Пропаведзь архiепiскапа Арцемiя. Дзень памяці свяціцеля Мікалая

Сёння Святая Хрыстова Праваслаўная Царква адзначае памяць свяціцеля і цудатворца Мікалая, i мы захоплены любоўю і глыбокім шанаваннем да гэтага ўгодніка Божага, аднаго з найвялікшых падзвіжнікаў веры і набожнасці.

Свяціцель Мікалай ёсць нябесным апекуном, хадайнікам, малітоўнікам і заступнікам за ўсіх нас. І ўсе мы без сумневу можам сведчыць пра тое, што ён – адзін з самых дзейсных нашых памочнікаў, што стаяць перад Прастолам Божым і што хадайнічаюць аб нашым збаўленні.

Свяціцель жыў у цяжкія часы. У гэты час у Царкве пачынаюцца ўнутраныя браджэнні.

Свяціцель Мікалай быў, як заўсёды, лагодны і змірэнны духам, незласлівы сэрцам, пазбаўлены ўсякай фанабэрыі і своекарыслівасці; трымаўся строгай умеранасці і прастаты: насіў простае адзенне, прымаў посную ежу раз у суткі – вечарам. Цэлы дзень вялікі архіпастыр тварыў справы набожнасці і пастырскага служэння. Дзверы яго дома былі адкрытыя для ўсіх: кожнага ён прымаў любасна і прыветна, быў бацькам для сіротаў, для жабракоў – кармільшчыкам, для тых, што плачуць – суцяшальнікам, для прыгнечаных – заступнікам. Паства яго памнажалася.

Набліжаліся дні выправабаванняў. Царква Хрыстова зазнала ганенні імператара Дыяклетыяна (285—300 гг.). Храмы разбураліся, бажэственныя і богаслужбовыя кнігі спальваліся, епіскапы і святары заключаліся ў цямніцы і аддаваліся на катаванні. Усе хрысціяне зазнавалі ўсялякія крыўды і мучэнні.

Свяціцель Мікалай у гэтыя складаныя дні падтрымліваў у веры паству, гучна і адкрыта прапаведуючы імя Божае, за што яго пасадзілі ў цямніцу, дзе не пераставаў умацоўваць веру сярод зняволеных і натхняў іх на шчырае вызнанне Госпада, каб яны былі гатовыя прыняць пакуты за Хрыста.

Пераемнік Дыяклетыяна Галерый спыніў ганенні. Свяціцель Мікалай пы выхадзе з цямніцы з яшчэ большай руплівасцю аддаўся выкананню сваіх высокіх абавязкаў. Ён праславіўся асаблівай руплівасцю па ўмацаванні Праваслаўнай веры і выкараненні язычніцтва і ерасяў.

Нават туркі-мусальмане маюць глыбокую павагу да свяціцеля: у вежы яны да цяперашняга часу беражліва ахоўваюць тую цямніцу, дзе быў зняволены гэты вялікі муж.

Па міласці Божай менавіта ў гэту эпоху пачынаюцца Усяленскія Саборы, якія былі закліканы абараніць Царкву ад ілжэвучэнняў, захаваць непашкоджанай тую веру, якой былі навучаны апосталы ад самога Хрыста Збавіцеля і якую яны перадалі наступным пакаленням епіскапаў і ўсяму народу Божаму. І ў гэты ж складаны час Гасподзь узводзіць і вялікага Свайго ўгодніка, малітоўніка, духоўную апору для многіх – епіскапа Мір Лікійскіх Мікалая, які стаў цудатворцам і сусветным свяцільнікам.

Клапоцячыся пра духоўныя патрэбы сваёй паствы, свяціцель Мікалай не грэбаваў задавальненнем іх фізічных патрэб. Калі ў Лікіі наступіў вялікі голад, добры пастыр, каб уратаваць тых, што галадаюць, здзейсніў цуд: адзін гандляр нагрузіў вялікі карабель хлебам і напярэдадні адплыцця кудысьці на захад убачыў у сне свяціцеля Мікалая, які загадаў яму даставіць увесь хлеб у Лікію, бо ён купляе ў яго ўвесь груз і дае яму ў задатак тры залатыя манеты. Прачнуўшыся, купец быў вельмі здзіўлены, знайшоўшы заціснутымі ў сябе ў руцэ сапраўды тры залатыя манеты. Ён зразумеў, што гэта наказ звыш, прывёз хлеб у Лікію, і галодныя былі ўратаваныя. Тут ён распавёў пра відзенне, і грамадзяне па яго апісанні пазналі свайго архіепіскапа.

Яшчэ пры жыцці сваім свяціцель Мікалай праславіўся як прымірыцель тых, што варагуюць, абаронца нявінна асуджаных і ратаўнік ад заўчаснай смерці.

Свяціцель у часе свайго жыцця аказваў дапамогу людзям, нават тым, каго ён зусім не ведаў. Аднойчы карабель, што плыў з Егіпта ў Лікію, напаткала вельмі моцная бура. Сарвала на ім ветразі, зламала мачты, хвалі павінны былі паглынуць карабель, вырачаны на немінучую пагібель. Ніякія сілы чалавечыя не маглі яе прадухіліць. Адна надзея – прасіць дапамогі ў свяціцеля Мікалая, якога, аднак, ні адзін з гэтых маракоў ніколі не бачыў, але ўсе ведалі пра яго цудоўнае заступніцтва. Карабельшчыкі, якія маглі немінуча загінуць, сталі шчыра маліцца, – і вось свяціцель Мікалай з’явіўся на карме ў руля, стаў кіраваць караблём і паспяхова прывёў яго ў гавань.

Шмат пакут зазнаў свяціцель і цудатворац Мікалай, і невыпадкова ў дзень яго памяці, як і ў дзень памяці большасці свяціцеляў, чытаецца Евангелле паводле Лукі, у якім утрымліваюцца чатыры з дзевяці запаведзяў блажэнства. Усе гэтыя запаведзі звязаны з тугой, са смуткам, са слязамі, з голадам, з галечай, з ганеннямі, і асабліва значна гучыць апошняя з іх: “Блажэнныя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас, і зганьбяць, і выкінуць імя ваша як зло, за Сына Чалавечага. Узрадуйцеся ў той дзень і ўзвесялíцеся, бо вось узнагарода ваша вялікая на небе”. (гл. Лк. VI, 22-23). Гэтыя словы Збавіцеля азначаюць, што слова пра Яго, слова пра Бога, слова Царквы ніколі, ні ў адну эпоху, не стане лёгкім для ўспрыняцця людзьмі. Бо для таго, каб прыняць гэту Божую ісціну, каб прыняць гэта найвялікшае нябеснае адкрыццё, трэба ў многім адмовіцца ад самога сябе, трэба перамяніць лад жыцця, лад мыслення па запаведзях Божых, а гэта вельмі складана.

Менавіта пагэтаму тыя, хто здольны прыняць Божую ісціну, зневажаюць тых, хто гэта слова абвяшчае.

Евангельскае слова звернута не толькі да архіерэяў, але да ўсяго народа Божага. Гэта значыць, што кожны вернік, калі ён усвядомлена ўспрымае сваю веру, калі ён імкнецца жыць па законах гэтай веры, тым больш, калі ён прапаведуе праўду Божую, – становіцца непрымальным для тых, хто гэту праўду абражае. А ў гісторыі было ўсякае – і ганьбілі, і адлучалі, і зневажалі толькі за хрысціянскія перакананні…

Сёння мы жывём у той час, калі сведчанне пра Хрыста асабліва запатрабавана людзьмі. Многія разумеюць, у якім тупіку апынулася ўсё чалавецтва, увесь чалавечы род, і прагнуць пачуць гэта сведчанне, прынесенае ў свет Госпадам нашым і Збавіцелем. Але заўсёды былі, ёсць і будуць людзі, якія не толькі не прымуць гэта сведчанне, але і абрушаць свой гнеў і сваю злосць на тых, хто прапаведуе Хрыста. Менавіта таму Царква Божая, якая прысутнічае ў чалавечай гісторыі, імянуецца Царквой ваяўнічай, – бо яна змагаецца за тое, каб свет Божы перамог у родзе чалавечым. Яна не змагаецца са зброяй у руках – яна змагаецца са словам Божым у руках і свядомасці.

І да гэтай барацьбы маюць дачыненне не толькі архіерэі і святары, але і ўвесь народ Божы. І, мабыць, галоўная выснова, якую мы павінны сёння зрабіць з гэтага Евангельскага чытання, са святкавання памяці свяціцеля і цудатворца Мікалая, – тое, што ўсе мы, і святары, і міране, маем дачыненне да яго справы, маем дачыненне да таго, да чаго Гасподзь нас усіх заклікаў. Гэта наш доўг – прапаведаваць Хрыста Распятага (гл. 1 Кар. І, 23) і Уваскрэслага, прапаведаваць і сцвярджаць у свеце мір Хрыстоў.

Памятайце прыклад свяціцеля Мікалая, і тыя Евангельскія словы, што сёння былі абвешчаны ўсім нам. Няхай гэтыя словы адлюструюцца ў вашай душы, у вашай свядомасці, у вашых справах. Няхай гэтыя вялікія словы ўвасобяцца ў жыцці кожнага з нас, усёй нашай Царквы, што ідзе па шляху вялікага і лёсавызначальнага сведчання пра Хрыста Распятага і Уваскрэслага. Амінь.

 

Пропаведзь архiепiскапа Арцемiя. Дзень памяці свяціцеля Мікалая
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut