Архiепiскап Арцемiй. Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы

Адна з найважнейшых праблем чалавека, які пераступае парог царквы, заключаецца ў тым, што ён прыходзіць сюды не для таго, каб весці духоўнае жыццё, а для таго, каб Бог вырашыў яго праблемы. Якімі б яны ні былі – грошай няма, мужа няма, міру няма. Яшчэ чагосьці няма.

На гэтым “у мяне няма” будуецца ўяўленне чалавека пра тое, што ў храме павінна адбывацца. А менавіта – Бог павінен выканаць тое, чаго мне не стае. Я, у сваю чаргу, згодзен узяць на сябе некаторыя абавязацельствы. Напрыклад, спавядацца, прычашчацца, чытаць некаторыя тэксты. Ты – мне, я – Табе.

У гэтым карыкатурным бачанні і вядзенні духоўнага жыцця нічога ад Духа няма. Бо калі Дух аказваецца закліканы ў тваё жыццё, Ён блытае табе ўсе карты. Усе твае ўяўленні пра даўгі, усе чалавечыя разлікі. Усё тое, што ў цябе ўжо разлічана на гады наперад. Але калі ты прыйшоў не за тым, каб Дух дзейнічаў у тваім жыцці, як Ён умее дзейнічаць, рана ці позна ўзнікае крыўда на Бога. Як так? Я прыняў умовы гульні, выконваю ўсе фармальныя патрабаванні, а заробак у мяне як быў маленькі, так і застаўся, а сям’і як не было, так і няма. І мне яшчэ паведамляюць, што я павінен верыць у тое, чаго ніхто не бачыў. Пра што мы тут увогуле гаворым?

Кола евангельскіх чытанняў, прымеркаваных да Багародзічных святаў, вельмі вузкі. Чаму так? Правільны адказ вельмі просты: бо вельмі мала верагодных сведчанняў пра жыццё Прасвятой Багародзіцы. Царква цнатліва не дапаўняе гэтага недахопу сведчанняў плёткамі і байкамі. Не трэба вялікай колькасці словаў. Духу хоча яўляцца чалавеку ў цішыні. У нябачнасці. У несумненнай відавочнасці. Благадаць Божай Маці ёсць пераважна дзеяннем Жывога Духа. І пакуль ты не праб’еш прабоіну ва ўласных сценах неразумення, ты ніколі не судакранешся з сапраўдным жыццём Царквы.

Пакуль ты гэтага не адчуеш, усе твае паклоны і акафісты не маюць значэння. Ты будзеш знаходзіцца ў пастаяннай трывозе адносна малітоўнага правіла, поснай ці скаромнай ежы, тых ці іншых “можна” і “нельга”. Калі ты адчуеш вопыт судакранання, табе ўжо ўсё будзе нястрашна. Ты можаш ведаць, што ты слабееш і астываеш, што ты памыляешся, але ты будзеш таксама ведаць, што – Хрыстос, Прасвятая Багародзіца, святыя – не адыходзяць ад цябе. Мы маем вочы і не бачым, маем вушы і не чуем. Мы не шукаем глыбіні духоўнага жыцця. Яна ёсць. І ў надыходзячым царкоўным годзе такая першая глыбокая і чыстая крынічка, напоўненая вадой жывой, ­ Нараджэнне Божай Маці.

Евангельскае чытанне, якое прагучала сёння, пабуджае нас паразважаць пра жыццё Прасвятой Багародзіцы, у значнай ступені схаванае ад нас нават на старонках Евангелля. Сапраўды, ёсць нешта загадкавае ў тым, што апостал Лука, які ведаў Збавіцеля, які ведаў Прасвятую Багародзіцу, удзяліў Багародзіцы так мала ўвагі ў сваім Евангеллі. Узнікае адчуванне якойсьці непаўнаты.

У той самы час мы з вамі добра ведаем, што іканаграфія Прасвятой Багародзіцы вельмі багатая і, згодна з царкоўным паданнем, узыходзіць яна менавіта да апостала і евангеліста Лукі. Менавіта ў іканаграфічных сюжэтах Дзева Марыя нечакана яўляе Сябе вельмі выразна, вельмі прыкметна менавіта як Багародзіца. Менавіта як Маці Таго, Хто ўратаваў гэты свет. Гэтаксама багатая і гімнаграфія, прысвечаная Прасвятой Багародзіцы. Вось нават кандак, які сёння прагучаў: Яна вызваляе Адама і Еву, гэта значыць патомства, ад тлення і смерці. Паражальная канстатацыя Яе значэння ва ўратаванні чалавечага роду.

У кожнае Багародзічнае свята мы за літургіяй чуем пасланне апостала Паўла да Філіпійцаў, дзе пра Божую Маці нічога не гаворыцца, ­ гаворка ідзе пра Збавіцеля. Бог узвялічыў Сына Свайго, бо Сын змірыў Сябе і быў паслухмяны нават да смерці, і смерці крыжовай. Чаму ж быў паслухмяны Гасподзь Іісус Хрыстос? Ён быў паслухмяны волі Трыадзінага Бога – Айца, Сына і Святога Духа. Ён Сваё зямное жыццё пабудаваў у поўнай адпаведнасці з воляй Божай. І, напэўна, гэта пасланне апостала Паўла чытаецца ў Багародзічныя дні таму, што Дзева Марыя таксама Сябе змірыла і была паслухмянай волі Божай, нават да крыжовай смерці Сына Свайго.

Усё гэта ў поўнай меры адлюстравалася ў жыцці Багародзіцы, бо Яна нарадзіла Збавіцеля, Сына Божага і Сына Чалавечага, Які прынёс свету вестку пра збаўленне. Можна сказаць, што Гасподзь прыйшоў збавіць нас ад улады абсалютнага зла.

Кожны з нас сутыкаецца са злом. Але род чалавечы існуе тысячы гадоў, нягледзячы на тое, што былі перыяды, калі людзям здавалася, што наступае канец, прыходзіць антыхрыст і няма ніякой надзеі на ўратаванне. Так думалі і сто год таму, калі ў нашай краіне адбыўся крывавы пераварот, калі сталі зачыняцца храмы і манастыры, калі за адно толькі вызнанне веры чалавек мог быць знішчаны. Многім здавалася, што гэта канец, што наступіла перамога абсалютнага зла, бо людзі служылі злу, думаючы, што служаць дабру. Але канец не наступіў! І ўзнікае пытанне: чаму  такія страшныя катаклізмы, крыніца якіх, несумненна, ­ злая воля, не разбураюць чалавечае жыццё канчаткова? Менавіта таму, што ў дыявала няма ўлады гэта жыццё разбурыць.

Хрыстос уратаваў усіх нас ад абсалютнага зла, і толькі ў канцы стагоддзяў, калі чалавечая гісторыя падыдзе да канца, людзям прыйдзецца пакутаваць за веру, за Збавіцеля, супрацьпастаўляючы сябе, свой вобраз жыцця сіле антыхрыста. А сёння мы жывем у гісторыі, у якой Гасподзь пануе, а калі б панаваў дыявал, то не было б гісторыі, не было б жыцця. Таму і панаванне зла ў канцы гісторыі будзе азначаць яе канец – бо панаванне зла няжыццяздольнае. Ніякая сістэма, кіраваная злом, не можа быць жыццяздольнай. Вось гэтай перамозе над сілай абсалютнага зла і паслужыла Прачыстая Дзева Марыя.

Калі самае галоўнае ў жыцці чалавека – быць паслухмяным волі Божай, то як гэту волю пазнаць? У свяціцеля Іаана Златавуста мы знаходзім цудоўныя словы: “Калі вы чуеце і выконваеце Яго запаведзі, то Ён выконвае вашы малітвы”. У Бажэственных запаведзях, у Бажэственным законе, які перадаецца нам праз слова Божае, і ёсць воля Божая, якая яўляецца свету праз словы чалавечыя.

Нам толькі трэба навучыцца гэтыя Бажэственныя запаведзі прымяняць да паўсядзённага нашага жыцця. Канечне, ні запаведзі Маісея, ні запаведзі Нагорнай пропаведзі не могуць пакрыць разнастайнасць жыццёвых сітуацый, праз якія мы праходзім, калі ад нас патрабуецца зрабіць той ці іншы выбар, але гэтыя запаведзі задаюць кірунак, які дапаможа пазбегнуць памылак. Мы застрахаваны ад памылак толькі ў тым выпадку, калі галоўным крытэрам выбару нашых учынкаў будзе жаданне, гатоўнасць адпавядаць Божай волі, як яна дадзена нам у Яго Бажэственным законе.

Пагэтаму ўсякі раз, калі мы ўспамінаем Дзеву Марыю, Царыцу Нябесную, Маці Божую, мы павінны ўявіць сабе, што менавіта Яна явілася ўвасабленнем таго ідэалу, да якога Гасподзь заклікае ўсякага чалавека. Яна Сябе цалкам аддала ў рукі Божыя, Яна аддала Сваю волю ў рукі Божыя і выконвала Яго волю. І выканала гэта ў самым галоўным, пакорна адказаўшы на Благавешчанне, прынесенае Ёй архангелам Гаўрыілам. А потым і ўсё Яе жыццё ўкладвалася ў межы поўнага падпарадкавання Сваёй волі волі Бажэственнага Сына. Дзева Марыя вялікая не толькі тым, што нарадзіла Госпада і Збавіцеля, але і тым, што ўсіх нас навучыла правілу жыцця.

Воля Божая, добрая і дасканалая, ёсць тым, што кожны з нас павінен імкнуцца ажыццявіць у сваім жыцці. Любоў павінна напаўняць наша з вамі духоўнае жыццё. Евангелісты таму і не адважваліся пісаць пра Яе, што захоўвала Яна ў Сабе нейкую таямніцу, якая вядомая была толькі Яе Бажэственнаму Сыну. І таямніца гэта заключалася ў вельмі простым прынцыпе жыцця Прасвятой Багародзіцы. Пакутаваць і трываць, і натхнёна і шчодра прабачаць. І, самае галоўнае, любіць.

Гэтаму навучаны мы ад Прасвятой, Нараджэнне Якой мы так урачыста святкуем, успамінаючы сам дзівосны вобраз Дзевы, паслухмянай Богу да канца Свайго зямнога жыцця. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut