Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля 19-я па Пяцідзясятніцы. Сучаснае маральнае падзенне

Сённяшні евангельскі аповед, тое, пра што сёння кажа нам Хрыстос, як нам здаецца, выходзіць за межы магчымага. “Вы давайце без надзеі вярнуць і любіце тых, хто вас ненавідзіць”. І ўсё наша зямное ўладкаванне гэтаму пярэчыць.

Але ў любой прыземленасці можна знайсці магчымасць паводзіць сябе па-евангельску. І калі Ён кажа: “Рабíце дабро тым, хто вас не любіць, і прабачайце тым, хто вас ненавíдзіць”, – Ён мае на ўвазе наступнае: не будзьце абыякавымі, таму што абыякавасць забівае любое пачуццё, але ўсім тым, хто вам сімпатычны і несімпатычны, блізкі і няблізкі, даруйце, бо толькі ў гэтым надзея на ваша ўласнае прабачэнне.

Зазор паміж тым, наколькі міласэрны Айцец наш Нябесны – а Ён міласэрны бязмежна, – і тым, наколькі міласэрныя мы самі ў адносінах да іншых людзей, – вось гэта дыстанцыя і вызначае тое, якія мы хрысціяне. Нічога іншага няма ў вучэнні Збавіцеля. І аскетыка наша, і малітоўнае правіла, і ўсё ўвогуле пабудавана дзеля таго, каб чалавеку было лягчэй стаць міласэрным, як міласэрны Айцец наш Нябесны.

Нам, асабліва на першых этапах нашага хрысціянскага жыцця, вельмі цяжка быць міласэрнымі і чыніць дабро, парой, нават ненавісна. Але няхай мы спачатку будзем гэта рабіць неахвотна. Ды нават у тым праяўляецца міласэрнасць, каб не сказаць злога, асуджальнага слова.

Калі мы ўдумаемся ў сённяшняе Евангельскае чытанне, шчыра паспрабуем супаставіць яго сэнс з нашым жыццём, то кожны з нас павінен будзе ў сэрцы сваім сказаць, што ён не проста дрэнны хрысціянін, ён, магчыма, зусім яшчэ не хрысціянін. Колькі б многа ён ні хадзіў у храм, як бы доўга ён ні маліўся, як бы добра ён ні трымаў пасты, калі няма ў яго сэрцы здольнасці любіць, то ён яшчэ далёкі ад Хрыста, ён яшчэ не стаў хрысціянінам.

І тым не менш, кожны раз, калі сённяшняе Евангельскае чытанне гучыць у храме, кожны раз Царква ўказвае нам менавіта на гэта. І вельмі складана жыць з думкай пра тое, што ты сапраўды яшчэ вельмі далёкі ад Хрыста, што ты сапраўды яшчэ няздольны любіць не толькі ворагаў, але нават сяброў, падчас, нават сваіх родных. І здаецца, любое наша пакаянне, любое наша запэўніванне Бога ў тым, што мы зможам у рэшце рэшт калі-небудзь па-хрысціянску любіць, будзе хлуснёй, будзе няпраўдай. І натуральна, можа пасля гэтага пасяліцца ў сэрцы паныласць, бо сапраўды немачныя мы і слабыя, бо не можам любіць па-хрысціянску. А між тым, няма іншага шляху, каб стаць хрысціянінам, акрамя як палюбіць.

Тут схаваная, можа быць, адна з галоўных таямніц хрысціянскага Адкравення ў гэтым, напоўненым злосцю, нянавісцю, зайздрасцю і асуджэннем свеце. Сапраўды, Царства Хрыстовае не ад гэтага свету, бо гэта Царства Любові, і Царства гэта сцвярджаецца ў гэтым свеце, напоўненым злосцю і нянавісцю.

Каб зразумець прычыну гэтага, каб убачыць шлях выхаду з гэтага царства нянавісці, злосці і асуджэння, якое рвецца скрозь царкоўную браму ў Царства Хрыстова, трэба паспрабаваць адчуць сябе ў поўнай меры перад абліччам Хрыста. Трэба задумацца над тым, чаму так склаўся лёс наш з вамі, лёс нашых продкаў, што так мала было ў жыцці нашым і ў жыцці іх любові.

Мы з вамі з’яўляемся прадаўжальнікамі той эпохі, у якой нянавісці было больш, чым калі-небудзь. І мы з вамі, не прайшоўшы з дзяцінства школы любові, не сутыкаючыся з прыкладамі той сапраўды хрысціянскай любові, пра якую кажа Евангелле, вельмі добра прайшлі школу нянавісці. Прайшлі яе мы, прайшлі яе нашы бацькі і дзяды. Калісьці нашых продкаў вучылі ненавідзець усё найлепшае, што было ў нашай Айчыне.

Але вось не стала за некалькі дзесяцігоддзяў тых саслоўяў, тых людзей, якія і яўлялі вельмі часта прыклад ахвярнасці і спачування, любові і міласэрнасці. І наступіў страшны час, калі чалавек, каб выжыць, каб не быць арыштаваным і асуджаным, павінен быў пастаянна выяўляць у сваім жыцці нянавісць; ён павінен быў пастаянна выкрываць ворагаў, шукаць ворагаў, знішчаць ворагаў. І ворагамі для яго станавіліся ўсе: суседзі па камунальнай кватэры, саслужыўцы па рабоце, за якімі трэба было сачыць і на якіх трэба было даносіць. І простая чалавечая парадачнасць, простая чалавечая цярпімасць і спачуванне сталі подзвігам. Подзвігам стала тое, каб, жывучы ў гэтым свеце, застацца самім сабой, бо потым нас сталі вучыць ненавідзець проста тых людзей, якія не падобныя да вас, якія жывуць чымсьці іншым, чым павінны жыць мы ўсе ў страшным царстве ўсеагульнай “роўнасці” і абязлічанасці. І так працягвалася дзесяцігоддзямі.

Страшна было ўвайсці ў храм, страшна было працягнуць руку чалавеку, сям’я якога рэпрэсаваная, страшна было казаць праўду. І, сапраўды, вельмі многія людзі могуць быць героямі, тым больш, калі герояў гэтых знішчаюць на іх вачах. Паступова мы прызвычаіліся да таго, што трэба жыць так, каб не толькі не любіць, але каб трэба было кагосьці абавязкова ненавідзець. І зараз, калі, здавалася б, стала лягчэй, калі ўжо нястрашна ісці ў храм, калі можна казаць праўду, у тым ліку і праўду пра Хрыста, калі можна, не баючыся быць расстраляным і асуджаным, казаць пра тое, што ты хрысціянін, і паводзіць як хрысціянін, мы адчуваем, як нам гэта цяжка.

Больш за тое, калі за апошнія гады ў Царкву прыйшло нямала людзей, якія атрымалі выхаванне ў абязбожаным грамадстве, мы ўбачылі тое ж, што ўбачылі хрысціяне ІV стагоддзя, калі пасля ганенняў на хрысціянства ў Рымскай імперыі, хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй, і ў Царкву ўвайшлі многія язычнікі. Гэтыя людзі прынеслі з сабой той дух нянавісці і нецярпімасці, у якім яны былі выхаваны ў ранейшыя часы. І вось ужо мы ў сваім асяроддзі сустракаем тыя ж грахоўныя страсці, тыя ж чалавеканенавісніцкія, а значыць і боганенавісніцкія заклікі. Мы бачым, што вельмі часта прыходы пачынаюць пераўтварацца ў сходы людзей, якія думаюць не аб збаўленні і любові Хрыстовай, а болей думаюць аб нянавісці да тых, хто не так, як ім здаецца, моліцца, не так, як ім здаецца, думае, не так, як ім здаецца, веруе. Гэтыя людзі пастаянна любяць казаць аб тым, што прыйдзе антыхрыст, і непрыкметна для сябе думаюць ужо не пра Хрыста, а менавіта пра антыхрыста.

Зараз вельмі папулярна разважаць аб прыкметах яго прышэсця. Сярод тых, хто яшчэ нядаўна прыйшоў у Царкву, стала прыкметай сапраўднай набожнасці пастаянна з недаверам і нянавісцю глядзець на навакольны свет і гаварыць: вось мы хрысціяне, а вакол адны бязбожнікі, вакол пануе антыхрыст, трэба быць асцярожнымі, трэба быць непрымірымымі. Пэўна, – кажуць такія людзі, – Хрыстос вучыў любіць бліжніх сваіх і нават ворагаў сваіх, мы іх і любім, але як мы можам любіць ворагаў Хрыстовых? Ворагаў Хрыстовых трэба ненавідзець. А хто ворагі Хрыстовыя, такія людзі вырашаюць самі. Чалавек, які думае іначай, які верыць іначай, для іх ужо вораг Хрыстоў, і можна ўнікнуць для сябе ад працы любові да яго, і можна спакойна аддацца страсці нянавісці да гэтага чалавека.

І такія людзі не заўважаюць, што хоць яны, можа быць, і баяцца антыхрыста, служаць менавіта яму, бо самы прамы шлях перамогі антыхрыста ў гэтым свеце – гэта выгнанне са свету любові. І самая галоўная яго перамога будзе тады, калі дух любові будзе выгнаны з Царквы. А гэта зараз зрабіць, можа быць, лягчэй, чым калі-небудзь, бо ў Царкву прыходзяць людзі, якіх не вучылі па-хрысціянску любіць, якіх не вучылі па-хрысціянску прабачаць, якія сапраўды не ведаюць, што гэта такое, але якія вельмі добра ведаюць, што значыць ненавідзець, што значыць шукаць ворагаў, што значыць сваіх асабістых ворагаў уяўляць ворагамі ісціннай праўды і ў імя гэтай ісціннай праўды заклікаць гібель на іх галаву. Вось гэта ведаюць вельмі добра!

І што ж нам рабіць зараз, калі сапраўды ў свеце прысутнічаюць больш, чым калі-небудзь зло і нянавісць, калі гэта зло і нянавісць уваходзіць у Царкву, калі хрысціянская любоў падступна падмяняецца “хрысціянскай рэўнасцю” не па розуме, не па любові, а па злосці і асуджэнні? Нам застаецца толькі адно, што і заўсёды застаецца хрысціянам – усвядоміўшы тое, што мы сапраўды няздольныя самі па сабе па-хрысціянску любіць, маліць Госпада аб тым, каб Ён падаў нам гэту здольнасць любіць. Не адразу яна нам дасца, няхай спачатку мы навучымся хаця б прабачаць тыя крыўды, якія наносяцца нам самім, а потым няхай мы навучымся, прабачаючы крыўды, тварыць справу міласэрнасці ў адносінах да таго, хто нас крыўдзіў, каму мы даравалі.

Няхай мы не будзем іх яшчэ любіць, няхай нам будзе цяжка ім прабачаць і складана тварыць у адносінах да іх справу міласэрнасці, але паспрабуем зрабіць хоць гэта. Гэта будзе наш малы крок насустрач Госпаду, і тады не па нашых намаганнях, але па міласэрнасці Божай Гасподзь, бачачы тое, што такія, не навучаныя любіць, але навучаныя ненавідзець, мы спрабуем прабачаць, спрабуем тварыць міласэрнасці, Гасподзь дасць нам вялікую здольнасць любіць.

Любоў з лёгкасцю не даецца, з лёгкасцю даецца толькі страсць. Бо чалавеку, які грашыць і пакутуе ад уласнага грэху, абсалютна нясоладка. Ён не шчаслівы грашыць. Б’юць яго бічы сатанінскіх страсцей, розныя згубы жыццёвыя. А чалавеку ўласціва быць шчаслівым і мірным. Таму, калі мы бачым побач таго, хто грашыць, мы бачым чалавека, якому кепска. А калі яму кепска, гэта повад пашкадаваць і, спачуваючы, сказаць: “Госпадзі, памілуй!” Ды нічога больш не патрабуецца ад нас, акрамя як сказаць “Госпадзі, памілуй!” за бліжняга і дальняга. Калі б наша жыццё так будавалася, мы б зусім іначай жылі.

Такім чынам, будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны, – кажа нам Царква ў сённяшні дзень. Гэта самы складаны з запаветаў. Госпадзі, памажы нам яго хаця б часткова выконваць.

Хрыстос – першы на зямлі, Хто абвясціў гэту запаведзь любові да ворагаў.

Усё ў табе пратэстуе супраць гэтага. Немагчыма з гэтым ніяк згадзіцца, але Гасподзь кажа на Крыжы: “любіце ворагаў вашых”. І дае крыжовую, пасхальную моц новага жыцця, каб мы жылі менавіта так, і так паступалі ў адносінах да ворагаў нашых, як Ён паступіў ў адносінах да Сваіх.

Любоў робіцца хрысціянскай, Бажэственнай, калі чалавек, любячы, забываецца на сябе. Любіць, не шукаючы ўзнагароды, не просячы, не патрабуючы, не вымагаючы любові за любоў, не вымагаючы ўдзячнасці за яе праяву – пачатак хрысціянскай любові. Яна расцвітае ў любоў Хрыстову, калі свабодны дар любові дасягае да тых, хто нас ненавідзіць, хто нас лічыць ворагамі.

Увесь цяперашні свет ляжыць у паныласці, гэта значыць у дэпрэсіі, а спецыялісты – прычым свецкія – тлумачаць нам, што такое дэпрэсія. Гэта – “зацыкленасць” на сабе, – сваіх поглядах, жаданнях, думках і пачуццях. Той, хто ў сваёй любові да бліжняга выходзіць за межы свайго “Я”, не журыцца і не ўпадае ў дэпрэсію.

Да тых пор, пакуль чалавек не адхіляе яшчэ натуральны закон сумлення і розуму, застаецца заўжды надзея, што ён можа прыйсці да Хрыста Бога. Але пакуль ён не прыйдзе да Яго, ён ніколі не выканае па-сапраўднаму тое, што ён павінен выканаць па сваёй чалавечай натуры. Наадварот, ён усё больш будзе губляць сваю чалавечую годнасць.

Ёсць адзіны шлях, які можа ўратаваць нас ад поўнага разбурэння – і асобы кожнага з нас, і ўсяго жыцця – гэта следаванне недасягальнай запаведзі пра любоў да ворагаў.

Святыя айцы кажуць, што гэты шлях мы павінны прыняць цвёрда, як ісціну Хрыстовую, як таямніцу Крыжа Гасподняга. Калі мы асяняем сябе хрэсным знаменнем, мы павінны адлюстроўваць і ў свядомасці, і ў сэрцы сваім гэту ісціну.

Архiепiскап Арцемiй. Нядзеля 19-я па Пяцідзясятніцы. Сучаснае маральнае падзенне
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut