Прастольнае свята прыхода святога Серафіма Жыровіцкага

Сёння, 6 верасня паводле новага стылю, або 24 жнiўня паводле старога стылю, Царква адзначае памяць прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага, які ўваходзіць у лік навамучанікаў і вызнаўцаў Беларускай Царквы.

​​​​​​​​​​​​​​Менавіта сёння прыход у пас. Паўднёвы адзначае сваё прастольнае свята. Ушаноўваючы памяць святога Серафіма Жыровіцкага, Высокапраасвяшчэннейшы Ўладыка Арцемій, кіроўны архіерэй Гродзенскай епархіі, узначаліў служэнне Боскай літургіі ў храме блажэннай Ксеніі Пецярбургскай прыхода прападобнамучаніка Серафіма.

Уладыку саслужылi сакратар Гродзенскай епархіі мітрафорны протаіерэй Анатолій Ненартовіч, благачынны Гродзенскай гарадской акругі протаіерэй Аляксандр Велісейчык, настаяцель храма протаіерэй Іаан Велісейчык і протаіерэй Аляксандр Жалезны. Па заканчэнні літургіі адбылося слаўленне прападобнамучаніка каля яго пачэснай іконы.

У часе пропаведзі Ўладыка адзначыў, наколькі важна нам, сучасным хрысціянам, ушаноўваць навамучанікаў і браць з іх прыклад у палымянай адданасці Богу. Нярэдка сярод хрысціянаў праяўляецца практычная скіраванасць да рэлігіі. Яна заключаецца ў тым, што кожны са святых можа ўспрымацца выключна як памочнік у нейкіх чыста жыццёвых складанасцях.

Але ўшанаванне святых навамучанікаў не ўпісваецца ў такую псеўдадухоўную парадыгму. Яны дапамагаюць нам у першую чаргу ратавацца не ад нейкіх нягод, а перадусім ад грэху, ад духоўнага здранцвення. Сённяшняя Царква стаіць на крыві навамучанікаў, і Гасподзь дае нам час на пакаянне. Але мы, на жаль, яго не выкарыстоўваем.

У нас адраджаюцца храмы, і гэта добра. Але ці адраджаюцца храмы нашых душ? Няхай прападобнамучанік Серафім сваёй палымянай верай і адданасцю Богу паслужыць нам прыкладам сапраўднага хрысціянскага жыцця, няхай мы ўратуемся яго малітоўным заступніцтвам.

Даведка. Святы прападобнамучанік Серафім (свецкае імя – Раман) нарадзіўся ў 1901 г. у вёсцы Падлессе Ляхавіцкага павета. З ранняга дзяцінства праяўляў асаблівую схільнасць да малітвы і любоў да царкоўнага набажэнства. Скончыў двухкласную Ляхавіцкую вучэльню. У 1922 годзе паступіў у Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, дзе ў 1923 годзе прыняў пострыг з імем Серафім.

У яго былі добрыя пеўчыя здольнасці, таму ён нёс кліраснае паслушанне, і ён стаў добрым рэгентам і ўстаўшчыком. У 1926 годзе ў яго адбылася дыяканская хіратонія і ў хуткім часе іерэйская. У 1941 годзе айцец Серафім выехаў у Мінскім напрамку наладжваць царкоўна-прыходскае жыццё, бо, вядома, Царква ў БССР 1920-х—1930-х гг. зазнала сур’ёзныя ганенні.

Ён быў у розных паселішчах і збіраў прашэнні вернікаў на імя мітрапаліта аб адкрыцці прыходаў, і многіх хрысціў. Акрамя таго, ён збіраў матэрыялы аб пераследзе Царквы ў Беларусі. Пасля айцец Серафім служыў у Мінскім Свята-Духавым храме (на той час кафедральным саборам быў Свята-Петра-Паўлаўскі) і апекаваўся над бальніцамі і дзіцячымі прытулкамі горада. З надыходам савецкіх войскаў ён быў арыштаваны ў Гродне. Пад следствам ён знаходзіўся роўна 10 месяцаў і быў абвінавачаны ў прыналежнасці да “нямецкіх контррэвалюцыйных органаў”. Яму быў вынесены прыгавор да 5 год зняволення ў канцлагеры. Там ён неўзабаве памёр ад разрыву сэрца пасля страшных пакут, перажытых у засценках НКУС.

Зьміцер Даўгаполік-Пратасевіч

Прастольнае свята прыхода святога Серафіма Жыровіцкага
Прастольнае свята прыхода святога Серафіма Жыровіцкага
Прастольнае свята прыхода святога Серафіма Жыровіцкага
Прастольнае свята прыхода святога Серафіма Жыровіцкага
Прастольнае свята прыхода святога Серафіма Жыровіцкага
Прастольнае свята прыхода святога Серафіма Жыровіцкага
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut