Архiепiскап Арцемiй. Уваскрашэнне сына ўдавы Наінскай

У сённяшнім евангельскім чытанні мы чулі аповед пра тое, як Гасподзь Іісус Хрыстос уваскрасіў сына ўдавы ў горадзе Наіне. Пра гэта паведамляе святы евангеліст Лука.

Калі Іісус у суправаджэнні Сваіх вучняў і вялікага натоўпу падыходзіў да гарадскіх варот, з горада выносілі нябожчыка, адзінага сына ў маці – удавы. Гасподзь Іісус Хрыстос спыніў гэту працэсію, дакрануўся да пасцелі памерлага, і той уваскрэс з мёртвых.

Са смерцю свайго сына наінская ўдава страчвала ўсё. І, хоць на пахаванне яе сына выйшлі многія, але ў натоўпе людзей, што спачувалі, яна была бязмерна самотнай.

І вось у гэты момант Збавіцель убачыў яе. У гэты момант Ён падышоў да яе. Напэўна, яна ўжо была не ў стане нічога гаварыць, думаць, яна была забіта сваім горам. Збавіцель не стаў гаварыць з ёй ні пра што, не стаў выпрабоўваць веру, нават каб паказаць глыбокую веру гэтай жанчыны іншым людзям. Ён проста ўзяў і ацаліў ад смерці, не ад хваробы, але ад смерці яе сына.

Асаблівая каштоўнасць у аповедзе аб ацаленні сына наінскай удавы – гэта дзеянні Збавіцеля: Ён злітаваўся над ёй. Напэўна, калі мы задумаемся над гэтым эпізодам, то мы адразу зразумеем яго глыбокі рэлігійны сэнс. Уваскрашаючы памерлага юнака, Хрыстос тым самым прадэманстраваў усім, што менавіта так будуць уваскрашоныя ад смерці ўсе праведнікі, калі Ён прыйдзе ў гэты свет другі раз. Гэта была падзея, якая яўляла сэнс Яго прыходу ў гэты свет, – збаўленне людзей ад вечнай смерці.

Важна дзівоснае спачуванне і любоў Хрыста да гэтай жанчыны. Ён не хоча выпрабоўваць яе веру ніяк, бо ведае, што пакуты яе настолькі бязмерныя, што акрамя Яго, Бога, для яе не застаецца ніякой надзеі ў гэтым свеце. І вось Ён, Бог, які прыйшоў у гэты свет, выконвае тое, на што ўжо і не спадзявалася гэта няўцешная ўдава. Ён творыць цуд, невядомы цуд, які палохае людзей. Людзі разыходзяцца ў збянтэжанасці, страху. Так, напэўна, і мы з вамі, стаўшы сведкамі такога роду ўваскрашэння, спалохаліся б таго, якая вялікая таямніца ўвайшла ў наша жыццё.

Калі мы з вамі сапраўды стараемся быць хрысціянамі, калі мы ідзем за Хрыстом і ставім у цэнтр свайго існавання жаданне быць з Богам там, дзе Ён знаходзіцца, то і мы над кімсьці мусім злітавацца, кагосьці пашкадаваць. І тады мы самі станем рукамі, вачамі Божымі, сродкам Божым. Тады праз нас праўда Божая і Яго благадаць будуць перадавацца. Тады на нас не спыніцца евангельская праўда, евангельскае прароцтва і абяцанне Хрыста.

Няма каму, акрамя нас, пашкадаваць людзей, якія пакутуюць і якіх жыццёвыя абставіны моцна абцяжарваюць. Іх шкадуе Бог, але Ён гэта робіць праз нас.

Большасць бед чалавечых адбываецца нават не ад прамога грэху, а ад страху. Ад боязі адзіноты. Ад таго, што няма на каго ўскласці надзею, а Хрыстос нам здаецца такім далёкім. Але Ён зусім не далёкі. Проста не трэба Яго выпрабоўваць, не трэба стаяць побач і чакаць – дапаможа ці не дапаможа. Дапаможа заўжды. Але ты не закліканы быць толькі сведкам – глядзець, як Хрыстос дапамагае, ацаляе, суцяшае, выцірае слязу.

За Хрыстом ішлі людзі, якія не проста глядзелі, што адбудзецца, а вучыліся рабіць гэтаксама, як Ён, каб пазней, магчыма, у самую каштоўную секунду свайго жыцця, зрабіць так, як Ён вучыў.

На Таемнай вячэры Гасподзь сказаў Сваім вучням: “Я ёсць шляхам, ісцінай і жыццём” (Ін. ХІV, 6). Гэтыя словы ёсць для нас пуцяводнымі, бо чалавек, які прывіваецца да Хрыста, як галінка прывіваецца да ствала, ад Яго Самога пачынае чэрпаць жыватворныя сокі, якія робяць яго несмяротным і ёсць для яго зарукай жыцця вечнага.

Крыніцай жыцця вечнага для нас усіх ёсць перадусім Таінства Святога прычашчэння, калі мы ўнутр сябе прымаем Цела і Кроў Збавіцеля. Святыя Тайны жывуць у нас і дзейнічаюць, ажыўляючы і абагаўляючы нашу чалавечую прыроду.

Калі мы тут на зямлі жывем у прысутнасці Божай, молімся Госпаду і злучаемся з Ім праз Таінства Святога прычашчэння, вызнаем свае грахі, працуем над сабой, тады ў нас ёсць надзея на тое, што па смерці фізічнай мы пяройдзем у вечнае жыццё, дзе будзем знаходзіцца з Богам.

Але калі мы на гэтай зямлі жывем не з Богам, а дагаджаем сваім чалавечым страсцям, калі не адчуваем прысутнасць Божую ў сваім жыцці, прычашчаемся Святых Хрыстовых Тайнаў, але пры гэтым не адчуваем, што носім у сабе Самога Хрыста, калі мы чуем запаведзі Божыя, але не выконваем іх, тады смерць і наступны за ёй непазбежны для ўсіх Страшны суд стануць для нас выракам, які канчаткова падвядзе рысу пад тым, што мы рабілі ў зямным жыцці.

Гасподзь заклікаў нас у Царкву, і Ён дае нам магчымасць карыстацца Бажэственнай благадаццю праз прычасце Святых Хрыстовых Тайнаў, каб мы падрыхтавалі сябе да жыцця вечнага, каб увайшлі ў яго злучанымі з Богам, вернымі Яму і ў чаканні сустрэчы з Ім.

Гэта сустрэча, якая чакае ўсіх нас за парогам смерці, пачынаецца ўжо ў гэтым жыцці. І калі мы на сваім жыццёвым шляху сустрэлі Хрыста, калі мы палюбілі Яго, жывучы ў нашым зямным целе, калі навучыліся следаваць Яго запаведзям і звяраць сваё жыццё з Евангеллем, то і ў будучым жыцці мы будзем жыць з Богам.

Кожны раз, калі мы прыходзім у храм Божы ці калі становімся дома на малітву, будзем прасіць Госпада Іісуса Хрыста, каб Ён выкараніў з нашай чалавечай прыроды ўсё страснае і грахоўнае, каб ужо ў зямным жыцці нам далучыцца да жыцця вечнага, у якім пануе Сам Гасподзь Іісус Хрыстос. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Уваскрашэнне сына ўдавы Наінскай
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut