Пасхальнае пасланне архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемiя

Хрыстос уваскрэс!

Вітаю вас, узлюбленыя браты і сёстры!

Віншую ўсіх вас са Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем – самым радасным для праваслаўных хрысціян святам! Зноў нашы сэрцы напаўняюцца пасхальным лікаваннем. Лікаваннем ад сузірання вялікага і неспасціжнага дзеяння любові Божай да чалавека!

Нават тых, хто пакінуў Госпада, Ён не пакінуў. Тых, хто ад Яго адхіліўся, абраўшы жыццё паводле сваёй волі, Ён ачысціў, прыняўшы пакуты і смерць. Тым, хто знемагаў у грахах, Ён адкрыў шлях пакаяння і духоўнага адраджэння – шлях да Вечнага жыцця. Па словах святога апостала Пятра, Гасподзь наш і Збавіцель “грахі нашы Сам узняў Целам Сваім на дрэва, каб мы, пазбавіўшыся ад грахоў, пачалі жыць праведна” (1 Пятр. 2:24).

І, як паказвае гісторыя Царквы ад яе найстаражытных часоў, “жыць праведна”, жыць дзеля праўды, заўсёды было няпроста. Таму што свет, які “ляжыць у граху”, не прымае Праўды Божай і заўсёды імкнецца знішчыць тых, хто яе абвяшчае, хто ў ёй стаіць і пра яе сведчыць. Але, парадаксальным чынам, дзеянне Праўды Божай у свеце толькі павялічвалася і ўмацоўвалася, а царствы і ўлады, якія пачыналі ганенні на хрысціян, – самі скараліся тым, перад кім паўставалі на шляху.

Прыклад гэтаму – смерць першамучаніка архідыякана Сцяфана і наступнае рассеянне хрысціян, якія не прывялі да спынення пропаведзі Слова аб Хрысце, а толькі ўмацавалі Яго вястуноў і служыцеляў.

Таксама і апосталы, самыя блізкія вучні Хрыста, практычна ўсе прынялі пакутніцкую смерць за сваё сведчанне пра Настаўніка. І, тым не менш, – сталі настаўнікамі і асветнікамі для многіх народаў, якія захоўваюць пра іх верную памяць і шчырае шанаванне.

Цэлых тры першых стагоддзя нашай эры стары свет змагаўся з хрысціянскім сведчаннем на арэнах і амфітэатрах, праліўшы незлічоную колькасць крыві мучанікаў. І гэта кроў стала тым насеннем, з якога змагла вырасці цывілізацыя новай, хрысціянскай Еўропы.

Ды і нядаўні досвед 20 стагоддзя, пазначаны пакутамі навамучанікаў у страшных ганеннях, якія, па ўсім аб’ектыўным паказчыкам, павінны былі сцерці памяць аб Хрысце з нашай зямлі, паказвае, што смерць за імя Хрыста і за вернасць Яго Праўдзе – гэта не паражэнне, не пройгрыш – а шлях да Ўваскрасення. Бо і шлях Самога Хрыста да Ўваскрасення ляжаў праз Крыж – гэты страшны сімвал болю і пакутаў, парадаксальна стаўшы сімвалам Любві, якая перамагла смерць. Сімвалам Пасхі, якую мы цяпер святкуем і апяваем!

Дарагія браты і сёстры! Не будзем баяцца стаяць у гэтым свеце за Праўду Божую, маючы перад сабой усе гэтыя прыклады! Не будзем бянтэжыцца ганьбой, якую свет гэты зноў узводзіць на Крыж Хрыста! І як бы цяжка нам ні было на гэтым шляху, не будзем адчайвацца, “ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Іісуса, уваскрасіць і нас праз Іісуса і паставіць перад Сабою” (2 Кар. 4:14).

Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

+АРЦЕМІЙ,
архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі
Пасха Хрыстова, 2019 г.
горад Гродна

Главное меню

Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut