У царкве свц. Лукі зноў спяваў хор “Бацькаўшчына”

У царкве свц. Лукі і ў гэтым годзе на Вялікдзень пасля святочнай літургіі спяваў хор “Бацькаўшчына”. Гэта стала ўжо традыцыяй, якую заснаваў і няўхільна падтрымлівае настаяцель храма айцец Аляксандр Хомбак, таму што ён лічыць, што вельмі неабходна для чалавека ведаць свае спадчынныя карані і як мага часцей вяртацца да іх.

У дадзеным выпадку вяртанне да каранёў беларускага народа, заглыбленне ў адметную ад іншых беларускую душу адбываецца праз беларускую духоўную музыку і беларускае слова. Хор “Бацькаўшчына” спявае толькі па-беларуску і тым самым падчас кожнага свайго выступлення зноў і зноў запрашае беларусаў з гонарам адчуваць сябе беларусамі і не цурацца свайго багатага гістарычнага і культурнага мінулага.

Хор быў заснаваны на хвалі адраджэння незалежнасці Беларусі на зломе канца 80-х і пачатку 90-х гадоў. У студзені бягучага года ён адзначыў сваё 25-годдзе. Ля вытокаў яго нараджэння стаіць Вера Васільеўна Кунцэвіч, выкладчыца спеваў тагачаснага музпедвучылішча, якая шмат гадоў навучала і ўзначальвала свой калектыў. У апошнія гады яна перадала хор пад апеку Ірыны Юр’еўны Жыгулінай, якая і кіравала яго выступленнем у храме.

Не так проста было стварыць рэпертуар хора, бо на шмат гадоў беларусы былі адлучаныя ад сваёй рэлігійнай спадчыны, у прыватнасці, ад аўтэнтычнай духоўнай музыкі і спеваў. Шмат патрэбных твораў былі знойдзены ажно ў Лондане ў Скарынаўскай бібліятэцы з дапамогай англічаніна-беларусіста Гая Пікарда. Намаганнямі хора “Бацькаўшчына” была адноўлена амаль забытая музычная спадчына такіх беларускіх кампазітараў, як М. Равенскі, М. Куліковіч-Шчаглоў, М. Бутома, А. Туранкоў ... Велічныя творы іх духоўнай музыкі прагучалі і ў гэтым чарговым Велікодным выступленні: “Разбойніка благаразумнага”, “Анёл усклікнуў Поўнай ласкі…”, “Дастойна ёсць”, “Ойча наш”, “Заступніца духоўная”, а таксама іншыя песні з багатага рэпертуара хора.

Пад спевы хора “Бацькаўшчына” слухачы-вернікі маліліся і ўзносіліся душамі ў неба, спачувалі гаротным і пазбаўляліся ад уласнага гора, каяліся і ядналіся ў адзіным парыве да святла, даравалі ворагам сваім і перабіралі свае грахі, верылі ў Вышэйшае заступніцтва і імкнуліся дасягнуць жыцця вечнага… Напрыканцы канцэрта ўсе вернікі, хто слухаў хор седзячы, усталі: асаблівай веліччу і ўрачыстасцю напоўніў храм духоўны гімн беларускага народа “Магутны Божа” (словы Наталлі Арсенневай, музыка Міколы Равенскага). Апошняй была песня-пажаданне кожнаму доўгага чалавечага веку на зямлі – “Многія лета”, якую прысутныя праслухалі таксама стоячы.

Пасля канцэрта святар Аляксандр Хомбак павіншаваў харыстаў з Вялікаднем памятнымі падарункамі і шчыра падзякаваў іх за выступленне ў храме.

Алена ЧОРНАЯ

Фотографии: 
У царкве свц. Лукі зноў спяваў хор “Бацькаўшчына”
У царкве свц. Лукі зноў спяваў хор “Бацькаўшчына”
У царкве свц. Лукі зноў спяваў хор “Бацькаўшчына”
У царкве свц. Лукі зноў спяваў хор “Бацькаўшчына”
У царкве свц. Лукі зноў спяваў хор “Бацькаўшчына”
Разделы сайта:

Главное меню

Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut