Архiепiскап Арцемiй. Пра ацаленне дачкі хананеянкі

У Нядзелю 17-ю ў евангельскім чытанні (Мф. ХV, 21-28) даецца ўзор надзеі і веры ў міласэрнага і ўсемагутнага Госпада, яўлены не кім-небудзь з сыноў Ізраілевых, але язычніцай – жанчынай-хананеянкай, якая неадступна ішла за Хрыстом, слёзна просячы ацаліць яе дачку, якую бязлітасна апаноўвалі дэманы.

Слава аб Вялікім Прароку і Цудатворцу, якім быў Хрыстос, распаўсюджвалася і за межамі зямлі Іудзейскай. Чутка пра Яго міласэрнасць і ўсемагутнасць дайшла да няшчаснай хананеянкі. І як толькі Хрыстос увайшоў “у краіны Тырскія і Сідонскія”, жанчына накіравалася да Яго, верачы, што толькі Ён можа ацаліць яе пакутную дачку. Але Хрыстос маўчаў, а калі вучні звярнулі ўвагу на яе настойлівыя просьбы, паследавала адмова іх Настаўніка. Замоўкла хананеянка? Не: моцная была яе надзея, настолькі цвёрдая вера, што не магла іх аслабіць адмова Збавіцеля.

Наадварот, яна ўсё больш і больш умацоўвалася ў веры. Вялікае было цярпенне хананеянкі, якое падтрымлівала і акрыляла яе веру. Адзіная надзея, і раптам – спачатку маўчанне, а затым адмова. Гэта было выпрабаванне яе змірэння. Яна не па праву звярнулася па дапамогу да Збавіцеля, бо Ён “пасланы толькі да загінулых авечак дома Ізраілева”. І зноў адмова: “Нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам”. Не, яна не абразілася і прыняла гэта як належнае, сказаўшы: “Так, Госпадзі! Але і сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іх”, – і тым самым паднялася на новую, найвышэйшую ступень змірэння.

Цяжэй за ўсё даецца чалавеку змірэнне. Але ж змірэнне, пазбаўленае самаўзвелічэння, нараджае і жывіць у душы чалавека веру ў Хрыста-Збавіцеля, і гэта вера творыць цуды ў чалавеку.

Большасць ацэньвае змірэнне як пачуццё адмоўнае, як пачуццё пасіўнае. Прыхільнікі гэтага меркавання глыбока памыляюцца. У змірэнні перад Творцам – аснова рэлігійнага пачуцця, і змірэнне ёсць зусім не пасіўным, а творчым пачаткам жыцця. Збавіцель убачыў моц веры і глыбіню пакаяння хананеянкі – і ацаліў яе дачку. Так узнагароджваецца самая цяжкая для чалавека перамога – перамога над самім сабой у змірэнні перад Усявышнім. Быць “убогім духам” – да гэтага заклікае верных Гасподзь.

У чым жа выявіліся веліч і моц веры хананеянкі, якая заслужыла ад Збавіцеля асаблівую пахвалу і неадкладнае дараванне благадатнай дапамогі яе хворай дачцэ? У глыбокім змірэнні, з якім яна звярталася з просьбай да Збавіцеля. У тузе сваёй няшчасная маці не наракала, не жалілася перад абліччам Збавіцеля, што іншым Ён аказвае дапамогу, а яна ж пазбаўленая гэтага, не адчайвалася, калі атрымала рашучую, відаць, адмову, але са змірэннай верай прасіла хоць самай невялікай долі міласці Божай. Не абразілася і крыўдным параўнаннем з сабакамі, але быццам гаварыла: “Так, Госпадзі, сапраўды! Я недастойная язычніца, я вялікая грэшніца і не вартая таго, што належыць чадам Божым, удзялі мне хоць невялікую крупінку Тваёй міласці: я звяртаюся да Цябе, як сабака пад трапезу гаспадара свайго”. Такое глыбокае змірэнне няшчаснай маці, якое не пакідала ў душы яе ніякага ценю сумневу ў атрыманні прасімага, не магло не паспрыяць Гасподняй прыхільнасці. Яна атрымала прасімае.

Іісус Хрыстос не адразу выканаў яе просьбу, а прымусіў доўга прасіць не таму, што Ён сапраўды лічыў яе недастойнай, але для таго, каб неадступнасць яе малітвы, адвагу і надзею, цвёрдасць веры і глыбіню змірэння паставіць у прыклад і, вядома, у дакор як яўрэям, так і нам, хрысціянам. Калі хананеянка – язычніца, ідалапаклонніца – аказалася такой малітвенніцай, змірэнніцай, цярплівіцай, такой непахіснай верніцай, якая спадзяецца, то нам, тым, хто лічыць сябе сапраўднымі вернікамі і праваслаўнымі хрысціянамі, сорамна не быць такімі і на самай справе, і ў самім жыцці.

Нам тым больш належыць быць нязменнымі ў велікадушным перанясенні бед, крыўдаў, напасцяў, у цвёрдай надзеі на міласэрнасць Божую і ў руплівай, палымянай малітве. Звернем з вамі ўвагу на ацаленне апантанай па веры маці, без удзелу самой апантанай. Адзначым яшчэ, што маці-хананеянка, хоць і была язычніцай, разумела, што дачка яе не проста хворая, а “апантаная”. Яна верыла ў рэальнасць “духа зла”, верыла ў магчымасць укаранення яго ў чалавека як іншароднага, нячыстага духа. Многія ізраільцяне, як, напрыклад, садукеі, не верылі ў рэальнасць “злой сілы”, ды і ў наш час мала хто верыць. У гэтым хаваецца вялікая небяспека для нармальнага духоўнага стану чалавека. Адмаўленне рэальнасці “духа зла” непазбежна паралізуе пільнасць чалавека да яго ўнутранага жыцця. Мы з вамі – воіны Хрыстовы. А вораг, якога воін не бачыць і не падазрае пра яго існаванне, ёсць самым небяспечным ворагам, удары якога могуць быць смяротнымі.

Такім чынам, вера непахісная павінна быць у аснове ўсякай нашай малітвы, вера неаслабная павінна быць і пры доўгім невыкананні нашых прашэнняў. Вера павінна быць у спалучэнні з дабрадзействамі, а корань дабрадзействаў – змірэнне. Змірэнная і непахісная вера і ў нас па прыкладзе хананеянкі можа выражацца ва ўзмоцненай малітве, выражанай хаця б кароткім словам: “Госпадзі, памілуй; Госпадзі, памажы мне”, – і пакланеннем. А малітва павінна быць не за сябе толькі, але і за іншых, бліжніх нашых. У аповедзе пра хананеянку, якая малілася за апантаную дачку, для нас заключана вялікае суцяшэнне. Можна маліць Бога, прасіць памілавання і для такога бліжняга свайго, які сам як быццам вельмі далёкі ад Бога і ад думкі пра Яго, і малітва гэта можа быць пачута.

Хананеянка – гэта выява нашай душы; апантаная дачка яе – гэта наша мнагастрасная плоць, якую штодня апаноўваюць розныя страсці. У якой бядзе была хананеянка і дачка яе, у такой бядзе знаходзімся і мы з вамі.

У сённяшнім апостальскім чытанні апостал Павел заклікае нас: “Давайце ачысцім сябе ад усялякай нечыстаты плоці і духу, удасканальваючыся ў святасці са страхам Божым” (2 Кар. VII, 1).

І чым раней чалавек пачне выпраўленне свайго жыцця, тым хутчэй ён атрымае усынаўленне, тым хутчэй адчуе ў сваім сэрцы прысутнасць Бога. Пара і апрытомнець. Ачысцім жа сябе ад грэху, пачнем “удасканальвацца ў святасці са страхам Божым”. Ні крывадушнасць, ні паныласць, ні адчай пры нашых плоцевых грахах не павінны мець месца ў нашым сэрцы. Страх жа Божы ёсць не страхам раба перад гаспадаром, а страхам сына, які любіць, перад бацькам, які таксама любіць; гэта – пачуццё любові і засцярогі, каб нічым не абразіць таго, каго любіш. Будзем жа ўладкоўваць сваё жыццё паводле набожнасці пры такім страху Божым.

Мы пакліканы Збавіцелем нашым Іісусам Хрыстом са змроку да святла, з чалавечай немачы да духоўнай магутнасці. Не самі па сабе можам мы дасягнуць такога стану, але пакаяўшыся і змірыўшыся пад моцную руку Божую. Адзінае, чаго мы павінны баяцца, – гэта пазбавіцца гэтай непераможнай абароны, адпасці ад гэтай уселюбнай рукі. Будзем жа любым спосабам цурацца зла ў сабе і вакол сябе, памятаючы запавет апостальскі: “Вы калісьці былі цемраю, а цяпер – святло ў Госпадзе; паводзьце сябе, як дзеці святла” (Эф. V, 8). Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Пра ацаленне дачкі хананеянкі
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut