Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля перад Богаяўленнем

Сёння, знаходзячыся паміж святамі Хрыстовага Нараджэння і Богаяўлення, мы чуем пачатак Евангелля паводле Марка, дзе гаворыцца пра Іаана Хрысціцеля, і канец Другога Паслання апостала Паўла да Цімафея.

У чым заключаецца сувязь паміж гэтымі чытаннямі? Яна заключаецца ў тым, што кожнае з гэтых чытанняў гаворыць нам пра веру ў Бога як пра шлях. Вера – гэта шлях, па якім мы ідзем да Бога, і шлях, па якім Гасподзь прыходзіць да нас.

Пропаведзь Евангелля пачалася са слоў Іаана Хрысціцеля, звернутых да народа: “Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сцежкі Яму”. А апостал Павел кажа: “Подзвігам добрым я падзвізаўся, шлях («течение») завяршыў” (2 Цім. ІV, 7).

Слова «течение» ў сінадальным перакладзе значыць ‘бег’; апостал выкарыстоўвае тут вобраз бегуна на дыстанцыі, які дасягнуў сваёй мэты, які выйграў спаборніцтва.

Такім чынам, мы чуем сёння і пра пачатак, і пра канец шляху, і пра той вянец, які рыхтуецца кожнаму з тых, хто не спатыкнуўся на бегавой дарожцы духоўнага жыцця, але дасягнуў сваёй мэты. А мэта – Сам Гасподзь.

Пачаткам хрысціянскага жыцця, пачаткам, які мы павінны ўскладаць штодзённа, ёсць пакаянне. Словы Іаана Прадцечы: “Пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае” (Мф. ІІІ, 2), – звернуты да кожнага з нас. Гэтыя словы трэба разумець не ў тым сэнсе, што яно побач з намі, – яно заўсёды гатова прыйсці і прыходзіць да нас.

Пытанне толькі ў тым, ці гатовыя мы прыйсці ў Царства Божае, прыняць яго ў сябе. Бо за межамі Царства Божага застануцца тыя, хто не пажадаў або не знайшоў у сабе сіл прайсці гэты шлях да канца, – да брамы Царства Божага, хто спыніўся на паўдарозе. І мы павінны памятаць аб тым, што, хоць усе мы ўжо на шляху, але ёсць небяспека, што мы не дойдзем, спатыкнемся, не дацягнем, не дабяжым.

Сённяшняе Евангелле ў спалучэнні з пасланнем Апостала да Цімафея дае нам прыклад таго, як можна ўчытвацца ў Свяшчэннае Пісанне, як можна яго выканаць і жыць ім.

Вобраз Іаана велічны таму, што слова, якое яму калісьці сказаў Гасподзь, ён успрыняў у душу, у жыццё; так успрыняў, што стаў голасам, праз які гэта слова прагучала і дасягнула слыху кожнага.

Павел таксама пачуў слова і ўбачыў відзенне, і ўвесь сышоў у гэта слова і ў гэта відзенне. У яго ўжо не засталося ніякага жыцця, акрамя пропаведзі, акрамя радасці даваць іншым тое, што ён атрымаў, дзякуючы чаму сам ажыў да вечнага жыцця.

І ўсё, што адбылося тады, што паўтаралася на працягу ўсёй хрысціянскай гісторыі, мае непасрэднае дачыненне і да нас. Мы таксама чулі гэта слова пропаведзі, слова Евангельскае, слова апостальскае, слова малітоўнае; і мы ўсе калісьці ад гэтага слова здрыгануліся, ажылі, напоўніліся радасцю, надзеяй. І ўсе мы закліканы гэта слова выканаць, пранесці яго праз усё наша жыццё: спачатку самім жыццём, жывучы так, каб быць вартымі таго, каб адкрыліся дзверы нашай душы, каб стала даступнай тая глыбіня, у якой можа гаварыць Гасподзь; затым пранесці гэта слова так, каб яго пачулі іншыя людзі і таксама ўзрадаваліся, таксама затрымцелі. Выправіць і ўратаваць свет, які гіне, можна толькі цаной, роўнай цане Хрыстовага подзвіга – гэта значыць цаной уласнага жыцця.

Сёння Царква нагадвае нам пра той пачатак, які мы павінны ўскладаць штодзённа праз пакаянне, пра тую рашучасць, з якой мы павінны шукаць Царства Божага. Царква нагадвае і пра тое, што Хрыстос заўсёды з намі, што Царства Нябеснае блізкае да нас, і толькі ад нас залежыць, ці дасягнем мы мэты, ці пройдзем па гэтым шляху да канца, ці атрымаем мы той вянец, які падрыхтаваны кожнаму з нас Госпадам Іісусам Хрыстом. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля перад Богаяўленнем
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut