Агіяграма пра апошняга праваслаўнага падзвіжніка перавыдавалася пяць разоў. Адначасова айцец Іаанбыў укладальнікам цэлага шэрагу выданняў так званай “народнай літаратуры” [12]. Простай, не абцяжаранай навуковай лексікай, мовай у гэтых кніжках для шырокага кола чытачоў распавядалася аб пэўнай гістарычнай з’яве альбо асобе.Святар шмат зрабіў і для развіцця на Гродзеншчыне такога спецыфічнага рэлігійнага віда літаратуры як богагласнік – анталогіі духоўных песень і вершаў з нотамі. Паводле сучасных гісторыкаў, тэксты гродзенскіх богагласнікаў, створаныя пры ўдзеле Іаана Карчынскага былі запатрабаваны на шырокай тэрыторыі ад Падляшша да Сібіры, куды падчас Першай сусветнай вайны трапілі гродзенскія бежанцы [13].

Трэба заўважыць, што ў сваіх працах протаіерэй Іаан Карчынскі прытрымліваўся заходнерускай гістарычнай канцэпцыі, якая адмаўляла беларусам у самастойным этнічным развіцці і лічыла іх састаўной часткай “трыадзінага рускага народа”. Гэтая канцэпцыя была фактычна дамінуючай у гістарыяграфіі таго часу і вызначалася сваёй кан’юнктурнасцю. Таму на старонках ягоных выданняў вельмі часта фігуравалі назвы “рускія”, “рускі народ”, якія аўтар ужываў у адносінах да мясцовых жыхароў, беларусаў па паходжанню. Манархічныя погляды і антыпольскія настроі, якія дапаўнялі творы Карчынскага, рабілі гэтыя творы хутчэй часткай прапаганды, чым асветы, што ў пэўным сэнсе звужала іх як даследчыцкую, так і адукацыйную вартасць. Забягаючы наперад адзначым, што ў будучыні айцу Іаану прыйдзецца кардынальна перагледзець свае погляды адносна месца беларускага народа ў гістарычным працэсе, прызнаць яго самастойнасць і самабытнасць, і нават самому прыняць удзел у барацьбе за незалежнасць Беларусі.

Як адзін з найбольш актыўных епархіяльных пастыраў айцец Іаан не заставаўся ў баку ад грамадска-палітычнага жыцця Гродзенскай губерні. Ён з’яўляўся сябрам праўлення Гродзенскага Сафійскага праваслаўнага брацтва і ўваходзіў у Перадвыбарны камітэт брацтва па выбарам у Дзяржаўную Думу, які быў утвораны ў 1906 г. дзеля падтрымкі праўрадавых дэпутатаў падчас думскіх выбараў па губерні [14]. У жніўні 1909 г. святар разам з епіскапам Міхаілам (Ермаковым) і М. Шалуцінскім прымалі ўдзел у ІІ з’ездзе заходнерускіх брацтваў у Вільне. Чатыры разы, у складзе дэпутацыі Сафійскага брацтва, Іаан Карчынскі быў на прыёмах у імператара Мікалая ІІ. У лістападзе 1914 г., ужо падчас Першай сусветнай вайны, настаяцель Сафійскага сабора ўжо сам прымаў цара ў сваім храме і падараваў яму “Гродзенскі богагласнік” разам з кнігамі пра сабор ды Каложскую царкву [15].

У жніўні 1915 г., падчас нямецкага наступа на Гродна, пачалася хуткая эвакуацыя насельніцтва горада і імперскай адміністрацыі. У эвакуацыю падалося і праваслаўнае духавенства, якое баялася рэпрэсій з боку нямецкіх захопнікаў. Вось як сам протаіерэй Іаан апісвае гэтыя драматычныя хвіліны: “6 августа архиепископ Михаил пригласил к себе все духовенство города и объявил, что Гродно уже разжаловано из крепости в опорный пункт, защищаться не будет и что нужно в течение 3-4 дней эвакуировать все казенное и церковное имущество, что церковные колокола будут сняты и вывезены внутрь России… Трудно определить то душевное настроение, но оно было ужасное! Началась спешная эвакуация казенного и церковного имущества. 10 августа погрузили имущество консистории, архиерейского дома, кафедрального Софийского собора, прочих церквей г.Гродно и Борисо-Глебского монастыря в шести товарных вагонах, с великим трудом выпрошенных. 11 августа с последним пассажирским поездом уехала часть духовенства, а остальные с архиепископом Михаилом 12 августа выехали с санитарным поездом лазарета Кайгородовой. В Гродно остался один иромонах Митрофан (в Борисо-Глебском монастыре) и соборный диакон Петр Ставинский” [16].  Гродзенскае духавенства разам з архіепіскапам Міхаілам (Ермаковым) і епіскапам Уладзімерам (Ціханіцкім) перабралася ў Маскву, дзе працягвала сваё пастырскае служэнне ў асяроддзі бежанцаў.

Пра жыццё Іаана Карчынскага ў бежанстве нам вядома няшмат. Бадай адзінай крыніцай адносна гэтага з’яўляецца “Летапіс Сафійскага сабора”, у якім крыху закранаюцца падзеі, звязаныя з лёсам гродзенскіх святароў у Маскве. Так, гродзенскае духавенства з лістапада 1915 па 1917 гг. служыла ў царкве Святога Мікалая на Мясніцкай вуліцы; пасля святары перабраліся ва ўніверсітэцкую царкву Святой Таццяны, дзе знаходзіліся пад апекай прафесара протаіерэя Мікалая Багалюбскага. У 1917 – 1918 гг. айцец Іаан як прадстаўнік Гродзенскай епархіі прымаў удзел у Памесным саборы Рускай Праваслаўнай царквы, дзе было абвешчана аб адраджэнні Патрыярхату [17]. У літаратуры таксама сустракаецца інфармацыя нібы летам 1917 г. Іаан Карчынскі ўдзельнічаў у з’ездзе беларускага праваслаўнага духавенства і нават стаў сябрам Саюза беларускага праваслаўнага духавенства, утворанага на гэтым з’ездзе і прыняўшага беларускі нацыянальны кірунак [18]. Аднак у крыніцах дагэтуль не знойдзены дакладныя факты, якія пацвярджаюць рэальнасць гэтых падзей. Вядома толькі, што ў чэрвені 1917 г. адбыўся Усерасійскі з’езд духавенства і вернікаў, на якім прысутнічала і дэлегацыя ад беларускіх епархій, аднак ніякіх нацыянальных патрабаванняў яна не вылучала. Верагодна ў асяроддзі беларускіх нацыянальных дзеячоў пра гэтую дэлегацыю былі атрыманы памылковыя звесткі, пададзеныя пасля за нейкі гіпербалічны з’езд беларускага духавенства[19].

Перажыўшы першыя рэвалюцыйныя жахі і досвіткі грамадзянскай вайны, увесну 1918 г. гродзенскія святары пачалі патроху вяртацца ў Гродна. Першым хто з’ехаў з Масквы стаў протаіерэй Іаан Карчынскі. Ён прыбыў у горад над Нёманам 22 чэрвеня 1918 г. па старому стылю. Карціна, якая паўстала перад вачыма святара, была даволі сумнай. “Богослужения совершал в Борисо-Глебском монастыре иеромонах Митрофан, православных было немного, –они были напуганы и пригнетены, доминировали поляки-католики и евреи. Софийский кафедральный собор занят был немцами под “Гарнизонную католическую церковь”. Поляки-католики торжествовали; говорили, – соборбудет уже наш… Александровская церковь служила складом мебели. В военной церкви на Муравьевской улице был продовольственный склад (картофеля и т.п.). Рядом Богородичская церковь стояла в развалинах после пожара,произведенного русскими снарядами при отступлении русских из Гродно” – прыгадваў пасля айцец Іаан [20]. У гэтых цяжкіх абставінах неабходна было нейкім чынам наладжваць жыццё і адраджаць Праваслаўе, якое знаходзілася на гродзенскай зямлі фактычна ў заняпадзе.

Хутка ў Гродна пачалі вяртацца і іншыя бежанцы. У кастрычніку 1918 г. прыехаў епіскап Уладзімір, які прыняў кіраўніцтва Гродзенскай епархіяй на сябе. Паступова ў горад вярталіся былыя чыноўнікі, памешчыкі і звычайныя жыхары, якія ратаваліся ад бальшавіцкага пераследу ў Расіі. Тут яны сустрэлі даволі “халодны” прыём як нямецкіх уладаў, так і шматлікіх польскіх і яўрэйскіх грамадскіх арганізацый. Каб хоць нейкім чынам заявіць аб сабе і дамагацца абароны сваіх правоў, у  верасні 1918 г. невялікая група мясцовай расійскай і “абруселай” інтэлігенцыі стварылі арганізацыю пад назвай “Руская ўправа”, у заснаванні якой прымаў удзел і протаіерэй Карчынскі [21]. Неўзабаве пры садзеянні епіскапа Уладзіміра Управа пачала падрыхтоўку да з’езда беларускага насельніцтва Гродзенскай губерні.

З’езд адбыўся 1-2 снежня 1918 г. [22]. Не будзем падрабязна спыняцца на падзеях гэтага з’езда, але адзначым, што чынны ўдзел на ім прымаў Іаан Карчынскі. Святар быў асноўным дакладчыкам па “вероисповедальному отделу ”. У дакладзе ён падкрэсліў, што праваслаўнае духавенства не засталося пры сваіх прыходах толькі па прычыне забароны расійскіх уладаў, што было значнай памылкай, а таксама прывёў у якасці прыкладу лёс святароў, якія засталіся ў Гродна і якіх ледзь не расстралялі немцы. Пазначыўшы, што ў губерню вярнулася ўсяго каля 80 святароў, айцец Іаан заўважыў, што Праваслаўная царква на Гродзеншчыне знаходзіцца ў глыбокім крызісе; да таго ж справе яе адраджэння перашкаджаюць палякі з немцамі. Каб выйсці з гэтага крызісу Карчынскі прапанаваў стварыць пры кожным прыходзе спецыяльныя пададдзелы, якія будуць падпарадкоўвацца рэлігійнаму аддзелу Рускай управы (пасля з’езду Управа атрымала назву Гродзенскай беларускай управы – А.Г.). Першапачатковай задачай гэтых устаноў павінен стаць падлік царкоўных страт і складанне вопісаў царкоўнай маёмасці. Напрыканцы дакладчык пажадаў беларусам-католікам і праваслаўным аб’яднаць свае намаганні ў нацыянальнай працы ды выказаўся ў падтрымку тых каталіцкіх ксяндзоў, якія вырашылі выкарыстоўваць у дадатковых набажэнствах беларускую мову. На пытанне з залі чаму праваслаўныя святары не могуць пайсці следам за гэтым прыкладам, Карчынскі адказаў, што ўвядзенне беларускай мовы ў праваслаўнае набажэнства ёсць дачасным крокам, дый увогуле царкоўна-славянская мова і так зразумела беларусам [23]. Але пройдзе некаторы час і святар, зразумеўшы памылковасць сваіх думак, пачне весці службы па-беларуску [24].

Аднак найбольш вострым для айца Іаана ў тыя часы было пытанне аб Сафійскім саборы. Як ужо адзначалася вышэй, падчас прыезду Карчынскага – настаяцеля сабора – у Гродна, гэты храм знаходзіўся ў поўным распараджэнні немцаў. Але апошнія зразумелі, што пасля заканчэння вайны ў лістападзе 1918 г. яны доўга не затрымаюцца на гэтых землях. Таму ў пачатку снежня нямецкі гарнізонны святар перадаўневялікую частку сабора (Мікалаеўскі прыдзел) праваслаўным вернікам з умовай, што ў саборы па-ранейшаму будуць адбывацца набажэнствы для салдат каталіцкага веравызнання да поўнага адыходу немцаў з Гродна. 18 снежня Іаан Карчынскі адслужыў у храме першую, пасля амаль трохгадовага перапынку, праваслаўную літургію [25].

Але пакуль немцы захоўвалі кантроль над горадам гэта было адным з фактараў стабільнасці для яго жыхароў, у тым ліку і Сафійскага сабора. Гэты храм, які да 1804 г. належыў рыма-каталіцкаму касцёлу, стаў сапраўдным яблыкам разладу паміж дзвюма канфесіямі. Ужо ў пачатку 1919 г. польскія ксяндзы пачалі звяртацца ў органы мясцовага кіравання з патрабаваннем вярнуць сабор. У гродзенскай прэсе ўзнялася дыскусія аб гістарычным паходжанні сабора і яго канфесійнай прыналежнасці.Была створана адмысловая камісія ў складзе трох ксяндзоў і трох праваслаўных святароў, але з-за ўпартай пазіцыі католікаў яе праца зайшла ў тупік [26]. У гэтыя часы Іаан Карчынскі ўсяляк спрабаваў абараніць храм і пакінуць яго за праваслаўнымі. Па сведчаннях польскага гісторыка Ю. Ядкоўскага, ён нават знішчыў лацінскі надпіс на мармуровай табліцы, які даказваў каталіцкія правы на сабор [27]. Аднак іншых доказаў таго, што менавіта Карчынскі здзейсніў гэты ўчынак мы не знайшлі. Як будзе бачна далей, айцец Іаан як абаронца Праваслаўя і беларусаў быў для палякаў фігурай даволі неспрыяльнай, таму цалкам мажліва, што потым яны маглі наўпрост “навешаць” на яго шмат якія злачынствы.

1. Протаіерэй Іаан Карчынскі (першы рад, другі злева) сярод сябраў Міністэрства беларускіх спраў і Гродзенскай беларускай управы. Гродна, 1919 г
1. Протаіерэй Іаан Карчынскі (першы рад, другі злева) сярод сябраў Міністэрства беларускіх спраў і Гродзенскай беларускай управы. Гродна, 1919 г

У гэтай дылеме немцы імкнуліся захаваць статус-кво сабора да свайго адыходу з горада. 12 сакавіка 1919 г. каталіцкі алтар быў перанесены ў Мікалаеўскі прыдзел, а ў галоўнай частцы храма быў усталяваны праваслаўны іканастас. Праз месяц пачалася эвакуацыя нямецкіх войскаў з Гродна і нямецкі капелан заявіў, што ў хуткім часе ён увогуле  пакіне Сафійскі сабор. 23 красавіка каталіцкія прылады былі поўнасцю вынесены з храма, а ў Мікалаеўскім прыдзеле ўсталяваны прыстол і іканастас [28]. Аднак праваслаўным вернікам прыйшлося не доўга радавацца гэтаму. 28 красавіка 1919 г. у горад увайшлі польскія легіёны.

Да прыхода палякаў айцец Іаан вызначыўся на гродзенскім грунце не толькі як абаронца праваслаўных, але і як беларускі грамадскі дзеяч. 27 сакавіка 1919 г. па яго ініцыятыве ў горадзе была ўтворана “Гродзенская Беларуская Хрысціянская Грамада”.  Пры садзеянні якой у доме праваслаўнага духавенства па Купецкай вуліцы быў заснаваны беларускі кааператыў [29]. Менавіта ў гэтыя часы протаіерэй Карчынскі наладзіў трывалыя кантакты з Міністэрствам беларускіх спраў пры літоўскім урадзе, якое тады размяшчалася ў Гродна. Міністэрства выступала супраць польскай акупацыі і дамагалася прызнання Гродзеншчыны аўтаномнай часткай Літоўскай рэспублікі. Супадзенне антыпольскіх пазіцый выклікала збліжэнне айца Іаана з Літвой і тымі беларускімі дзеячамі, якія арыентаваліся на гэтую краіну. Канчаткова гэтае збліжэнне было замацавана 4 красавіка 1919 г., калі Іаан Карчынскі, разам з доктарам К. Бяляцкім, ад насельніцтва Гродзеншчыны былі ўключаны ў склад Тарыбы – Дзяржаўнай Рады Літвы – вышэйшага заканадаўчага органа краіны на той час [30].

2. Протаіерэй Іаан Карчынскі. Фота з тагачаснай беларускай прэсы. 1919 г.
2. Протаіерэй Іаан Карчынскі. Фота з тагачаснай беларускай прэсы. 1919 г.

Пасля акупацыі Гродна палякамі адносіны да праваслаўных значна пагоршыліся. Польскім ксяндзам былі развязаны рукі, з дапамогай уладаў яны пачалі адбіраць праваслаўныя храмы і перарабляць іх пад касцёлы. Дзесьці ў гэтыя часы Сафійскі сабор канчаткова перайшоў да католікаў. Толькі за першыя гады польскага панавання каля 30 храмаў былі пераўтвораны ў касцёлы [31]. Епіскапу Уладзіміру без дазволу ўладаў было забаронена выязджаць у сельскія прыходы. У гэтыя цяжкія гадзіны для Праваслаўя айцец Іаан усялякім чынам абараняў вернікаў і мясцовае духавенства ад свавольніцтва палякаў. 

За свае непахісныя пазіцыі 16 ліпеня 1919 г. Іаан Карчынскі быў арыштаваны польскімі ўладамі на ўласнай кватэры як “небяспечны расійскі агітатар” [32]. Першапачаткова яго ўтрымлівалі ў Варшаўскай турме ў адзіночнай камеры. Але неўзабаве зняволенны цяжка захварэў, і палякі былі вымушаны перавесці яго ў Кракаўскі камедульскі манастыр, у якім святар прабыў некалькі месяцаў [33]. Аднак умовы ўтрымання ў манастыры былі не нашмат лепшыя. У канцы жніўня святар напісаў ліст да Юзафа Пілсудскага, у якім звяртаўся да кіраўніка Польшчы з просьбай аб вызваленні і дазволе пераехаць у мястэчка Друскенікі да сям’і. Карчынскі скардзіўся на хворыя сэрца і лёгкія, зазначаў, што яму патрэбны пакой і лячэнне. У канцы ліста ён пісаў, што ніколі (!) не займаўся палітыкай і заўсёды заклікаў людзей да “паслушэнства польскай уладзе” [34]. Але, як мы бачылі вышэй, словы гэтыя не зусім адпавядалі рэчаіснасці. Тады ці мог праваслаўны святар, хрысціянін пісаць свядомую хлусню? Больш таго, у лісце ён адмаўляўся ад свайго прыхода ў Сафійскім саборы, у што таксама цяжка паверыць. Зусім верагодна, што гэты ліст пакаяння мог быць напісаны пад прымусам, з мэтай панізіць аўтарытэт Карчынскага і абязшкодзіць яшчэ аднаго праціўніка. Як мы пераканаемся далей, пасля гэтага ліста жыццё святара змянілася зусім не ў лепшы бок.

Карчынскага ўсё ж такі вызвалілі ў канцы верасня 1919 г. Але праз 2 дня пасля прыбыцця ў Гродна яго зноў арыштавалі і накіравалі ў Беластоцкі канцэнтрацыйны лагер, больш вядомы пад назвай “Станцыя Размеркавальная” [35]. Умовы там былі яшчэ больш горшыя чым у Варшаве альбо Кракаве. Падпалкоўнік Хабішт, які інспектаваў станцыю ў лістападзе 1919 г., у сваім рапарце сведчыў: “У лагеры на кожным кроку бруд, неахайнасць, занядбанасць і людская галеча, якая звяртаецца да неба з просьбай аб помсце… Баракі ўсе перапоўненыя, сярод “здаровых” шмат хворых. На маю думку, сярод гэтых 1400 палонных няма па-сапраўднаму здаровых людзей. Пакрытыя лахманамі, яны туляцца адзін да аднаго і грэюцца… Не хапае коўдраў, таму хворыя прыкрытыя папяровымі сеннікамі… Не хапае паліва і дыетычнага харчавання. Немагчымае любое лячэнне” [36].У такіх жудасных умовах айцец Іаан знаходзіўся тры месяцы. Вызвалены ён быў толькі дзякуючы прашэнню Варшаўскага царкоўнага савета [37].

Пасля вызвалення святару быў дадзены дазвол пражываць ва ўласнай сядзібе ў Друскеніках разам з сям’ёй, якую, дарэчы, увесь гэты час матэрыяльна падтрымлівалі гродзенскія яўрэі [38]. Але і тут, ужо трэці раз, яго падвергнулі арышту і адправілі ў Гродна [39]. На жаль нам невядомы дакладныя абставіны гэтага арышту, цяжка ўсталяваць калі і пры якіх умовах Іаан Карчынскі быў вызвалены з-пад яго. Вядома, што святар перажыў савецкае панаванне у Гродна летам 1920 г. і падчас набліжэння польскіх войскаў пераехаў у Друскенікі, а адтуль, разам з літоўскай паўротай, у Літву [40].

У Літве пачаўся новы этап жыцця пакутлівага святара. Загадам Міністэрства ўнутраных спраў Літвы Карчынскі яшчэ ў ліпені 1920 г. быў прызначаны кіраўніком Гродзенскага павета, які літоўцы па-ранейшаму лічылі часткай сваёй тэрыторыі, але прызначэнне гэта насіла хутчэй намінальны характар. Неўзабаве айцец Іаан усталяваў кантакты з беларускімі эсэрамі, якія пры дапамозе Літвы арганізоўвалі на яе тэрыторыі партызанскія атрады для барацьбы з палякамі. Святар стаў сябрам штаба атамана Разумовіча – “Хмары”, атрад якога месціўся ў мястэчку Мерачы (сучасная вёска Мяркіне). У штабе ён выконваў абавязкі  прадстаўніка  гродзенскага епіскапа Уладзіміра і сувязнога з Праваслаўнай царквой на Гродзеншчыне. Адначасова Карчынскі служыўкапеланам ў Беларускім асобным батальёне Літоўскай арміі, але ў хуткім часе пасаду гэтую скасавалі з-за малой колькасці праваслаўных жаўнераў. Трэба адзначыць, што ў батальёне святар карыстаўся павагай нават салдат-католікаў, якія лічылі яго свядомым беларусам і добрым пастырам [41].

У гэтым неспакойным віры падзей айцец Іаан зноў пачаў пісаць, але ўжо не кнігі па гісторыі, а агітацыйныя антыпольскія брашуры. Сярод беларускіх партызанаў хадзіла ягоная маленькая кніжка “Чаго чакаць Беларусам ад Польшчы. Гутарка дзеда да малодшых”, у якой Іаан Карчынскі вылучаў свой заклік: “Пара нам беларусам зноў пачаць жыць вольна, пад сваім беларускім урадам, як жылі нашыя продкі, нашыя прадзеды. Ніхай вольная наша мова і вольная беларуская песня зноў вясёла паліецца па ўсім вялікім абшары Беларусі… Трэба поруч з літвінамі і нам – беларусам гуртавацца, будавацца і ад палякоў адбівацца…”[42]. Акрамя гэтага святар складаў мемарыялы ў справе прыцяснення Праваслаўнай царквы на Гродзеншчыне і, верагодна, супрацоўнічаў з рэдакцыяй беларускага часопіса “Селянская доля”. Прымаў ўдзел у жыцці беларускай эміграцыі ў Коўна (сучасны г. Каўнас). З 1921 па 1923 г. ён знаходзіўся пры Міністэрстве беларускіх спраў для выканання адмысловых даручэнняў [43]. У верасні 1921 г. айцец Іаан прадстаўляў літоўскіх беларусаў на Беларускай нацыянальна-палітычнай нарадзе ў Празе, дзе выступаў з прывітальным словам і ўваходзіў у Камісію па Віленскім пытанні [44].

3. Беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў Празе. У цэнтральным раду за чацвёртым сталом - протаіерэй Іаан Карчынскі. 1921 г.
3. Беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў Празе. У цэнтральным раду за чацвёртым сталом - протаіерэй Іаан Карчынскі. 1921 г.

Але патроху скончвалася ваеннае ліхалецце, бурлівае палітычнае жыццё прыходзіла у спакой. Неабходна было зноў вяртацца да духоўнай справы, уладкоўваць сваё жыццё. Пасля пераезда ў Літву Іаан Карчынскі да 1929 г. служыў у невялікім прыходзе ў Мерачы. Праваслаўных тут было няшмат – усяго 400 чалавек, і то калі пазбіраць па ўсёй акрузе. У самім мястэчку жыло каля 11 праваслаўных сем’яў, у бліжэйшым Алітусе – 12 [45]. У 1923 г. айцец Іаан на Літоўскім епархіяльным сходзе духавенства і міран быў абраны ў склад Епархіяльнага савета, хутка стаўшы і яго старшынёй. На пасаду гэтую святар пераабіраўся два разы. Таксама, у 1926 г. яго прызначылі капеланам праваслаўных салдат літоўскай арміі. Трэба адзначыць, што апошняе прызначэнне выклікала хвалю нездаволеннасці ў Саюзе стралкоў і міністэрстве абароны, якія лічылі Карчынскага недастаткова лаяльным Літоўскай рэспубліцы [46]. Нягледзячы на гэта капеланам ён будзе служыць да самай сваёй смерці ў 1935 г.

4. Літоўскі епархіяльны савет. Протаіерэй Іаан Карчынскі - другі злева. Каўнас, 1930-я гг.
4. Літоўскі епархіяльны савет. Протаіерэй Іаан Карчынскі - другі злева. Каўнас, 1930-я гг.

У Літве святар працягваў займацца літаратурнай і грамадскай дзейнасцю.Не парываў сувязі з беларускімі арганізацыямі, быў сябрам Беларускага цэнтра і Літоўска-беларускага таварыства [47]. Доўгі час айцец Іаан быў супрацоўнікам рэдакцыі часопіса “Голос Литовской православной епархии”, на старонках якога друкаваў свае карэспандэнцыі, артыкулы па гісторыі і багаслоўю. Сваіх суразмоўцаў святар нярэдка здзіўляў незвычайнай памяццю і ведамі ў галіне літоўска-беларускай царкоўнай ды грамадзянскай гісторыі. У 1930 г. у гонар 500-годдзя з дня смерці вялікага князя літоўскага Вітаўта Іаан Карчынскі выдаў асобную кнігу, прысвечаную гэтай магутнай гістарычнай постаці. Літоўскі гісторык С. Заскавічус у прадмове да яе ўсклікаў: “Дай Бог, чтобы все теперешние и будущие историки так четко и, главное, сердечно описывали жизнь нашего гениального политика и полководца” [48]. Перад самай смерцю святар падрыхтаваў да друку рукапіс сваёй новай кнігі пад назвай “История Литовской Православной Церкви, в связи с гражданскими событиями Великого княжества Литовского”, у якой ён рабіў пэўныя вынікі сваіх пошукаў па літоўскай гісторыі [49]. Аднак гэтаму выданню так і не было наканавана ўбачыць свет.

Айцец Іаан цяжка захварэў у кастрычніку 1934 г. Хвароба аднак паступова адступала, і ён быў гатовы вярнуцца да працы. Але летам 1935 г.  ягонае здароўе зноў пагоршылася. Лекары накіравалі святара на адпачынак у Алітускі ваенны санаторый, дзе той нечакана памёр 2 ліпеня 1935 г.

Протаіерэй Іаан Карчынскі сапраўды быў выдатным чалавекам, таленавітым прапаведнікам, педагогам і гісторыкам. Нездарма за сваю плённую працу айцец Іаан быў адзначаны высокімі духоўнымі і дзяржаўнымі ўзнагародамі. Па духоўнаму ведамству ён атрымаў усе ўзнагароды, у тым ліку і высокую адзнаку мітрай. Сярод свецкіх рускіх узнагарод святар меў ордэн Св. Ганны 1-ай і 2-ой ступені, Св. Уладзіміра 3-й і 4-й ступені. Ад літоўскага ўраду ён атрымаў медаль у гонар 10-годдзя незалежнасці Літвы, ардэна Гедыміна 4-й ступені і Вітаўта 3-й ступені.

Людзі, якія сутыкаліся з гэтым чалавекам заўсёды вылучалі яго моцную волю, шырокі інтэлект, сардэчную спагадлівасць і рэдкую працаздольнасць.І ўсё гэта сумяшчалася з вялікай любоўю да Праваслаўнай царквы, якой ён верна служыў усё сваё пакутлівае жыццё. Дзякуючым такім падзвіжнікам, Праваслаўе на Гродзеншчыне не знікла ў небыццё, а захавала свой культурны і духоўны патэнцыял да сённяшніх дзён. Таму імя гэтага святара, гісторыка, педагога, патрыёта назаўсёды павінна ўвайсці ў пантэон герояў Гродзенскай зямлі дый усё Беларусі.

 

 

 

Артыкул быў надрукаваны ў: Труды Комиссии по канонизации в Белорусской Православной Церкви. - 2014. - Вып. 2. - С. 38-53

Заўвагі

  1. Некролог // Голос Литовской Православной Епархии. – 1935. – №6. – С. 94.
  2. Тамсама
  3. Корчинский, Иоанн. Очерк истории церковно-школьного дела в Гродненской губернии в ХІХ столетии / Иоанн Корчинский. – Гродно, 1903. – С. 81.
  4. Гриняк, Сергей. Камень веры. – Рэжым доступу: http://minds.by/stupeny/nomera/27/sthtml
  5. Корчинский, Иоанн. Очерк… С. 1.
  6. Marcinkevičius, A. Lietuvos stačiatikių bažnyčia 1918 – 1939 m. / Marcinkevičius, S. Kaubrys. – Vilnius, 2003. – P. 188.
  7. 25-летний юбилей протоиерея И.В. Корчинского // Гродненские епархиальные ведомости. – 1912. – № 40-41. – С. 410.
  8. Летопись. Софийский собор в городе Гродне // Черепица, В.Н. Не потерять связующую нить: История Гродненщины ХIХ–ХХ столетий в событиях и лицах (исследования, документы, комментарии): Монография. – Гродно: ГрГУ, 2003. – С. 230.
  9. Корчинский, Иоанн. Столетие Гродненской губернии / Иоанн Корчинский // Гродненские епархиальные ведомости. – 1902. – № 2. – С. 12 – 16.
  10. Чарапіца, В.М. Са скарбніц кніжных паліц: Нарысы пра аўтографы даследчыкаў гісторыі Беларусі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. / В.М. Чарапіца. – Мінск, 1994. – С. 103.
  11. Корчинский, Иоанн. Древняя Коложская церковь во имя святых князей Бориса и Глеба в городе Гродне / Иоанн Корчинский. – Гродно, 1908. – С.24.
  12. Корчинский, И. Русь и Польша: краткая история для русского народа / И. Корчинский. – Гродно, 1903. – 67 с.; Корчинский, И. Братское приветствие православным русским христианам и всем близким сердцу славянам, кои и не прибывают ныне в вере православной / И. Корчинский. – Гродно, 1903. – 34 с.; Корчинский, И. Граф Михаил Николаевич Муравьев / И. Корчинский. – Гродно, 1904. – 12 с.; Корчинский, И. Что такое баптизм? Исторический очерк и характеристика этого религиозного движения. Штундо-баптизм в России / И. Корчинский. – Гродно, 1911. – 38 с.
  13. Щавинская, Л.Л. Гродненский протоиерей Иоанн Корчинский – составитель народных изданий / Л.Л. Щавинская, Ю.А. Лабынцев // Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі / Нац. бібл. Бел.; складальнікі: Л.Г. Кірухіна, К.В. Суша. – Мінск, 2009. – Вып. 11. – С. 140 – 141.
  14. Летопись. Софийский собор в городе Гродне… С. 233.
  15. Тамсама.С. 237
  16. Тамсама. С. 238
  17. Некролог… С. 94.
  18. Луцкевіч, А. Барацьба за вызваленьне. Збор твораў / А. Луцкевіч. – Вільня-Беласток, 2009. – С. 165; Чарнякевіч, А. З археалагічнага камітэту да беларускай партызанкі: пратаіерэй І. Карчынскі і беларускі рух. – Рэжым доступу: http://www.gazeta.grodno.by/311/thtml
  19. Рудовіч. С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе / С. Рудовіч.  – Мінск, 2001. – С. 100.
  20. Летопись. Софийский собор в городе Гродне… С. 239.
  21. Тамсама
  22. Ляхоўскі, У. Гродзенская губернская ўправа / У. Ляхоўскі, А. Чарнякевіч // Берасцейскі хранограф: зборнік навуковых прац. Вып. 5. – Брэст, 2010. – С. 129.
  23. Тамсама. С. 145 – 146.
  24. Чарнякевіч, А. З археалагічнага камітэту да беларускай партызанкі: пратаіерэй І. Карчынскі і беларускі рух…
  25. Летопись. Софийский собор в городе Гродне… С. 240.
  26. Тамсама.
  27. Jodkowski, J. Grodno / J. Jodkowski. – Гродно, 2009. – С. 85.
  28. Летопись. Софийский собор в городе Гродне… С. 241.
  29. Тамсама.
  30. Блашчык, Т. Міністэрства беларускіх спраў ураду Літоўскай Рэспублікі (1918 - 1924) / Т. Блашчык // Arche. – 2010. – № 1-2. – С. 257.
  31. Пануцэвіч, В. Горадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918 – 1919 гадох / В. Пануцэвіч // Бацькаўшчына. – 1964. – № 7-8. – С. 5.
  32. Тамсама. С. 3.
  33. Некролог… С. 95.
  34. Archiwum Akt Nowych – Mikrofilm akt obcych M-426, USA, Instytut Pilsudskiego: V zeszyt katalog upoz. 27 – 29, gr. IIB –t. 19-21, 1441/72.
  35. Marcinkevičius, A. Lietuvos stačiatikių bažnyčia 1918 – 1939 m… P. 188; Пануцэвіч, В. Горадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918 – 1919 гадох… С. 6-7.
  36. Цытата па: Латышонак, А. Жаўнеры БНР / А. Латышонак – Беласток-Вільня, 2009. – С. 333.
  37. Чарнякевіч, А. З археалагічнага камітэту да беларускай партызанкі: пратаіерэй І. Карчынскі і беларускі рух…
  38. Часопісь Міністэрства беларускіх спраў. – 1919. – № 1. – С. 12.
  39. Некролог… С. 95.
  40. Тамсама.
  41. – 1921. – № 28. – S. 7.
  42. Чаго чакаць Беларусам ад Польшчы. Гутарка дзеда да малодшых. – Б.м.: Камітэт Абароны Беларусі, [1921?]. – C. 12-13.
  43. Некролог… С. 95.
  44. Пратакол паседжаньняў Беларускай нацыянальна-палітычнай нарады ў Празе, 26-30 верасьня 1921 // Спадчына. – 1999. – № 5-6. – С. 10, 37.
  45. Marcinkevičius, A. Lietuvos stačiatikių bažnyčia 1918 – 1939 m… 67.
  46. Laukaitytė, R. Stačiatikių bažnyčia Lietuvoje XX amžiuje / Laukaitytė – Vilnius, 2003. – P. 36.
  47. Беларускі асяродак. – 1933. – № 1. – С. 11.
  48. Корчинский, И. Витовт Великий Supremus Lithuaniae Dux. Беглый обзор жизни его и деятельности 1430 – 1930: посильный труд в славную память Витовта Великого по случаю 500-летия со дня его смерти / И. Корчинский. – Каунас, 1930. – С. 5.
  49. Некролог… С. 96.