Пасхальнае пасланне Праасвяшчэннейшага Арцемія,
   епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага

   "Ангел жа, прамаўляючы да жанчын сказаў:
не бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Іісуса ўкрыжаванага;
няма Яго тут; Ён уваскрос"

   (Мф. 28, 5-6).

   Узнімемся духам, браты і сёстры: "Сёння збаўленне свету, свету бачнаму і нябачнаму! Хрыстос з мёртвых - паўстаньце з Ім і вы, Хрыстос у славе Сваёй, - узыходзьце і вы; Хрыстос з гроба, - вызваляйцеся ад путаў граху..." - так усклікаў свяціцель Грыгорый Багаслоў.
   Радасць Уваскрасення Хрыстовага зноў прыйшла да нас, і яе ніхто не зможа адабраць ад нас. "Вось, Я з вамі ўсе дні да сканчэння веку. Амінь. (Мф. 28, 20)", - сказаў Уваскрэсшы Збавіцель сваім вучням. І гэтую прысутнасць жывога навек Хрыста нельга адмяніць ніякімі срэбранікамі, ніякай хлуснёй, і мы, як першыя вучні, гатовы несці вестку пра перамогу Хрыста ва ўсе канцы Свету.
   Нашая Пасха - найпраўдзівейшая, таму што ў ёй - перамога праўды над усякай няпраўдай, дабра -над усякім злом. Нас напаўняе радасць, і ў ёй няма месца для тугі ў самых цяжкіх абставінах, гэтая радасць дае нам моц любіць не толькі тых, хто любіць нас, але і тых, хто ненавідзіць нас, дараваць ім усё Ўваскрасеннем, як нам дараваў Хрыстос. I гэтая радасць не дазваляе нам саступаць дыявальскаму злу, таму што абяцанне Богу добрага сумлення, як кажа апостал Пётр, раскрываецца сёння да канца ў святле Ўваскрасення Хрыстова.
   Хрыстос Уваскрос, і нішто не можа ўтаіцца ад сонца Пасхі Хрыстовай, і марныя ўсе чалавечыя намаганні працівіцца праўдзе Божай. Пасха - гэта сведчанне пра тое, што Хрыстос жывы і з намі, і мы жывыя з Ім. I такая змена павінна адбыцца ў жыцці кожнага з нас, чыстым сэрцам мы павінны ўбачыць Уваскрэсшага Хрыста. Хрыстос даў магчымасць усім без выключэння людзям карыстацца пладамі яго любві.
   Калі мы навучымся любіць, тады свет наш станецца новым, другім светам; тады прыдзе да нас Царства Божае, Уваскрасенне, новае жыцце. Царква - гэта Цела Хрыстова жывое, войска непамяншальнае, войска непераможнае, таму што перамога Ягоная не ў палоне іншых, а ў вызваленні ад улады граха!
   Таму што перамога наша, хрысціянская, у тым, каб жыццё нашае і смерць нашую, калі патрэбна, падараваць дзеля ўратавання ганіцеляў нашых, ненавістнікаў, што не ведаюць Бога. Вось заклік наш: дзе цёмна - мы павінны быць святлом, дзе няма веры - мы павінны прынесці ўпэўненасць веры, дзе няма болей надзеі - мы павінны ззяць надзеяю. Калі, здаецца, спадзявацца няма на што, дзе гасне любоў, - павінны быць непераможнай любоўю! Мы павінны быць прыкладам таго, што ўяўляе сабой сапраўдны жывы чалавек, які з'яўляецца жывым вобразам Збавіцеля Хрыста, які злучаны з Богам непадзельна, які ахвяруе сябе на служэнне другім людзям! Станем і мы на гэты шлях. Аддамо жыццё, каб уваскрэсла Бацькаўшчына нашая, каб уваскрэсла Царква, каб Бог перамог! Перамога Божая - гэта не прыгнёт людзей, а велічная іх свабода.
   Сёлета праваслаўны свет адзначае 100-годдзе кананізацыі святога прападобнага Серафіма Сароўскага. Узгадаем і мы, што яго праслаўленне адбылося папярэдадні страшных гістарычных падзей, наступствы якіх шмат у чым не перадоленыя і дагэтуль. Сам прападобны Серафім сустракаў кожнага, хто прыходзіў да яго, словамі:
    "Радасць мая, Хрыстос Уваскрос!"
   "Пасхальнае вітанне, - як кажа першаіерарх Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Філарэт, - гучала ў яго вуснах і пад пануры шум восеньскіх дажджоў, і ў летнюю спёку, і ў час вясновага бездарожжа, і ў зімовую сцюжу. Маркота была не ўласцівая Сароўскаму падзвіжніку, бо сэрца яго жыло Уваскрасеннем Хрыстовым".
   Як гэта магчыма, спытаюцца некаторыя, калі сучаснае жыццё зусім не дае нагоды для радасці? Адказ на гэтае пытанне зноў жа дае нам Прападобны. "Здабудзь дух мірны, - казаў ён, - і тысячы збаўлены будуць побач з табой". І таму Святая Царква заклікае нас несці гэтую пасхальную радасць у свае дамы, сем'і, сваім блізкім, родным і наогул усім хто мае у ёй патрэбу. Выконваючы запавет святога Серафіма Сароўскага будзем старацца здабываць дух мірны, накіроўваць усе сілы на ачышчэнне душы ад грахоўных пажадаў. Выпраўленне свайго жыцця, бачанне сваіх уласных грахоў і недахопаў, а не выкрыццё грахоў і недахопаў бліжняга, - вось што вельмі патрабуюцца зараз. Здавалася б простая запаведзь, але як складана бывае яе здзейсніць у сваім жыцці. Дык будзем жа не толькі на словах, але і на справе ўшаноўваць памяць прападобнага Серафіма, апостала Пасхальнай радасці.
   Толькі тады Пасха для нас будзе ачышчальнай і ўратавальнай, калі праўда Уваскрасення Хрыстовага зробіцца нашай праўдаю, асноваю нашай веры, зместам нашага жыцця. Тады і радасць наша будзе поўнай, пра якую Іаан Багаслоў кажа: "Радасці вашай ніхто не адыме ад Вас" (Ін. 16, 22). Мы молімся: хай асвяціць нас святло Хрыстовага Ўваскрасення і дасць Бог нам мір, чысціню і святасць, што будзе закладам нашага агульнага ў Хрысце Уваскрасення.
   Яшчэ раз вітаю са Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем усіх, хто носіць імя Хрыстова.
   Няхай сагрэе Уваскросшы Гасподзь любоўю сваею душы нашыя і ўваскрасіць іх, каб бытавалі ў нас мір Божы, чыстая вера і любоў Хрыстова. Хай будзе несканчальнай наша радасць аб Яго Ўваскрасенні.
   Сапраўды Хрыстос Уваскрос!
   

   Арцемій, епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі.
   Пасха Хрыстова 2003 г.
   Гродна.

   
   
   
   
   
   
   

на главную страницу
сайта Гродненской епархии