Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь у 8-ю нядзелю па Пяцідзясятніцы (Мф. XIV, 14-22)

Пяць тысяч чалавек былі насычаны Збавіцелем пяццю хлябамі і дзвюма рыбінамі. Гэта сапраўды вялікі цуд. Насычэнне пяці тысяч было не цудам дзеля цуду, але знаменнем паўнаты Гасподняй шчодрасці да тых, хто шукае Яго.

Не сытасці прасіў народ, які імкнецца да Збавіцеля, а дабравесця, і Ён, наталіўшы вялікую духоўную смагу людзей, не забыў і пра невялікія зямныя іх патрэбы. Так, тым, хто шукае Царства Нябеснага, дадаюцца і зямныя даброты.

Спакушаючы Збавіцеля ў пустыні, дыявал прапанаваў Яму пераўтварыць камяні ў хлеб. Сэнсам гэтай хітрай спакусы было: “накармі народ, і людзі пойдуць за Табой”. Ці не так і бальшавікі ў 17-м годзе абяцалі народам багацце? Аднак сам хлеб, на які дарэвалюцыйная Расія была досыць багатая, пры іх пераўтварыўся ў акрываўленыя камяні лагерных будоўляў. Страшны ўрок гэты не зразуметы да гэтага часу многімі палітыкамі, якія сцвярджаюць, што галоўнае – накарміць народ, усё астатняе дадасца. Але не будзе ні хлеба, ні міру ў тых, хто забыў Госпада.

Адхіляючы хітрую спакусу, Збавіцель прамовіў: “Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што сыходзіць з вуснаў Божых” (Мф. IV, 4). Чалавек створаны на ўзор і падабенства Божае не для таго, каб спусташаць сваю несмяротную душу ў пагоні за жывёльным насычэннем, але дзеля вечнага жыцця ў духу і ісціне.

Ва ўсе часы большая частка людзей, якія ідуць пакланіцца Богу, ідуць не для таго, каб пайсці за Госпадам, не для таго, каб дасягнуць Царства Нябеснага, а для таго, каб умацавацца, уладкавацца ў царстве зямным. І ва ўсе часы, на жаль, было так – людзі прасілі Бога перш за ўсё аб зямных дабротах: аб хлебе надзённым, аб здароўі, аб дабрабыце, аб поспеху. Гэта было, ёсць і будзе, пакуль жывы гэты свет, які адпаў ад Бога.

У старажытныя часы было яшчэ цяжэй дасягнуць матэрыяльнага дабрабыту, чым зараз. Пастаянныя войны, ад якіх не было выратавання, эпідэміі разнастайных заразных хвароб, якія спусташалі цэлыя гарады і вобласці, рэгулярныя неўраджаі, якія выклікалі голад – усё гэта рабіла чалавека цалкам безабаронным ад выпрабаванняў гэтага свету, ад выпрабавання яго матэрыяльнымі стыхіямі. І чалавек, адчуваючы сваю безабароннасць, звяртаўся да Бога, Ён прасіў Бога, каб Бог насыціў яго, сагрэў яго, зрабіў яго жыццё спакойным і паспяховым. Аб гэтым прасілі Хрыста, не думаючы, што служэнне Адзінаму і Сапраўднаму Богу, Якога і абвясціў свету Збавіцель, патрабуе перш за ўсё адхілення сябе ад гэтага свету, а не ўкаранення сябе ў гэтым свеце. І ўсё ж большасці людзей ва ўсе часы трэба было атрымаць ад Бога перш за ўсё спакой і дабрабыт у гэтым зямным свеце.

І нам з вамі, дарагія браты і сёстры, усё ж вельмі цяжка супрацьстаяць спакусам гэтага свету. Мы бачым, што не толькі вакол нас, але і ў нашых сем’ях людзі думаюць, як больш спакойна, больш камфортна, больш паспяхова ўладкавацца ў гэтым свеце, і толькі аб гэтым просяць Бога. Бог ні Сабе, ні нам не абяцаў лёгкага і камфортнага жыцця. Так, Ён ацаляў хворых, ачышчаў пракажоных, насычаў галодных, але рабіў гэта не для таго, каб прывязаць людзей да гэтага свету, а таму, што Ён проста любіў іх і любіў іх перш за ўсё за тое, што яны верылі не ў гэты свет, а ў іншасвет, не ў царства зямное, але ў Царства Нябеснае.

Гасподзь не падае хлебы і рыбу народу Сам. Ён звяртаецца да вучняў: “Вы дайце ім есці”. І, чуючы гэтыя словы Хрыста, мы павінны разумець, што Ён сказаў іх не толькі апосталам, але і ўсім нам. Мы патрэбны людзям, калі мы іх насыцім, суцешым у бядзе, наталім іх голад, акажам дапамогу. Мы будзем людзям патрэбны не як бюро добрых паслуг, але як тыя, каго паслаў Хрыстос. Гэта задача хрысціяніна. І толькі чалавек Хрыстоў зможа яе выканаць.

Трэба сказаць, што мы можам рабіць добрыя справы і дзеля сябе, каб наталіць сваю фанабэрыю, каб насыціць ганарлівасць, але гэта будуць ілжывыя і бясплодныя ўчынкі. Увесь сэнс нашага з вамі існавання ў Царкве, сутнасць таго, што мы на сябе бярэм, ці то малітва, ці то пост, ці то служэнне людзям, – усё гэта дзеля аднаго. Дзеля таго, каб праз нашы малыя намаганні імя Госпада праслаўлялася ў свеце і каб праз нашы ўчынкі, якімі б сціплымі яны ні былі, наша несмяротная душа ратавалася і дасягала Царства Божага. Усякая наша справа павінна пачынацца і заканчвацца пытаннем: ці для Хрыста мы працуем? Ці для Яго прадпрымаем тое ці іншае пачынанне?”

Калі мы хочам жыць унутры Царквы і мець дачыненне да духоўнай сям’і і пры гэтым цалкам не сувымяраць сваё жыццё з Хрыстом, мы вельмі памыляемся.

Калі ўсяму чалавецтву будзе хапаць гэтага хлеба ўдосталь, тады, напэўна, і адбудзецца Другое і Страшнае прышэсце Хрыста, калі Ён прыйдзе да гэтых сытых і паспяховых людзей і скажа ім: “Вы забылі пра мяне; Я даў вам вялікія таленты па пераўтварэнні гэтага свету, але вы пераўтварылі гэты свет проста ў камфортнае бездухоўнае царства сытасці, пагэтаму вы – не Мае; вы былі са Мной, але вы былі супраць Мяне, вы паддаліся той спакусе, якой я пасля саракадзённага посту не паддаўся ў пустыні, вы пайшлі за тым, хто можа пераўтвараць камяні ў хлебы”.

Выкрывальнікам богаадступніцтва апошніх часоў будзе прарок Ілія, памяць якога адзначае сёння Царква. Святы Ілія нясе цалкам выключную місію ў Свяшчэннай гісторыі. Ён – грозны выкрывальнік бязбожнага цара, ён жа – суразмоўца Збавіцеля на гары Фавор і ён жа, згодна з прароцтвам, – мучанік апошніх часоў, змагар за веру і ісціну, якому належыць быць забітым антыхрыстам. Хіба гэта лёс чалавека: стаць удзельнікам гісторыі Царквы ў глыбокай старазапаветнай старажытнасці, размаўляць з Хрыстом і ўбачыць апошні эпізод нашай гісторыі? Ці па сілах чалавеку гэта місія?

Прарок Ілія быў вялікім і грозным празорліўцам Божай волі і Божай праўды. Святы прарок Ілія быў палымяным змагаром за веру і набожнасць. Прароцкі подзвіг святога Іліі ўвесь працяты незвычайнай палымянай адданасцю Богу, і гэта галоўная асаблівасць яго служэння. Святы прарок Божы Ілія, са словаў сына Сірахава, быў як віхор, і словы яго, як запалены свяцільнік (Сір. XLVIII, 1-12). Віхор разбурае, смерч усё змятае на сваім шляху. І прарок Ілія, як віхор, знішчае грэх, беззаконне і разбэшчанасць. Яго слова як свяцільнік азарае шлях усім, хто шукае збаўлення.

Жыццё прарока Іліі навучае нас таму, якімі былі сапраўдныя прарокі, пакліканыя Богам на асаблівае служэнне, на асаблівую місію сведчыць пра Бога людзям, якія не хацелі чуць гэта сведчанне. Таму прарокі былі гнаныя. Але прарокаў заўжды падмацоўвала благадаць Божая, у сваім служэнні яны непасрэдна судакраналіся з Богам, сустракалі Яго ў асабістым духоўным досведзе.

Яшчэ зусім нядаўна ідалам была багаборніцкая ідэалогія. Гэта ідэалогія сфарміравала сваіх ідалаў, стварыла ілжывыя каштоўнасці, якія закрываюць для чалавека шлях да Бога. Як пакланенне ідалам ва ўсе часы было звязана з крывёю, бо суправаджалася крывавымі ахвярапрынашэннямі і дыявальскімі оргіямі, так і чалавечыя ідэалогіі прыносяць на алтар ідалам загубленыя чалавечыя жыцці, страчаныя для Царства Божага.

І сёння мы не жывём па запаведзях Евангельскіх. У нас жыццё нібы раздвойваецца. Дзесьці, у кутку нашай душы і свядомасці цепліцца вера. А ў штодзённым жыцці мы паводзім сябе як язычнікі.

Царква, абвяшчаючы найвышэйшыя ідэалы, адначасова заклікае людзей захоўваць святасць жыцця. Мы спадзяемся хаця б у невялікай ступені пранікнуцца тым духам, якім жыў прарок Ілія і атрымаць хаця б часцінку благадаці Божай, якая дапамагла нам несці нялёгкую місію сведчання пра Бога перад людзьмі. Калі хоць адзін раз чалавек адчуе дзеянне благадаці Божай у сэрцы, ён больш ніколі ад гэтага Бажэственнага дару не адмовіцца. І гэта не проста словы. У нашай гісторыі было шмат пакут, ганенняў. Мучанікаў і навамучанікаў не спыніў страх смерці, дыскрэдытацыі, адарвання ад грамадства і іншыя страхі менавіта таму, што яны сэрцам перажылі дар Бажэственнай благадаці.

Праслаўляючы сёння прарока Божага Ілію, будзем прасіць яго, каб па яго малітвах мець нам веру непахісную, малітву палымяную, трывалае імкненне і жаданне жыць па праўдзе Божай. Давайце, дарагія браты і сёстры, памятаць, можа быць, адзін з самых галоўных запаветаў хрысціянскай веры: “Шукайце найперш Царства Божага і праўды яго, а ўсё астатняе дадасца вам”. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь у 8-ю нядзелю па Пяцідзясятніцы (Мф. XIV, 14-22)
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut