Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля аб мытару і фарысею

Не паспелі скончыцца дні святочныя, калядныя, ужо падыходзіць час Вялікага посту. І гэта цудоўны час,выдатны час, які мы ўсе любім – час пакаяння, калі пачынаюць спяваць гэты дзівосны малітоўны гімн “Покаяния отверзи ми двери, Жизнодавче”. “Отверзи”, бо складана нам бывае каяцца, усведамляць, адчуваць сябе бяссільнымі і ўбогімі, нікчэмнымі перад Богам.

І таму Царква зноў адкрывае перад намі каштоўную старонку Евангелля, дзе апавядаецца пра двух людзей, якія маліліся ў храме. Ні адзін чалавек не можа выканаць усё і сваімі сіламі стаць цалкам чыстым ад якога-небудзь грэху. І яшчэ адно: чалавек, які выконвае запаведзі знешне, а ў сэрцы захоўвае ганарлівасць, асуджэнне і злосць, усё роўна знаходзіцца далёка ад Бога. Трэба імкнуцца, старацца, прыкладаць намаганні, кожны дзень і кожную гадзіну змагацца з сабой, са сваімі грахамі, падаць, уставаць, зноў падаць, зноў уставаць, дасягаць чагосьці, але памятаць, што заўтра мы можам гэта страціць, і зноў трэба будзе змагацца, не аслабяваючы, але памятаць: па справядлівасці мы ўсё роўна нявартыя, а прымае нас Гасподзь па сваёй міласэрнасці. І таму ніякога супакаення, ніякой ганарлівасці не павінна быць у нас. Той, хто спыніўся, – ужо не можа рухацца да Бога. Заўсёды адчуваць, што мы ад Яго далёкія, заўсёды прагнуць наблізіцца да Яго, каб любоў да Госпада рухала намі, каб мы ўсе імкнуліся, нават калі мы бяссільныя і ўпалі – усё роўна ісці да Яго. Патрэбныя і справы, і намаганні па барацьбе з грэхам, але ніколі не думаць, што толькі сваімі сіламі мы сябе ўдасканалім. Благадаць Божая мілуе, прабачае, ратуе – вось наша надзея; не на сябе спадзяёмся, а на Яго; працуем, але ведаем, што ў выніку ўсё залежыць ад Яго збаўлення. І таму мы прыходзім да змірэння, якое не асуджае, да змірэння, якое жыве ў нашым сэрцы, спараджаючы прастату, сціпласць і цвярозае бачанне сябе ў ясным святле.

Калі і ёсць маральная якасць, на якую цяпер зусім не звяртаюць увагі і нават адмаўляюць, то гэта менавіта змірэнне. Культура, цывілізацыя, якая акружае нас пастаянна, узбуджае ў нас пачуццё ганарлівасці, самахвальства, самаапраўдання. Яна пабудавана на тым разуменні, што чалавек можа дасягнуць усяго сам, і нават выяўляе Бога як Таго, Хто ўзнагароджвае, як бы плаціць чалавеку за яго дасягненні і добрыя справы. Змірэнне – як рыса асабістая і агульная, этнічная і нацыянальная – лічыцца прыкметай слабасці, нявартай сапраўднага чалавека.

Сучаснаму чалавеку, выхаванаму на самаўпэненасці, бясконцым самахвальстве амаль немагчыма растлумачыць, што тое, што па-сапраўднаму дасканалае, сапраўднае, прыгожае і добрае, у той самы час змірэннае, паколькі менавіта дзякуючы сваёй дасканаласці яму не патрэбна галоснасць, знешняя слава, якая-кольвек прапаганда. Бог змірэнны таму, што Ён дасканалы; Яго змірэнне і ёсць Яго слава і крыніца ўсяго сапраўды прыгожага, дасканалага, крыніца дабра і дасканаласці, і кожны, хто набліжаецца, да Бога і пазнае Яго, хутка далучаецца да бажэственннага змірэння і Яго красы. Менавіта дзякуючы свайму змірэнню Дзева Марыя, Маці Божая сталася радасцю ўсяго свету, найвялікшым адкравеннем красы на зямлі; тое самае можна сказаць пра ўсіх святых святых і пра кожнага чалавека ў рэдкія хвіліны яго судакранання з Богам. Змірэнню вучышся, сузіраючы Хрыста, Які сказаў: “Навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і змірэнны сэрцам” (Мф. ХІ, 29). У рэшце рэшт змірэнню вучышся, сувымяраючы і параўноўваючы кожнае сваё слова, кожны ўчынак, усё сваё жыццё з Хрыстом. Бо без Яго сапраўднае змірэнне немагчымае. Падрыхтоўка да посту пачынаецца прабачэннем, малітвай аб атрыманні змірэння, бо змірэнне – гэта пачатак сапраўднага пакаяння. Змірэнне – перш за ўсё і больш за ўсё аднаўленне, вяртанне да сапраўднага парадку рэчаў, правільных паняццяў.

Адметна кажа прападобны Ісаак Сірын: “Пачатак чалавечага збаўлення заключаецца ў тым, каб чалавек шчыра лічыў сябе грэшнікам”. Уважлівы чалавек бачыць у сабе цемру грахоў, якія зліваюцца ў адну суцэльную грахоўнасць. Сузіранне сваёй грахоўнасці зацьмявае перад ім яго дабрадзействы і добрыя справы, якія кожны чалавек робіць. Чалавек, які знаходзіцца ў пастаяннай барацьбе з сабой, у пастаянным пакаянні (што адно і тое ж, пакаянне – гэта не толькі плач па грахах, але і барацьба з грэхам), сапраўды не можа падумаць пра сябе нічога добрага. Сэнс гэтай прытчы ў тым, што пакаянне – найвышэйшае дабрадзейства. Той, хто ажыццяўляе дабрадзействы, хто прымушае сябе з усіх сіл да выканання евангельскіх запаведзяў, менавіта той набывае разам з гэтым і пакаянне, і змірэнне. Вялікі падзвіжнік нашага часу, старац Сілуан Афонскі, на ўласным досведзе спазнаўшы барацьбу за ўратаванне душы, казаў так: “Наша барацьба з дыявалам бывае да тых пор, пакуль мы не змірымся”. Старажытны настаўнік набожнасці, прападобны Іаан Лесвічнік сказаў: “Змірэнне ёсць выкараняльніцай усіх страсцей”. Прападобны Сімеон Новы Багаслоў указвае: “Руплівае выкананне запаведзяў Хрыстовых навучае чалавека (г. зн. адкрывае чалавеку) яго немачы”. Але не трэба думаць, што яно набываецца адным толькі намаганнем волі або жаданнем, – сапраўднае змірэнне набываецца дабрадзействамі. Калі мы, выканаўшы ўсё знешняе, ідзем далей, скіроўваемся на свае ўнутраныя заганы, вядзем барацьбу ўнутры сябе – тады мы ўсё больш і больш зміраемся, і малітва “Божа, будзь міласцівы да мяне грэшніка” робіцца кароткім слоўным выражэннем нашага духоўнага стану. Мы ад усёй душы шчыра лічым сябе грэшнікамі і разумеем, што немагчыма ўратавацца ўласнымі сіламі, ўласнымі дабрадзействамі. Мы разумеем, што толькі Бог можа нас памілаваць. Тады і малітва наша становіцца ўважлівай, шчырай, мы ўсведамляем Бога як літасцівага Айца.

Хрысціянства – рэлігія збаўлення, а гэта значыць не проста “паляпшэння” жыцця, дапамогі ў жыццёвых нягодах, раскрыцця нормаў і прынцыпаў паводзінаў, але менавіта збаўлення. Збаўленне прапануе пагібель. Мы перасталі адчуваць сябе істотамі сапраўды гінучымі, істотамі, чыё жыццё няўмольна імкнецца да бессэнсоўнага распаду, чыё жыццё паглынаецца злом, пустатой, жахам памірання, жывёльнай барацьбой за існаванне, страшнай пажадай улады, вайной усіх супраць усіх, хлуснёй, якая атручвае самі вытокі жыцця, шэрасцю, вырачанасцю да смерці. У свеце пануе і ўсім кіруе пагібель.

Неабходна ўратаванне самога жыцця, якое так безнадзейна адарвалася ад уласнага свайго зместу, ад Бога, ад Святла, ад Ісціны, ад Вечнасці.

Такім чынам, калі мы хочам выразіць сутнасць хрысціянства не проста адным словам – Хрыстос, то скажам так: яна заключаецца ў Крыжы Хрыстовым і Яго Уваскрасенні, праз якія чалавецтва нарэшце атрымала магчымасць новага нараджэння – магчымасць адраджэння, аднаўлення таго паўшага вобразу Божага, носьбітамі якога мы ёсць. Паколькі па так званай натуральнай прыродзе мы не здольны да яднання з Богам, бо нішто пашкоджанае не можа быць супольным з Богам, то для яднання з Богам, для ажыццяўлення Богачалавецтва неабходна адпаведнае аднаўленне чалавечай прыроды. Хрыстос аднавіў яе ў Самім Сабе і даў магчымасць зрабіць падобнае кожнаму з людзей.

Свяціцель Ігнацій піша: “Пачатак звароту да Хрыста заключаецца ў пазнанні сваёй грахоўнасці, свайго падзення; ад такога погляду на сябе чалавек прызнае патрэбу ў Адкупіцелю і прыступае да Хрыста праз змірэнне, веру і пакаянне”. “Той, хто не ўсведамляе сваёй грахоўнасці, свайго падзення, сваёй пагібелі, не можа прыняць Хрыста, не можа ўвераваць у Хрыста, не можа быць хрысціянінам. Нашто Хрыстос таму, хто сам і разумны, і дабрадзейны, хто задаволены сабой, хто прызнае сябе годным усіх узнагарод зямных і нябесных?”

Усіх кліча Гасподзь, і пакаянне – гэта воля Божая ў жыцці кожнага чалавека: воля, якая любіць чалавека і напоўненая вялікімі дарамі. Пакаянне – гэта воля чалавечая, якая ведае грэх, баіцца грэху і баіцца Бога; якая ведае страх Божы і шукае вяртання да Госпада.

Сустрэча волі Божай і волі чалавечай ёсць пакаянне. Гэта сустрэча, якая адчыняе дзверы ў Царства Божае. Пакаяння дзверы і дзверы Царства Божага – гэта тыя самыя дзверы. Пакаянне – гэта не проста ўздыханне аб нашых грахах, напоўненае тугой і слязьмі. Сапраўднае пакаянне – гэта тое, што робіць чалавека здольным прыняць міласэрнасць Божую, Яго неспасціжную любоў. Гэта тое, што ахоплівае розум, сэрца і волю чалавека ўдзячнасцю да Бога, скрушанасцю сэрца, глыбокім смуткам пра свае грахі, здзіўленнем перад тым, што ажыццяўляе Гасподзь з чалавечым жыццём.

Дай нам Гасподзь разумець, што пакаянне – гэта не тое, што адносіцца да нейкага часу нашага жыцця, але тое, што адносіцца да ўсяго жыцця нашага. Гэта тое, што абазначае ўвесь шлях нашага жыцця і жыцця з Богам. Гэта тое, што адносіцца да таямніцы Крыжа і Уваскрасення і гэтай таямніцай вымяраецца. Таму і гучыць “Покаяния отверзи ми двери…” пасля таго, як мы заспяваем: “Воскресение Христово видевшее…”. Гэта тое, што адносіцца да таямніцы Бога, які стаў чалавекам і зрабіў нас здольнымі пакаяннем быць удзельнікамі Бажэственнай сутнасці. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля аб мытару і фарысею
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut