Копія Жыровіцкай іконы ў Гродна

Протаіерэй Георгій Рой расказвае пра адзіную дакладную копію Жыровіцкай іконы па-за межамі Жыровіц, якая захоўваецца ў рызніцы Пакроўскага сабора.

Жыровіцкая ікона Божай Маці – святыня беларускага народу. Спрадвеку людзі прыходзілі і ў сам Жыровіцкі манастыр, каб пакланіцца святому вобразу Дзевы Марыі і заўсёды імкнуліся мець спісак шанаванай іконы ў сваіх дамах ці ў прыходскіх цэрквах. Але акрамя спіскаў, якія звычайна робяцца ў адвольнай форме і могуць адступаць ад дакладнага падабенства на арыгінал, вядомы таксама две гістарычныя копіі Жыровіцкай цудадзейнай іконы. Найбольш вядомая і шанаваная копія Жыровіцкай іконы захоўваецца ў самой Свята-Успенскай Жыровіцкай абіцелі і была зроблена ў 1996 годзе па благаславенню Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. Звычайна, менавіта гэты вобраз вывозіцца для пакланення ў іншых гарадах і селішчах.

Але ёсць і яшчэ адна такая ікона - фактычна адна адзіная па-за межамі Жыровіцкага манастыра і практычна невядомая дакладная гістарычная копія Жыровіцкага вобразу Божай Маці, якая захоўваецца ў Гродзенскім Пакроўскім кафедральным саборы. Адзначым, што сам факт стварэння дакладнай копіі цудадзейнай іконы – падзея ніяк не шараговая, а мае выключнае значэнне і патрабуе адмысловай санкцыі духоўнага кіраўніцтва манастыра і благаславення мітрапаліта. Улічваючы гэта, цікава паразважаць, калі і пры якіх абставінах Гродзенская копія цудадзейнай Жыровіцкай іконы была зроблена, як была перададзена ў Гродзенскі Пакроўскі сабор і хто з царкоўных дзеячаў мог да гэтага спрычыніцца. Скажам адразу, што дакументальных падцверджанняў мы не маем і наўрадці такія ўвогуле захаваліся, таму мы можам толькі выказваць уласныя мяркаванні-гіпотэзы, спрабуючы рэканструяваць магчымыя гістарычныя абставіны стварэння копіі і прынясення яе ў Гродна. На сённяшні дзень, валодаючы пэўнай інфармацыяй, я мог бы прапанаваць две версіі таго, якім чынам гэтая дакладная копія апынулася ў Гродзенскім саборы.

Версія першая

Вядома, што ў 1938 годзе Жыровіцкая ікона (ці, магчыма, спецыяльна зробленая для гэтага копія іконы) абносілася па розных гарадах і селішчах Берасцейшчыны і Гродзеншчыны. З гэтай мэтаю была зроблена спецыяльная павозка з адмысловай падстаўкаю для іконы. Жыровіцкую святыню ў такіх падарожжах заўсёды суправаджалі Крэсныя ходы. Але адзін з такіх Крэсных ходаў вылучаўся сваёй урачыстасцю і прадстаўніцтвам, а менавіта шэсце да прастольнага свята Пакрову Прасвятой Багародзіцы з Жыровіцкай іконай у Гродзенскі Пакроўскі сабор у 1938 годзе. Цалкам верагодна, што гэты Крэсны ход з Жыровіцкай іконай быў апошнім у сваім шэрагу, бо позняя восень і зіма не самы спрыяльны час для пешых паломніцтваў і перанясення святыні. Гэты Крэсны ход узначаліў Высокапраасвяшчэннейшы архіепіскап Аляксей (Грамадскі), які доўгі час быў гродзенскім правячым архіерэем, а ў 1938 годзе ўжо служыў на Валыні. Але ён спецыяльна прыязджае на Гродзеншчыну і далучаецца да шэсця ў свой былы епархіяльны горад.

Архіепіскап Аляксей (Грамадскі), пач.30-х гадоў

Па сведчанню Сафійскага летапісу мноства паломнікаў з усёй Гродзенскай епархіі сабраліся ў Пакроўскі сабор. Аналізуючы тыя падзеі, можна прыйсці да наступных высноваў. Па-першае, можна мяркаваць, што на Крэсныя ходы была зроблена дакладная копія Жыровіцкай іконы, што можа быць абумоўлена клопатам пра захаванне святыні. Прадстаўляецца малаверагодным, што кіраўніцтва Жыровіцкага манастыра пагадзілася на тое, каб арыгінал іконы на досыць працяглы час пакінуў абіцель. Хутчэй за ўсё, Крэсныя ходы здзяйсняліся, як, дарэчы, гэта робіцца і цяпер, з копіей цудатворнага вобразу. Таму цалкам магчыма, што было прынятае рашэнне на некаторы час пакінуць гэтую копію ў Гродзенскім саборы, каб, напрыклад, ў наступным годзе, прадоўжыць здзяйсненне Крэсных ходаў і ў іншыя храмы і манастыры. Але 1939 год быў поўным глыбокіх палітычных і соцыяльных зрушэнняў і атрымалася, што ікона засталася ў Гродна. Разам з тым, можна мяркаваць і тое, што было прамое хадайніцтва архіепіскапа Аляксея (Грамадскага) ці правячага архіерэя Гродзенскай епархіі епіскапа Савы (Саветава), кааб копія Жыровіцкай іконы была спецыяльна перададзена Гродзенскаму кафедральнаму сабору пасля сканчэння серыі Крэсных ходаў.

Версія другая

У маю бытнасць студэнтам Мінскай духоўнай семінарыі у 2000-м годзе духоўную школу наведаў вядомы маскоўскі свяшчэннік – протаіерэй Валянцін Радугін, які напрыканцы 50-х - пачатку 60-х гадоў ХХ ст. быў выкладчыкам Мінскай семінарыі да самога моманту яе закрыцця. Мы, як супрацоўнікі студэнцкага журналу “Ступені”, бралі інтэрв’ю ў а. Валянціна. У той размове айцец Валянцін, які быў сведкам закрыцця семінарыі і сведкам спроб закрыць манастыр, што было надзвычай верагодным, засведчыў, што па благаславенню архімандрыта Антонія (Мельнікава) ён тайна зрабіў дакладную копію Жыровіцкай іконы, на выпадак закрыцця манастыра, каб у апошні момант падмяніць арыгінал на копію. Божым заступніцтвам Жыровіцкі манастыр не быў зачынены і неабходнасць падмяняць цудадзейны вобраз адпала. Айцец Валянцін распавёў, што зробленая ім ікона засталася ў Жыровічах і яе далейшы лёс яму невядомы. Магчыма, гэтая копія праз некага і была перададзена ў Гродзенскі сабор і захоўваецца да гэтага дня ў саборнай рызніцы. Але аніякіх дакладных падцверджанняў таму мы не маем.

Унутранае ўбранне Успенскага сабора. Жыровіцкая ікона злева. Пачатак ХХ стагоддзя

Падсумоўваючы напісанае, варта сказаць, што якая б ні была гісторыя з'яўлення ў Гродзенскім саборы адной адзінай па-за межамі Жыровіцкага манастыра дакладнай гістарычнай копіі шанаванага і найбольш вядомага беларускага вобраза Прасвятой Багародзіцы – гэта мае для нашага горада надзвычайнае значэнне, з’яўляецца пэўным знакам міласці Дзевы Марыі і пабуджае да аднаўлення належнага шанавання гэтай святыні, асабліва ў год 550-годдзя з’яўлення Жыровіцкага першавобраза.

Протаіерэй Георгій РОЙ

Копія Жыровіцкай іконы ў Гродна
Копія Жыровіцкай іконы ў Гродна
Копія Жыровіцкай іконы ў Гродна
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut