Сінодзік Гродзенскай епархіі. Протаіерэй Сергій Белайц

Протаіерэй Сергій Белайц (фота з кнігі В.М. Чарапіцы "Не потерять связующую нить")Протаіерэй Сергій Паўлавіч Белайц нарадзіўся 12 чэрвеня 1903 г. у г. Лібава (цяпер Ліепая, Латвія) у сям’і ваеннаслужачага з Беларусі.У 1915 г. разам з маці эвакуіраваўся ў Петраград, дзе ў 1922 г. скончыў пачатковае гарадское вучылішча. У тым жа годзе сям’я Белайцаў вярнулася ў Заходнюю Беларусь, у вёску Мілеўцы (цяпер Шчучынскі раён), дзе мела ўласную гаспадарку. Нягледзячы на дрэннае матэрыяльнае становішча і цяжкую працу на гаспадарцы, Сяргей Белайц актыўна займаўся самаадукацыяй, што дапамагло яму ў 1929 г. скончыць экстэрнам Брэсцкую рускую гімназію. У канцы 1920-х гг. будучы святар пачаў пісаць літаратурныя апавяданні маральна-этычнага зместу і змяшчаць іх у перыядычным друку міжваеннай Польшчы. У 1927 – 1928 гг. творы С. Белайца на беларускай мове былі надрукаваны ў беларускіх газетах і часопісах “Беларуская культура”, “Беларускі дзень”, “Грамадзянін”, у 1929 – 1931 гг. на рускай мове – у рэлігійным часопісе Варшаўскай мітраполіі “Воскресное чтение”.

Жаданне звязаць свой лёс з Царквой у Сяргея Белайца было яшчэ з дзяцінства. У 1932 г. ён скончыў курсы псаломшчыкаў пры Гродзенскай духоўнай кансісторыі. З 1933 па 1942 г. быў псаломшчыкам на розных прыходах Беларусі, у тым ліку ў в. Ятвеск (Свіслацкі раён). У 1942 г. епіскапам Віцебскім і Полацкім Афанасіем рукапаложаны ў дыякана, пасля – у прасвітара. З гэтага часу і да выхада за штат служыў на прыходах Дзятлаўскага, Слонімскага, Пружанскага і Лідскага раёнаў. Апошнім месцам службы айца Сергія быў Раства-Багародзіцкі храм у в. Голдава Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.

У 1958 – 1960 г. протаіерэй Сергій Белайц накіраваў на адрас асоб, якія публічна парвалі з рэлігіяй, шэраг ананімных лістоў, ў якіх асуджаліся гэтыя ўчынкі. Сярод адрасатаў быў, напрыклад, ленінградскі святар П. Дарманскі, які адмовіўся ад сану і перайшоў на атэістычныя пазіцыі. У сваіх лістах Сергій Белайц падкрэсліваў усю тупіковасць прапаганды атэізму і крытыкаваў антырэлігійныя выступленні людзей, зусім нядаўна звязаных з Царквой. Так, у адным з лістоў ён пазначаў: “Почему Вы «порвали с религией»? Вчитываясь в Вашу статью, я сделал открытие: да ведь вы и не были в христианской религии. Вы верили, что Христос – не Человек, и что человек – не свободен, что Ветхий Завет – не отменен; что Библия – учебник естествознания; что небо – шатер; что диавол – с хвостом и т.д. Это была религия страха и невежества… Но каковы бы ни были заблуждения Вашего рассудка, если бы христианство действительно обитало когда-нибудь в Вашем сердце, оно оставило бы по себе воспоминание бесконечно заветное и святое. Можно потерять веру, иногда это нужно бывает по ходу нашего духовного развития, но никогда, никогда не станет человек поносить и оплевывать то, что действительно было его святынею. А Вы это сделали.”

Але ва ўмовах хрушчоўскага праўлення, калі бязбожная агітацыя набірала новую моц, такія смелыя ўчынкі святара не маглі не выклікаць увагі з боку органаў дзяржбяспекі. У перыядычным друку пачалася траўля айца Сергія Белайца. 6 лютага 1961 г. протаіерэй быў затрыманы і супраць яго ўзбуджана крымінальная справа па абвінавачванні ў “антысавецкай агітацыі”. Следчыя пільна шукалі ў лістах айца Сергія палітычны падтэкст і паклёпніцкія выразы ў бок савецкай рэчаіснасці. Аднак праведзенае расследаванне паказала, што падчас напісання лістоў протаіерэй Сергій Белайц “не преследовал цели подрыва или ослабления Советской власти.”Адзінай мэтай стварэння гэтых твораў, па паказанням самога святара, была абарона Царквы ад замахаў з боку богаадступнікаў. 14 мая 1961 г. пракуратура Гродзенскай вобласці спыніла крымінальную справу адносна святара. Але пракуратура БССР у кастрычніку 1961 г. адмяніла гэтае рашэнне і ўзнавіла справу. Падчас дадатковага расследавання са святара былі зняты ўсе абвінавачванні. У канцы лістапада 1961 г. справа айца Сергія была канчаткова спынена “з-за адсутнасці складу злачынства”.

Айцец Сергій быў добрасумленным і адказным пастырам, эрудыраваным чалавекам, паслядоўным прапаведнікам слова Божага. Ён адрозніваўся глыбокай верай і любоўю да Бога, бліжняга, сваіх прыхаджан. Па справе святара было дапытана 15 чалавек і ўсе яны давалі адносна яго толькі станоўчыя паказанні. За шматгадовае стараннае служэнне Праваслаўнай царкве Свяцейшым Патрыярхам Піменам да дня Святой Пасхі ў 1983 г. айцец Сергій быў узнагароджаны мітрай.

Памёр протаіерэй Сергій Белайц 2 красавіка 1985 г. пасля працяглай хваробы. На могілках у в. Голдава Лідскага раёна знаходзіца магіла гэтага падзвіжніка Праваслаўя на Гродзеншчыне.

Творы: Марская легэнда // Беларуская культура. 1927. №1.; Гарыслаў // Беларускі дзень. 1927. №17.; Пракляцьце вандроўца // Беларускі дзень.1927. № 18.; Здраднік // Грамадзянін. 1928. 10 чэрвеня.

Літаратура: Вечная память почившим [Некролог] // Журнал Московской Патриархии. 1985. №9.; Маракоў, Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917 – 1967. Энцыклапедычны даведнік у 2-х тамах. Мінск. 2007. Т.1.; Черепица, В.Н. Не потерять связующую нить: История Гродненщины ХIХ–ХХ столетий в событиях и лицах (исследования, документы, комментарии). Гродно. 2003.

Аляксандр Горны

Главное меню

Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut