Архiепiскап Арцемiй. Успенне Прасвятой Багародзіцы

Сёння Царква памінае смерць той, чый Сын перамог смерць, уваскрэс з мёртвых і нам дараваў абяцанне апошняга ўваскрасення і перамогі жыцця неўміручага.

Гэта свята, як і некаторыя іншыя царкоўныя святы, дзіўнае для штодзённай свядомасці ўжо менавіта тым, што ў аснове гэтага свята палягае смерць, смерць чалавека, больш за тое – смерць, як вучыць нас царкоўнае паданне, самага дасканалага чалавека – Прасвятой Багародзіцы. І разам з тым гэта смерць сапраўды становіцца нагодай для радасці.

Яе смерць стала адначасова Яе ўваскрасеннем і ўзнясеннем да Свайго Сына. І гэта невымоўная міласць толькі ў адносінах да Яе ў той самы час стала святам усіх хрысціянаў, усёй Царквы.

Успенне Прасвятой Багародзіцы ёсць таямніцай Провіду Гасподняга – таінствам канчатковага разбурэння брамы смерці. Успенне са слоў апостала Паўла ёсць часовым сном нашай плоці да дня ўваскрасення. Мы ведаем з апостальскага падання, што Божая Маці ўжо і плоццю ўваскрэсла і ўвайшла ў тое жыццё, якое нам адкрыецца ў канцы часоў. Гэта для нас сведчанне таго, што ўсе мы, па слове Божым, уваскрэснем і ўвойдзем у радасць вечную Госпада нашага.

Смерць тут пераможана знутры, вызвалена ад усяго таго, што напаўняе і жахам, і безнадзейнасцю. Смерць становіцца са слоў малітвы “зарой таямнічага дня”. І таму ў гэтым свяце няма тугі, няма надгробнага рыдання, няма гора; толькі святло, толькі радасць. Для кожнага з нас, хто набліжаецца да гэтага непазбежнага парога, – адкрываюцца ўжо дзверы, і з іх падаюць, ззяюць промні будучай перамогі, будучага Царства Божага. Яўляючы Сваю любоў да Маці, Хрыстос разам з тым явіў і Сваю любоў да ўсіх людзей. Ва Успенні Прасвятой Багародзіцы чалавек стаў яшчэ больш блізкім да Бога, а Бог – да чалавека. Уваскрасенне Хрыста, па сутнасці, тут працягваецца ўваскрасеннем Багародзіцы. Нам адкрываецца перспектыва ўваскрасення ўсяго чалавецтва – таго чалавецтва, якое будзе ў Хрысце і з Хрыстом. Мы павінны памятаць, што Успенне Прасвятой Багародзіцы – гэта не толькі сон, але і абуджэнне, але і ўваскрасенне, але і перамяненне Яе. І ўжо паколькі мы наважваемся ў гэты дзень славіць Прасвятую Багародзіцу, мы павінны быць гатовыя да таго, каб Яе Успенне не стала нашым з вамі духоўным сном, а стала тым, чым яно і было першапачаткова – уваскрасеннем да новага жыцця ў Хрысце.

Дзень Успення Божай Маці імянуецца ў нашай Святой Хрыстовай Праваслаўнай Царкве “днём Багародзічнай Пасхі”. У дзень свята Успення Божай Маці весяляцца і радуюцца нашы сэрцы аб тым, што Гасподзь уваскрасіў Сваю Прачыстую Маці. Яна Сваім Прачыстым целам цяпер стаіць перад Прастолам Божым і хадайнічае за ўсіх нас.

У Спадарыні нашай Багародзіцы слабыя, нетрывалыя, грэшныя і нявартыя людзі, – усе мы набылі Нястомную Малітвенніцу, Найшчадралюбнейшую Заступніцу, Наймагутнейшую Памочніцу.

Трапар, гэта значыць асноўны песнаспеў, закліканы адлюстроўваць сутнасць свята, даносіць да нас яго найвялікшы сэнс: “Во успении мира не оставила еси, Богородице <…> и молитвами Твоими избавляеши от смерти души наша”. Царыца Нябесная, нягледзячы на Сваю зямную канчыну, не пакінула род чалавечы, а працягвае заставацца з родам чалавечым і малітвамі Сваімі Яна пазбаўляе ад смерці душы нашы.

Смерць душы ёсць яе духоўным разбурэннем, якое ажыццяўляецца сіламі зла. Зло, калі яно цалкам занявольвае чалавечую душу, нясе ёй смерць, разбурэнне; а калі разбураецца душа, то разбураецца чалавечая асоба.

Мы спадзяемся, што апекай Багамаці Гасподзь ацэліць нашы душы, утаймуе нашу наравістую і ўпартую волю, апануе наш розум “у паслухмянасць Хрысту” і Яму аднаму вядомымі шляхамі прывядзе нас да збаўлення і жыцця вечнага.

Архiепiскап Арцемiй. Успенне Прасвятой Багародзіцы
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut