Фільм "Маўклівыя сведкі" (гісторыя ікон навамучанікаў у Пакроўскім саборы)

У 2007 годзе, адмыслова да стогадовага юбілею храма, у цэнтральным нефе Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна быў размешчаны рад новых іконаў навамучанікаў і вызнаўцаў, якія пацярпелі пакуты ў гады ганенняў ад багаборчай савецкай улады. Ідэя напісання такога іканаграфічнага раду належала высокапраасвяшчэннейшаму Арцемію, архіепіскапу Гродзенскаму і Ваўкавыскаму.

Фільм “Маўклівы сведкі” распавядае пра тое, якая гісторыя напісання гэтых ікон.

Што такое ікона? Гэта пытанне, на першы погляд, здаецца настолькі дзіўным, што для людзей, укаранёных у царкоўнай традыцыі, яно падасца наіўным, бо іконы акружаюць многіх з нас з дзяцінства, і чалавеку, выхаванаму ў праваслаўнай сям’і, святыя лікі звыклыя, як і сонца за акном. Але пры ўсёй уяўнай наіўнасці пытанне аб тым, якое месца ў жыцці Царквы займаюць свяшчэнныя выявы, на самай справе не з’яўляецца пустым. І калі паспрабаваць сумленна падысці да гэтай праблемы, то стане зразумела, што многія вернікі так і не змогуць сказаць, што такое ікона.

Багаслоўю іконы прысвечана нямала кніг – і вялікіх, і малых. Пагэтаму ў фільме не будуць паўтарацца тыя аргументы і факты, пра якія любы чалавек можа даведацца, адкрыўшы гэтыя самыя кнігі. Фільм “Маўклівы сведкі” – гэта аповед пра тое, як і кім ствараўся гэты іканаграфічны рад. У фільме выкарыстоўваецца камп’ютарная графіка, якая істотна ўпрыгожвае відэа, ёсць інтэрв’ю з іканапісцам і аўтарам ікон, а таксама з тымі людзьмі, якія мелі дачыненне да стварэння гэтых ікон. Унікальнасць гэтых ікон заключаецца ў тым, што яны выкананы ў манеры пісьма, блізкай да стылю ікон ХIV-ХV стст. На іх выяўлены свяціцелі праваслаўнай царквы і святары, якія служылі ў беларускіх епархіях. Навамучанікі паўстаюць перад намі ў галоўны момант свайго жыцця – у момант прыняцця “цярновага вянца” ў славу Госпада. Істотнае адрозненне гэтых ікон ад звыклых нам абразоў навамучанікаў заключаецца ў тым, што іканапісец таленавіта сумясціў рэаліі нядаўняга мінулага з умоўнасцю, уласцівай традыцыйнай іконе. У часе працы над іконамі іканапісец выкарыстоўваў выяўленчую асаблівасць, назва якой – адваротная перспектыва. Гэта такі спосаб выяўлення святых, што паходзіць яшчэ з часоў Візантыі, сутнасць якога заключаецца ў перадачы прадметаў і дэталяў без скажэння іх прапорцый, пры гэтым прастора на заднім плане не звужаецца, а наадварот, пашыраецца, быццам набліжаецца да гледача.

Фільм “Маўклівыя сведкі” будзе цікавым для людзей рознага пакалення і рознага веравызнання, паколькі праз аповед пра гісторыю напісання ікон навамучанікаў адбываецца асэнсаванне самой гісторыі ХХ стагоддзя. Вядома, што без глыбокага і сумленнага асэнсавання досведу навамучанікаў і вызнаўцаў мы не можам спадзявацца на тое, што хваробы мінулага пакінуць нас у сучаснасці. А ад таго, у якой меры здабыткі подзвігу святых навамучанікаў і вызнаўцаў асэнсаваны і ўспрыняты ўсімі намі – і святарамі, і міранамі – залежыць будучая гісторыя і Царквы, і дзяржавы.

Протаіерэй Уладзімір ПЯТРУЧЫК

Разделы сайта:

Главное меню

Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut