История Гродненской Епархии

Іаакім Лявіцкі - першы епіскап Гродзенскай кафедры і яго архіерэйскае служэнне на Гродзеншчыне

   Уладыка Іаакім Лявіцкі быў першым епіскапам Гродзенскай кафедры, на якую ён быў прызначаны 11 студзеня 1900 года (да гэтага - з 1897 года - Уладыка Іаакім быў епіскапам Брэсцкім, вікарыем Літоўскай епархіі).
   28 снежня 1899 года выйшаў Вышэйшы загад імператара Мікалая II аб выдзяленні Гродзенскай губерніі са складу Літоўскай епархіі і стварэнні Гродзенскай самастойнай епархіі з кіраваннем у горадзе Гродна.
   Уладыка будаваў новыя храмы і адкрываў прыходы, па яго ініцыятыве пачалі выдавацца ў студзені 1901 года "Гродзенскія епархіяльныя ведамасці". ЕН многа ездзіў па прыходах, наведваў цэрквы, любіў сустракацца з вернікамі, удзяляў многа ўвагі царкоўнапрыходскім школам епархіі. Летам 1901 года Уладыка Іаакім наведаў цэрквы Гродзенскага і Сакольскага паветаў. Так, на прыходзе Масаляны ў храме Прэасвяшчэннага Іаакіма сустрэлі Вяліка-Бераставіцкі благачынны а.І.Тычынін і мясцовы свяшчэннік а. Алексій Васілеўскі, які звярнуўся да Уладыкі з прамовай, дзе былі такія словы: "...Мы бачым Цябе, Уладыка, неаднаразова ў Краснастоку пры добраўпарадкаванні жаночага манастыра, на станцыі Старасельцы пры асвячэнні нанава адбудаванага храма. I зноў чуем і пераконваемся ў працы, узятай Табою на сябе наведваннем цэркваў двух паветаў. Ты сам, благачэсны Архіпастыр, шукаеш зносін з аддалёнай і блізкай Тваёю духоўнай паствай...". I ў гэтых словах не было перабольшвання: у луненскай царкве размова Уладыкі з вернікамі працягвалася каля гадзіны.
   У 1902 годзе, з 26 красавіка да 16 мая, Уладыка Іаакім рэвізаваў цэрквы і прыходы Слонімскага павета. Урачыста сустракалі Уладыку ў сяле Накрышкі: "Шлях да царквы болей 200 дзяцей усыпалі кветкамі. Храм, у які ўвайшоў Уладыка, упрыгожаны зеленню, асвечаны больш чым 400 запаленымі свечамі, гарэў шматлікаю ў ім і яшчэ новаю пазалотаю. Пад спевы 60 пеўчых Уладыка выслухаў прамову мясцовага свяшчэнніка аб гісторыі храма ў імя і гонар князёў і пакутнікаў Барыса і Глеба..."
   Упершыню Уладыка наведаў і дзятлаўскі храм, а таксама нядаўна адкрытую двухклассную школу. Да яго прыезду рыхтаваліся не толькі праваслаўныя, але і католікі, а таксама - яўрэі, якіх тут у той час налічвалася звыш 4000 чалавек. Яны першымі і сустрэлі Уладыку, калі ён 1 мая ў сем гадзін вечара пад'ехаў да мястэчка, сустрэлі з хлебам-соллю, прывітаў яго на старажытна-яўрэйскай мове равін. Выйшаўшы з карэты, Уладыка падзякаваў яўрэям, пажадаў ім поспеху ў гандлёвых справах.
   У царкве яго сустрэў з кароткай прамовай а.Сергій Дарашэўскі. Адбыўся ўрачысты малебен і Хрэсны ход, пасля чаго Уладыка адправіўся ў будынак двухкласнай настаўніцкай царкоўнапрыходскай школы, агледзеў усе школьныя памяшканні, наведаў класы, спальні выхавальнікаў, сталовую і кухню вучняў, таксама кватэры настаўнікаў. Увесь гэты час у актавай зале хор выконваў канты з Богагласніка, гімны і ў канцы, з дазволу Уладыкі, некалькі свецкіх песень.
   Назаўтра ён яшчэ раз усё агледзеў, наведаў пакой кіравання школы, доўга гутарыў з членамі вучэбнай карпарацыі, даючы кожнаму выкладчыку мудрыя парады. У канцы пазнаёміўся з запісамі асоб якія рэвізавалі школу, у візітацыйным журнале. I сам пакінуў такі запіс: "3 агляду двухкласнай школы вынес даволі добрае ўражанне. Чысціня і парадак выдзяляюць усе памяшканні школы, вучні маюць здаровы выгляд, спевамі царкоунымі з Богагласніка і свецкіх песень застаўся цалкам задаволены. Выказана адабрэнне настаўніку спеваў г.Макарэўскаму і школьнікам, а таксама падзякаваў загадчыку школы Савіцкаму і ўсяму складу кіравання школы за вядзенне спраў у школе, адпаведнае свайму прызначэнню. 3-за недахопу часу, вучняў не выпрабоўваў у ведах.
    Іаакім, епіскап Гродзенскі і Брэсцкі".
   Пасля яшчэ наведаў жаночую аднакласную школу, экзаменаваў вучаніц па Закону Божаму, адказамі якіх застаўся задаволены, кожнай з іх даў па брашурцы. Уладыка пакінуў ва ўсіх аб сабе самыя радасныя ўспаміны. Такія ж успаміны і добрую памяць Уладыка пакідаў аб сабе ўсюды, дзе ён быў.
   А вось маршрут руху Яго Прэасвяшчэнства, Прэасвяшчэннейшага Іаакіма, епіскапа Гродзенскага і Брэсцкага, у час агляду цэркваў і прыходаў Слонімскага павета у красавіку і маі месяцах 1902 года.("Гродзенскія епархіяльныя ведамасці", № 13, 31 марта 1902 года.)
   "Красавіка 26. Пятніца. Выезд з Гродна.
   Красавіка 27. Субота. Азярніца і праз в.Збочную ў Мільканавічы, Сынкавічы.
   Красавіка28. Нядзеля. Архіерэйскае богаслужэнне ў Сынкавічах. 3 Сынкавіч у Парэчча, Луканіцу, Галынку.
   Красавіка 29. Панядзелак. 3 Галынкіў Вострава, Дзярэчын і праз Котчын у с.Шчару.
   Красавіка 30. Аўторак. Са Шчары праз Вяліка-Волю ў Везавец і Накрышкі.
   Мая 1. Серада. 3 Накрышаку Нагародзічы і Дзятлава.
   Мая 2. Чацвер. 3 Дзятлава ў Ахонава, Наельню і Дварэц.
   Мая 3. Пятніца. 3 Дварца ў Молчадзь, Люшнева, Высоцк і Горку.
   Мая 4. Субота. 3 Горкі ў Раготну, Казлоўшчыну, Харобравічы.
   Мая 5. Нядзеля. 3 Львоўшчыны ў Дзераўную і праз Калпіно ў г.Слонім.
   Мая 6. Панядзелак. Дзень Нараджэння Яго Імператарскай Вялікасці. Архіерэйскае богаслужэнне ў Слонімскай саборной царкве. Наведванне Свята-Троіцкай царквы.
   Мая 7. Аўторак. 3 Слоніма ў Жыровіцы. Архіерэйскае богаслужэнне ў Жыровіцкім манастыры. Выезд у Міронім.
   Мая 8. Серада. 3 Міроніма, або з Жыровіц праз Глоўсевічы і Сурынку, Старадзявяткавічы і на Булу.
   Мая 9. Чацвер. 3 Булы праз Грынду, у Бусяж, Мізгіры і праз Яруцічы, дзе знаходзіцца прыпісная царква, у Міжэвічы.
   Мая 10. Пятніца. 3 Міжэвічаў праз Пасінічы, у Селявічы і праз Вялікую і Малую Кракотку, у Перавалоку.
   Мая 11. Субота. 3 Перавалокі - праз Блізкую, у Ружаны - праз Бярэзніцу, у Варанілавічы.
   Мая 12. Нядзеля. 3 Варанілавіч праз Шчытну, у Альбу, Косава, Белавічы.
   Мая 13. Панядзелак. 3 Белавіч ў Гошчава і Яглевічы.
   Мая 14. Аўторак. Дзень каранавання іх Імпертарскіх Вялікасцяў. З Яглевіч у Аляксееўку, дзе павінна быць архіерэйскае богаслужэнне. Выезд у Боркі. Любішчыцы.
   Мая 15. Серада. 3 Любішчыц у Дабрамысяь і Быцень.
   Мая 16. Чацвер. 3 Быценя ў Гавейнавічы, Шылавічы і гор. Слонім - на вакзал."
   
   У Гродна Прэасвяшчэнны Іаакім найчасцей служыў у кафедральным Сафійскім саборы і ў Барыса-Глебскім мужчынскім манастыры. "Гродзенскія епархіяльныя ведамасці" паведамлялі, што 24 лютага 1902 года Уладыка служыў Літургію ў кафедральным саборы, а вечарам, у той жа дзень, у саслужэнні браціі Барыса-Глебскага манастыра служыў у царкве гэтага манастыра вялікае Ўсяночнае набажэнства. Перад Чынам даравання Уладыка звярнуўся да ўсіх прысутнічаючых у храме ў вялікай колькасці вернікаў з глыбока-павучальным словам аб значэнні Вялікага посту св.Чатырохдзясятніцы, аб сапраўдным пакаянні і аб яго пладах. На вячэрнім богаслужэнні прысутнічала ў храме ўсё гарадское белае духавенства".
   Уладыка Іаакім часта ўдзельнічаў ва ўрачысташях і асвячэннях. Да святкавання стагоддзя Гродзенскай губерніі на сродкі Гродзенскага губернскага камітэта апекі аб народнай цвярозасці быў пабудаваны новы Народны дом. Кошт будынку да 25000 рублёў. Гэта быў вялікі каменны дом у выглядзе літары Т на Акцызнай плошчы ў Гродне. У Народным доме была вялікая аўдыторыя з узвышэннем у пярэдняй частцы для чытання, перад узвышэннем - памяшканне для аркестра. Была і бібліятэка. Асвячэнне дома адбылося 3 студзеня 1902 года. У гадзіну дня прыехаў Уладыка Іаакім, амаль усё гарадское духавенства, губернатар і мноства народу. Уладыка, ў саслужэнні архімандрыта Васілія, кафедральнага протаіерэя і яшчэ чатырох свяшчэннікаў, выканаў асвячэнне па Кіеўскаму чыну.
   13 кастрычніка 1902 г. была ўрачыста асвечана жаночая царкоўна-прыходская школа ў Верцялішках. Уладыку сустрэў Хрэсны ход, а мясцовы валасны старшыня паднёс хлеб-соль. Была адслужана Літургія ў саслужэнні кафедральнага пратаіерэя М.Дзікоўскага, епархіяльнага наглядчыка свяшчэнніка І.Карчынскага і інш. Збіраўся прысутнічаць на ўрачыстасці губернатар П.А.Сталыпін, але не змог: прыслаў толькі віншаванне. Будынак з цэглы даўжынёю ў 26 аршын, шырынёю 15 аршын і вышынёю ад фундамента да верхняй сувязі 15 аршын -такой была новая школа. У ёй былі памяшканні, прызначаныя як для вучняў, так і для настаўніцы.
   Прэасвяшчэнны Іаакім асвячаў і дамавую царкву пры Беластоцкай Мікалаеўска-Александрынскай жаночай гімназіі (20 кастрычніка 1902г.).
   10 лістапада 1902 г. Уладыка ўдзельнічаў ва ўрачыстасцях Гродзенскай брацкай жаночай нядзельнай школы з нагоды 10-годдзя з дня яе адкрыцця. Пры ўдзеле хора і духавенства (6 іерэяў) быў адслужаны ўрачысты малебен. Уладыка звярнуўся да прысутных з глыбока-павучальным архіпастырскім словам. Быўшаму загадчыку нядзельнай школы, інспектару народных вучылішч А.Л.Вышаслаўцаву Уладыка падарыў ад савета брацтва святую ікону Збавіцеля, ад сябе асабіста -архіпастырскае благаславенне і Пахвальны ліст. Такім жа благаславеннем - святымі іконамі ад савета брацтва і архіпастырскім благаславеннем Уладыкі, з уручэннем Пахвальных лістоў - былі ўшанаваны ўсе выкладчыкі нядзельнай школы на чале з яе загадчыкам - саборным свяшчэннікам айцом Пятром Дзядзевічам.
   Уладыка заўсёды клапаціўся аб нядзельных школах, бібліятэках. Атрымаўшы ліст ад упраўляючага Маскоўскай Сінадальнай тыпаграфіяй, у якім звярталася ўвага на выданне жыцій святых (па кіраўніцтву Міней-Чэцій св. Дзімітрыя Растоўскага) як на матэрыял для выхаваўчага чытання. Уладыка Іаакім на гэтым лісце 5 кастрычніка 1902 г. за № 3343 налажыў наступную рэзалюцыю: "Рэкамендуецца духавенству епархіі для выпіскі ў бібліятэкі цэркваў епархіі і абавязкова ў благачынніцкія бібліятэкі, манастырскія, кафедральнага сабора і архіерэйскага дома".
   Цікавіўся Уладыка справамі і праблемамі праваслаўнага брацтва, што дзейнічала пры Сафійскім саборы. 10 сакавіка 1902 г. у актавай зале Гродзенскай мужчынскай гімназіі пад старшынствам Прэасвяшчэннага Іаакіма адыблося гадавое паседжанне агульнага сходу членаў Сафійскага праваслаўнага брацтва, на якім прысутнічала разам з Яго Прэасвяшчэнствам 78 чалавек. Уладыка выказаў меркаванне, каб і саборны стараста карыстаўся правамі члена савета брацтва. Ен жа прапанаваў, каб сход прызнаў неабходным за асаблівыя заслугі членаў савета Я.А.Скупіо, які навёў узорны парадак на кніжным і іконным складзе брацтва і А.В.Пігулеўскага за шматгадавую і карысную дзейнасць у брацтве выбраць ганаровымі членамі. Прапанова была прынята сходам адзінагалосна.
   Згодна пратакольнаму вызначэнню ад 27-28 ліпеня 1902 г., зацверджанаму Яго Прэасвяшчэнствам, пратаіерэю Кранштадтскага Андрэеўскага сабора айцу Іаану Сергіеву была выказана ад епархіяльнага начальства падзяка за ахвяраванне 900 руб. на патрэбы дзевяці цэркваў (па 100 руб на кожную, сярод якіх былі Алянсандра-Неўская царква ў Гродне і Краснастоцкі жаночы манастыр). У той жа час Уладыка Іаакім сам заўсёды садзейнічаў збору ахвяраванняў для патрэб іншых. "Гродзенскія епархіяльныя ведамасці" ад 23 чэрвеня 1902 г. паведамлялі, што "са згоды Аўгусцейшай Апякункі Расійскага Таварыства Чырвонага Крыжа Гасударыні Імператрыцы Марыі Фёдараўны галоўнае ўпраўленне Таварыства прадставіла Прэасвяшчэннаму Іаакіму, епіскапу Гродзенскаму і Брэсцкаму, права нашэння Найвышэйша устаноўленага 24 чэрвеня 1899 г. знака Чырвонага Крыжа за садзейнічанне ў зборы ахвяраванняў на карысць раненых і хворых воінаў на Далёкім Усходзе".
   Так праходзілі гады архіпастырскага служэння Прэасвяшчэннейшага Іаакіма ў Гродне. На жаль, гэта толькі крупіцы з усей яго дзейнасці, якая застаецца для нас малавядомай.
   Праўда, час аставіў некаторыя сляды гэтай дзейнасці. Так, у Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве захоўваецца антымінс, асвячоны Уладыкай Іаакімам у 1900 годзе. (Гэты антымінс, разам з іншымі царкоўнымі рэліквіямі быў перададзены Каложскай царкве Уладыкай Арцеміем на пачатку 2000 года - Юбілейнага года Гродзенскай епархіі.)
   Атрымаўшы прызначэнне ў канцы 1903 года ў Арэнбургскую епархію, Уладыка Іаакім назаўсёды пакінуў наш горад.
   Аўтар кнігі "Мучанікі, іспаведнікі і падзвіжнікі благачэсця Расійскай Праваслаўнай Царквы XX стагоддзя" іераманах Дамаскін (Арлоўскі) аб далейшым лёсе Уладыкі Іаакіма Лявіцкага піша так: "У 1909 годзе Уладыка быў пераведзены ў Ніжні Ноўгарад з узвядзеннем у чын архіепіскапа.<...> Ніжагародцы таксама палюбілі яго.
   У 1917 годзе архіепіскап паехаў на Памесны Сабор у Маскву і ў Ніжні Ноўгарад ужо не вярнуўся. 3 Памеснага Сабора ён паехаў у Крым наведаць сына з сям'ёй. Расказваюць, што калі яго дамашнія паехалі ў госці і архіепіскап застаўся адзін, з'явіліся бандыты (менавіта хто - засталося невядомым) і павесілі яго.
   Па іншых звестках, Уладыка быў павешаны на Царскіх варотах ўніз галавой, калі ён ма-ліўся ў саборы, а ў храм уварваліся бальшавікі і арганізавалі пагром святога месца.
   Дакладна вядома толькі тое, што свой зямны шлях Прэасвяшчэнны Іаакім закончыў пакутніцкай смерцю, застаўшыся верным Царкве і Богу
   Па матэрыялам ГЕВ.
   

на главную страницу
сайта Гродненской епархии