Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля перад Нараджэннем Хрыстовым

У гэты апошні нядзельны дзень перад святам Хрыстовага Нараджэння Святая Царква нагадала нам пра Святых Айцоў. Зусім нядаўна, літаральна сядміцу таму, мы з вамі ўспаміналі святых Праайцоў. І тады мы гаварылі, што Праайцамі ёсць тыя старазапаветныя праведнікі, якія жылі верай у абяцанага Месію.

Святымі Айцамі былі таксама старазапаветныя праведнікі, але толькі тыя, хто па плоці сваёй уваходзіў у радаслоўную Хрыста Збаўцы.

Мноства людзей жыло верай у чаканні таго, што было адкрыта нашым Праайцам. Дзень Хрыстовага Нараджэння быў самым жаданым днём. Але няхутка па стварэнні свету настаў гэты дзень. Трэба было людзям яшчэ шмат папрацаваць, трэба было, каб грэх, як цяжкая язва, увесь выйшаў вонкі для канчатковага, дасканалага вылячэння хваробы. Бо ўратаваць можна толькі таго, хто ўсімі сіламі сваёй душы жадае збаўлення, таго, хто цвёрда засвоіў, што ён – гіне і самому яму не ўратавацца, хто ўсвядоміў патрэбу ў Збаўцу.

Не было таксама паміж людзьмі такога чыстага, святога чалавека, ад якога мог бы нарадзіцца Збаўца свету. Праведным (а іх было нямала) даводзілася захоўваць дадзеныя абяцанні з цвёрдасцю, з барацьбой сярод спакус свету і пераносіць нягоды з вялікай самаахвярнасцю. Такіх вялікіх і рэдкіх дабрадзействаў у старазапаветных праведніках не было б, калі б яны не былі цвёрда ўпэўнены ў неадменным прышэсці Збаўцы і ў сваім уласным збаўленні. Інакш з якой прычыны, да прыкладу, сабой ахвяраваць, цярпець гора, нястачу, пабоі, кайданы, адмаўляцца ад любові да айчыны, ісці кудысьці ў невядомую краіну? Пра такое самаахвяраванне, пра такую вялікую веру для нашага навучання і прапануецца нам святой Царквой цяпер, перад днём Хрыстовага Нараджэння, апостальскае чытанне. У пасланні да яўрэяў, якое мы чыталі сёння за Літургіяй перад чытаннем Евангелля, апостал Павел піша пра гэтых людзей, з надзеяй чакаўшых свайго Бога. Святы апостал Павел кажа нам пра веру Аўраама, Ісаака, Іакава і іншых старазапаветных праведнікаў.

І невыпадкова мы сёння з вамі ў часе чытання Евангелля чулі імёны многіх і многіх людзей, якія ўвайшлі ў радавод Госпада і Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста. Апостал Матфей, – а менавіта яго Евангелле было сёння прапанавана нашай набожнай увазе за сённяшняй літургіяй, – нагадаў нам пра гэтых старазапаветных людзей. І мы з вамі з усяго гэтага апавядання ведаем, што радавод Хрыста Збавіцеля пачынаецца ад айца вернікаў – старазапаветнага патрыярха і праведніка Аўраама. Працягвалася гэта дрэва аж да самай Дзевы Марыі і Яе абручніка праведнага Іосіфа.

Праведнікі, якія пералічаны ў радаводзе Збаўцы, сваімі подзвігамі, дабрадзейным жыццём і перанясеннем цяжкіх выпрабаванняў заслужылі тое, каб менавіта з іх народа паходзіў па плоці Іісус Хрыстос. Хаця ў кожным з іх, як і ў любым чалавеку, як і ў нас, дзейнічаў грэх, але ў той жа час яны жылі чаканнем прышэсця Збаўцы, Месіі, і гэта галоўная ідэя іх жыцця была для іх пуцяводнай зоркай. Яны, як мы бачылі, нягледзячы на цяжкія абставіны, не палі духам, а пераносілі нягоды і прыніжэнні, несумненна чакаючы збаўлення, магчыма, у далёкім мінулым. Перш за ўсё, з доўгага пераліку пакаленняў, якія папярэднічалі Хрысту, мы ясна бачым, наколькі доўгім шляхам вярталася паўшае чалавецтва да свайго Бога, як пакутліва складанай была дарога, колькі годных і праведных людзей чакала, але так і не дачакалася за ўсё сваё доўгае жыццё радаснай гадзіны выканання спадзяванняў.

Ад іх патрабаваліся ахвяраванні, нялёгкія для сэрца; аднак яны верылі ва Усемагутнага і Міласцівага Бога. Падобная вера, натуральна, грунтуецца на пачуццях багавейнасці і любові да Найвышэйшага Творцы, пранікаецца імі, і праяўляецца ў гатоўнасці паслужыць Яму.

Найлепшыя людзі Старога Запавета сваім подзвігам выбудавалі для Збаўцы храм, варты Яго. Гэтым домам Усявышняга явіўся сапраўдны вянец тварэння – непараўнаная ў красе і чысціні душы Сваёй, “пачэснейшая за херувімаў і непараўнальна слаўнейшая за серафімаў” Боганявеста і Багародзіца, Вечнадзева Марыя.

У Найблагаславеннейшай Дзеве Марыі была яўлена вяршыня чалавечай дасканаласці, якая пераўзышла веліч бясплотных Нябесных ангелаў. Маці Божая быццам выткана са змірэння і дабрыні, міласэрнасці і любові. Яна ўся – святло, якое раскрываецца насустрач Святлу Боскаму. Лагодная Боганявеста “паразіла галаву змея” (Быц. ІІІ, 15), перамагла падступнасць дыявала, які меў намер зняславіць стварэнне Божае, – бо калі б і Ёй Адной увянчалася стварэнне, то і тады гэты свет быў бы створаны недарэмна. Так зямны покліч да Нябёсаў, лесвіца чалавечай праведнасці прывяла да Прастола Усявышняга. Старажытная Ева, паддаўшыся сатанінскай спакусе, парадзіла грэх і смерць. Прасвятая Дзева, падпарадкоўваючыся волі Гасподняй, парадзіла для ўсіх нас Ісціну і неўміручасць. І цяпер Царыца Нябесная, створаная, як і мы, з плоці і крыві, кліча нас да вечнага шчасця, моліць за нас Сына Свайго і Госпада.

“Ад Марыі нарадзіўся Іісус, Якога называюць Хрыстос” (Мф. І, 16) – вось найблажэннейшая вестка, якая гучыць для нас услед за свяшчэнным радаводам. Заззяла зорка Віфлеемская! Явіўся Збаўца свету! Пачалося вызваленне чалавецтва з рабства душазабойцы – сатаны!

Ва ўсе часы і ва ўсіх народаў была толькі адна магчымасць з Богам злучыцца – праз веру. Не праз давер таму факту, што Бог ёсць, а праз жывую сувязь з Богам. Пагэтаму калі чалавек не ідзе насустрач Богу, не збіраецца неяк прыслухоўвацца да таго, што Гасподзь кажа, гэта значыць, што ў яго няма веры. А чым больш чалавек веруе, чым больш ён бачыць Бога, чым больш ён бачыць, як Гасподзь дзейнічае ў яго жыцці, тым больш у чалавеку расце і подзвіг яго.

Часта, вельмі часта па малавер’і мы ўсю надзею ўскладаем на людзей моцных, заможных, як бы забываючы пра першую і галоўную Крыніцу ўсякага дабра – Бога.

Святая Царква наша пераканаўча навучае нас захоўваць і ажыўляць сваю веру праваслаўную паражальнымі і годнымі прыкладамі веры ў старазапаветных людзях.

“Майце ж, браты, цвёрдую веру ў Адзінага Вялікага Бога” (Мк. ХІ, 23). Ускладзіце на Госпада ваш смутак. Ён нас не пакіне, Ён памілуе нас у нашых грахах і ўратуе, бо толькі Ён адзіны Добры і Чалавекалюбны.

Вера становіцца ратавальным каўчэгам, якім кіруе Сам Гасподзь, Які вядзе нас да брамы праведнасці. І знікне страх, з якім мы глядзім у заўтрашні дзень, бо што такое ён, гэты заўтрашні дзень, калі таму, хто веруе ў Бога і жыве ў Ім, абяцана вечнасць.

Як жа здабыць такую веру? Толькі выкананнем запаведзяў. Вось толькі такім чынам: трэба ўчытвацца ў Свяшчэннае Пісанне, і спазнаваць запаведзі Божыя, і старацца гэтыя запаведзі выконваць. І тады Гасподзь будзе да нас набліжацца. Вось тады наша жыццё прынясе плод, у адваротным выпадку яно, уласна кажучы, не мае ніякага сэнсу.

На жаль, вельмі многія, гледзячы на наша з вамі хрысціянскае жыццё, дзівяцца з таго, як мы наважваемся называць сябе вернікамі, яе мы наважваемся называць сябе хрысціянамі. Дзівяцца таму, што наша з вамі жыццё далёкае ад тых ідэалаў, далёкае ад усяго таго, да чаго заклікае наш Гасподзь і Збаўца Іісус Хрыстос.

Святая Царква нагадвае нам сёння пра людзей, якія ўвайшлі ў радавод Хрыста Збаўцы, таму, што мы з вамі не чужыя для нашага Збаўцы. Усе мы без выключэння – Яго дзеці, Яго родныя браты і сёстры. Вялікі ава Святой Хрыстовай Царквы прападобны Серафім Сароўскі кажа пра тое, што калі чалавек прычашчаецца Святых Хрыстовых Тайнаў, то ён становіцца суцялесным нашаму Госпаду, ён сапраўды ўваходзіць у радавод нашага Госпада і Збаўцы Іісуса Хрыста.

Задача ўсяго нашага жыцця – стаць народам Божым, стаць тым абраным Богам чалавецтвам, праз якое любы і кожны змог бы ўвайсці ў зносіны з Богам. Гэта гледзячы на нас, свет павінен быў бы ўбачыць лік Хрыстоў. Гэтаксама як і ў Старажытным Ізраілі належала ўзнікнуць целу Богачалавека, так у Новым Ізраілі – у Царкве – таямніча ствараецца цела Хрыстова. Для таго і абраў нас Гасподзь ад свету, каб мы сталі Яго народам.

Нам трэба шкадаваць аб тым, што ёсць людзі, якія маглі б быць членамі святой Царквы, але знаходзяцца ў змроку, за іх нам трэба маліцца і праліваць цёплыя слёзы. А цярпенне нам нашмат лягчэй мець, чым у Старым Запавеце, толькі мы не ідзем гэтым шляхам. У нас ёсць яшчэ вера і нават жаданне вызнаваць яе, але цярпення ў нас няма. Вось старазапаветныя праведнікі і даюць нам узор цярпення. Калі надыходзячае свята для многіх з нас ёсць радасцю, то ўспомнім старазапаветных айцоў, якія ішлі подзвігам цярпення і на гэтым шляху дасягнулі веры і духоўнага досведу.

Набліжаецца найсвятлейшае свята Хрыстовага Нараджэння. Няўжо да сустрэчы Боскага Немаўляці не зможам мы падрыхтаваць свае душы і яны застануцца падобнымі вярцепам – цёмнымі, бруднымі, халоднымі? Няхай не адбудзецца з намі гэтага! Няхай кожны вы́меце вон з душы сваёй калючае смецце граху, запаліць свячу веры, зацепліць лампаду надзеі, сагрэе ўнутраны свет свой святой любоўю – няхай упрыгожыцца храм душы хрысціянскай, у якім хоча нарадзіцца Сын Божы, Гасподзь і Збаўца наш!

І тады ўзрадуемся мы найчысцейшай радасцю, падрыхтаванай святымі праайцамі і абвешчанай прарокамі, радасцю, якая збылася для нас, любімых дзяцей Нябеснага Айца, бо “Высокі Бог на зямлі явіўся, каб узняць нас да нябеснай вышыні”. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля перад Нараджэннем Хрыстовым
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut