Архiепiскап Арцемiй. Прытча пра пакліканых на вяселле

Прытча пра пакліканых на вяселле многім з нас добра знаёмая. Добра знаёмы нам і сэнс гэтай прытчы – той сэнс, які першапачаткова ўкладваў у яе Збавіцель у часе Сваёй пропаведзі.

Але Збавіцель ніколі не гаварыў прытчы толькі для Сваіх сучаснікаў, Ён звяртаў іх у будучыню. Хрыстос прыйшоў сцвердзіць Царства не ад гэтага свету, падрыхтаваў Сваім абраным крыжовы шлях пакут, і многія вырашылі застацца па-за гэтым вяселлем. Гэта было тады, але, на жаль, гэта адбывалася і ў наступныя часы, і ў наш час у тым ліку.

Часцей за ўсё тэмай нашых разважанняў, перажыванняў, тэмай нашых размоў ёсць марныя людскія справы. Болей за тое, з году ў год мы ўсё больш гаворым пра тое, як нам цяжка жыць, якія нашы матэрыяльныя праблемы, якое наша здароўе, як цяжка лячыцца, як цяжка вучыцца, працаваць, як цяжка проста выжываць. І нельга сказаць, што мы хітруем, мы сапраўды кажам пра тое, што мае месца быць. Але непрыкметна ў гэтых размовах знікае самае галоўнае – адчуванне таго, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці нашага жыцця, той самы баль, на які мы пакліканы прыйсці, зараз адбываецца як ніколі свабодна і ярка. Калі б мы галадалі, калі б цярпелі немачы сярод закрытых разбураных храмаў без магчымасці прынесці царкоўнае пакаянне, без магчымасці прычасціцца благадатных Святых Дароў, тады сапраўды можна было б гаварыць пра тое, што жыццё наша жахлівае.

Але ёсць жа ў нас ні з чым не параўнаная вячэра Бажэственнай Літургіі. Ёсць для нас з вамі магчымасць як ніколі свабодна і даступна пакаяцца за ўсё сваё жыццё, магчымасць атрымаць самую галоўную падтрымку ва ўсіх нашых жыццёвых выпрабаваннях – благадатную Божую дапамогу, якая даецца нам у Святой Еўхарыстыі. Але як мы, хрысціяне, лёгка забываем пра гэта! Мы ходзім у храм, мы выконваем малітоўнае правіла, мы перыядычна спавядаемся, прычашчаемся, і разам з тым па большай частцы нашы помыслы скіраваныя на іншае. Нярэдка зараз даводзіцца чуць, што і хрысціяне, і нехрысціяне часцей за ўсё кажуць, думаюць і перажываюць аб адным – аб хлебе надзённым. Шкада, што мы ў гэтых адносінах вельмі рэдка вылучаемся з усяго незлічонага мноства нецаркоўных людзей вакол нас.

Тым самым непрыкметна для сябе мы перастаем быць хрысціянамі, тым самым як быццам кажам усім сваім жыццём пра тое, што, канечне, Бажэственная Літургія – гэта тая самая Трапеза, на якую Гасподзь заклікае нас, як на вячэру, але што нам да яе, калі так цяжка нам жывецца. І забываем пры гэтым, што яшчэ зусім нядаўна быў час, калі гэтай самай галоўнай Трапезы, гэтага самага галоўнага сродку падтрымання нашых немачных сіл – Еўхарыстыі – проста не было ў многіх вёсках і ў многіх гарадах нашай краіны. Бажэственная літургія амаль перастала служыцца ў нашай Царкве, у якой замест амаль 60 тысяч храмаў за нейкія дваццаць год засталося не больш за 150 тых, што дзейнічалі. І толькі міласць Божая не дазволіла Еўхарыстыі канчаткова знікнуць з жыцця нашага народа.

Мы гэта з лёгкасцю забываем, і, самае галоўнае, яўляем сябе свету не хрысціянамі, а такімі ж апанаванымі страсцямі гэтага свету, немачнымі, мітуслівымі людзьмі. Чаму так адбываецца з намі? Малавер’е? Безумоўна. Праява на працягу многіх дзесяцігоддзяў стыхіі нявер’я, зайздрасці і нянавісці, якая насаджалася ў нашых душах? Таксама, канечне, прысутнічае. Але самае сумнае заключаецца ў тым, што мы забываем, магчыма, пра самае галоўнае – пра тое, што ад нашай недаацэнкі Святой Еўхарыстыі – гэтай галоўнай нашай Трапезы – і яна можа быць аднятая ад нас. І вось тады мы сапраўды застанемся ні з чым, і тады ў нас сапраўды не застанецца нічога, і тады нам сапраўды не будзе на што спадзявацца. І так будзе, безумоўна, калі мы, хрысціяне, не будзем жыць свабодна ад таго, што пераўтварае людзей у рабоў гэтага свету. Нам не столькі дадзена, колькі зададзена вялікае пакліканне быць хрысціянамі. Застаючыся жыць на гэтай недасканалай зямлі, у Царкве зямной, падчас зусім недасканалай, якая складаецца з нас з вамі, мы маем магчымасць вырвацца ў рэальнасць зносінаў з Жывым Богам. Еўхарыстыя – гэта галоўнае Таінства Царквы, больш за тое, гэта Таінства, на працягу якога мы больш за ўсё ўсведамляем, адчуваем сябе ў Царкве. Тым больш патрабуецца ад нас багавейнасць і адказнасць у адносінах да гэтага Таінства.

Цяпер для нас становіцца яснай адна важная дэталь прытчы – пра чалавека ў несвяточным адзенні. Толькі ён быў адзін у прытчы, а ў нашай гістарычнай сітуацыі такіх людзей, што прыйшлі на вяселле і якія сталі яго ўдзельнікамі, аказалася вельмі многа. З-пад праваслаўнай хусткі выглядае твар камсамолкі 60-х – 70-х гадоў. З-пад якой-небудзь казацкай папахі праступае фізіяномія звычайнага партыйнага функцыянера, які не знайшоў сябе ў жыцці. Вясельная вопратка, пра якую кажа прытча, вымагае перш за ўсё перамянення душы, пачуцця ўдзячнасці Богу. Як рэдка гэтыя тэмы прысутнічаюць у нашым царкоўным жыцці зараз. Пра ўдзячнасць Хрысту няма гаворкі, ды і Хрыста часта наогул стараюцца не ўспамінаць. А ўжо пра радасць і гаварыць не даводзіцца. Толькі змяняемае “лютасцю высакароднай” да ворагаў Царквы і рускага свету самазадаволенасць.

Усё гэта не можа не выклікаць пачуцця жудаснага падзення. І што ж будзе тады? А вось тады і будзе тое, пра што гаворыць сённяшняя прытча. Гаспадар – цар – Гасподзь пакліча Сваіх слуг, і яны выведуць вось гэтага госця, які апрануты ў несвяточнае адзенне, а правільней сказаць – мноства гасцей, і кінуць у цемру апраметную. Там будзе плач і скрыгат зубоў. Няўжо мы не чуем гэта зараз – у нашай краіне і ў нашай Царкве? І плач, і скрыгат зубоў. І што ж адбываецца, і што ж будзе? І чым жа мы будзем жыць далей? А паміж тым усё проста і ясна: мы дазволілі сабе яшчэ раз зачаравацца самімі сабой – кожным з нас паасобку і ўсімі разам. Мы падумалі, што гэта вельмі лёгка – апынуцца на вячэры Гасподняй, захоўваючы ў сабе ранейшую звычку жыць так, як быццам Бога ніколі не было.

І не трэба думаць, што сустрэча з Богам заўсёды радасная – яна радасная толькі тады, калі чалавек сам спрабуе змяніць сваё жыццё, пераадолець свае немачы і грахі. Але чалавек зачараваны сабой, сваімі грахамі, сустрэча з Богам можа стаць для яго найцяжэйшым выпрабаваннем. І гэта не таму, што Бог ненавідзіць, Бог хоча пакараць. А таму, што існасць яго душы такая, што блізкасць Госпада для яго робіцца невыноснай. І тут ужо нічога не паробіш, бо гэта выбар чалавека.

Гады, што здаваліся нам гадамі нашага царкоўнага адраджэння, сталі гадамі нейкай нікім не заўважанай знявагі Царквы. Трэба задумацца над тым, што гэта замкнёнае грахоўнае кола імітацыі духоўнага жыцця паспрабаваць хоць крыху рассеяць, задумаўшыся над тым, чаго не стае нам для сапраўднай сустрэчы з Хрыстом.

Для нас вельмі важна зразумець прамую сувязь гэтага евангельскага чытання з нашым уласным жыццём. Усе мы толькі становімся на шлях уцаркоўлення, толькі вучымся быць хрысціянамі. Мы жывем сваім жыццём, мы ходзім на рознага кшталту ростанях дарог. І вось да нас прыходзяць пасланыя ад Гаспадара. Ці прыйдуць, калі яшчэ не прыйшлі. Яны могуць прыйсці, калі Царква перажывае перыяд адноснага дабрабыту. А могуць – ва ўмовах ганенняў, калі Царкве цяжка. І яны паклічуць нас: “Ты патрэбен Гаспадару, ты патрэбен Госпаду”. І вось тады мы не павінны адгаворвацца тым, што не гатовыя.

Мы павінны навучыцца паводзіць сябе так, каб Гасподзь нам не сказаў: “Чаму ж ты не апрануты ў вясельнае адзенне?” А якая яна, гэта вясельная вопратка? Вясельная вопратка – гэта гатоўнасць адгукнуцца на заклік Божы. Кожнага з нас паклічуць па-свойму, кожнаму Бог скажа свае словы. І кожны павінен адказаць згодай. Сказаць: “Госпадзі, я ўвесь Твой без астатку”. І не толькі сказаць, але адгукнуцца справай. На любы заклік Госпада, які прыходзіць да нас праз людзей або якім заўгодна спосабам, мы павінны адказаць: “Так, я гатовы”. Па гэтым вясельным адзенні Збавіцель вызначыць Свайго. Амінь.

Фото: troitse-paraskevo.ru

Архiепiскап Арцемiй. Прытча пра пакліканых на вяселле
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut