Святыя заступнікі Гродзеншчыны: прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі

Прападобнамучанік Афанасій БрэсцкіСвяты прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі Промыслам Божым быў пастаўлены ў першыя шэрагі змагароў за праваслаўную веру ў тыя часы, калі зласліўцы і крыўдзіцелі здзекліва называлі праваслаўных «схізматыкамі» і «адшчапенцамі». Гэты святы займае паважнае месца і ў беларускай культуры. Яго называюць асобай неардынарнай, майстрам мастацкага слова, чалавекам рэдкага пісьменніцкага таленту, выдатным мысліцелем і публіцыстам.

Нарадзіўся святы каля 1595 года ў набожнай сям’і брэсцкіх рамеснікаў Філіповічаў. Вучыўся ў брацкай школе, верагодна, пры Віленскім Свята-Духавым манастыры, дзе атрымаў грунтоўную адукацыю, ведаў багаслоўскую і гістарычную літаратуру, валодаў польскай, лацінскай, грэчаскай, славянскай мовамі.

У маладыя гады Афанасій працаваў хатнім настаўнікам у дамах шляхты, у тым ліку і ў канцлера Літоўскага Льва Сапегі. Разгульнае жыццё, якое Афанасій назіраў пры дварах магнатаў, толькі ўмацоўвала ў ім намер пазбавіцца ад мірской мітусні і прысвяціць сябе служэнню Богу.

У 1627 годзе Афанасій ад’ехаў у Віленскі Свята-Духаў манастыр, дзе прыняў манаскі пострыг ад ігумена Іосіфа (Бабрыковіча). З Вільні прападобны Афанасій быў пасланы на паслушанне спачатку ў Куцеінскі манастыр пад Оршай, а затым — у Межыгорскі каля Кіева.

З Межыгор’я прападобны Афанасій зноў вярнуўся ў Вільню, дзе праз некаторы час быў узведзены ў сан іераманаха, а затым прызначаны намеснікам Дубойскай абіцелі пад Пінскам.

У 1636 годзе па волі князя Радзівіла Дубойская абіцель была перададзена іезуітам. Факт гвалтоўнага адабрання манастыра аказаў моцнае ўражанне на Афанасія. З гэтага часу ён пачынае глыбока асэнсоўваць прычыны гаротнага стану Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай і, пакладаючыся на волю Божую і дапамогу Прасвятой Багародзіцы, «азарэннем Духа Святога» ўсведамляе і вызначае сваю ролю ў абароне спрадвечнай бацькоўскай веры. Ён адважваецца на адкрытае змаганне з «праклятай уніяй», бо, па яго цвёрдым перакананні, менавіта яна з’яўлялася коранем зла і прычынай усялякіх забурэнняў у тагачаснай Царкве і дзяржаве.

Як сведчаць творы прападобнамучаніка, ён не меў нянавісці да канкрэтных асоб іншых веравызнанняў, наадварот, разумеў, што «уніяты сваёй воляй рымлянамі ашуканы, а рымляне — менавіта ў Божых справах і парадках духоўных — падмануты дыявалам праклятым...», таму трэба, каб усе, «што называюцца імем Хрыстовым, да праўды прыйшлі, ... і ўсвядомілі патрэбу і неабходнасць вайны з паганымі і нявернымі, каб быў над усімі адзін пастыр Іісус Хрыстос...»

Прападобны Афанасій перайшоў на паслушанне ў недалёкі Купяціцкі манастыр на Піншчыне, які шырока славіўся цудадзейнай іконай Божай Маці. Тут Афанасій напісаў «Жалобны ліст» да Багародзіцы з клопатам пра людзей праваслаўных, дзе расказаў аб шматлікіх прыцясненнях, маліў Прачыстую аб заступніцтве, аб вяртанні спакушаных уніяй да святога Праваслаўя.

У 1637 годзе па благаславенні мітрапаліта Кіеўскага Пятра Магілы святы накіраваўся збіраць ялмужну (сродкі) на аднаўленне манастырскага храма. З вялікай цяжкасцю пераадолеўшы мяжу, ён дабраўся да Масквы, дзе перадаў цару Міхаілу Фёдаравічу справаздачу пра сваё падарожжа з апісаннем цудаў, якія адбываліся ў дарозе па малітвах да Прасвятой Багародзіцы:

«Дзіўнай справай Божай і засцярогамі Прачыстай Багародзіцы Купяціцкай, вобраз якой ля граніцы маскоўскай на небе быў сапраўды бачны, без пісьмовых сведчанняў цудоўна даехаў да сталіцы маскоўскай».

Па загаду цара Афанасія размясцілі на Ардынскай вуліцы за Масквою-ракой. Тут святы Афанасій напісаў твор «Гісторыя маскоўская Або вобраз Прасвятой Багародзіцы», дзе падрабязна апісаў падарожжа ад Купяціч да Масквы. Атрымаўшы багатую міластыню ад цара, Афанасій вярнуўся ў Купяціцкі манастыр.

У 1640 годзе святы Афанасій паводле жадання праваслаўнага берасцейскага брацтва выбраны ігуменам Свята-Сімяонава манастыра ў Брэсце.

«Там, — як ён апавядае, — у ма-настыры ўбогім, годна жылі з некалькімі дзесяткамі братоў маіх, што ведама Богу і людзям. Я сам і браты мае цярпелі свавольства ад студэнтаў іезуітаў і ад папоў уніяцкіх — неаднаразовыя пабоі, гвалт і абразы.
Нападалі на манастыр, заміналі бесперашкодна ісці дарогай на кірмаш, стваралі невыносныя пакуты.., а ў Кобрыне уніяцкі архімандрыт гвалтам захапіў (о, бяда ж!) законнікаў, пасланых да мяне на маіх конях з Купяціч. Святару бараду абрэзаў, дыякана распрануў, а затым выгнаў іх. Двух коняў з возам і рэчамі на некалькі сот залатых прысвоіў...»

Святы Афанасій адшукаў старыя епіскапскія і каралеўскія граматы, якімі пацвярджаліся спрадвечныя правы і прывілеі берасцейскіх храмаў і манастыроў. Знайшоўшы ў граматах, што «унія з старым Рымам, прынятая насуперак законам Усходняй Царквы, праклята навекі», прападобны Афанасій стаў даводзіць пра гэта адкрыта ў храме і іншых месцах. Шукаючы законнай абароны, Афанасй двойчы (у 1641 і 1643 гадах) выступаў на дзяржаўных сеймах Рэчы Паспалітай у Варшаве, неаднаразова звяртаўся да караля. Кароль Уладзіслаў IV прызнаў правамоцнымі свае ранейшыя прывілеі, дадзеныя праваслаўным, але канцлер (начальнік канцылярыі) «нават за трыццаць цвёрдых талераў» адмовіўся зацвердзіць каралеўскі прывілей пячаткамі.

На Варшаўскім сейме 1643 года Афанасій сустракаўся з незадаволенымі уніяй гараджанамі з Сокаля, Оршы, Пінска, Бельска, Кобрына, Берасця і іншых местаў і мястэчак Рэчы Паспалітай. Па словах Афанасія, «месцічы бедныя лямантуюць.., бо крыжа не прыняўшы дзеткі пакутуюць! І дарослыя без шлюбаў жывуць! І памерлых у палях, на гародах і ў піўніцах патаемна ўначы хаваюць! ...Тут, у дзяржаве хрысціянскай, праваслаўныя людзі маюць і церпяць няволю, большую за турэцкую!» На сейме Афанасій выступіў са скаргай на бяспраўнае становішча праваслаўных у Рэчы Паспалітай і на беззаконні «людзей дзяржаўных».

«Ужо амаль пяцьдзесят год вера праўдзівая і Царква Усходняя Грэчаская ў каралеўстве Польскім смяротныя прыцясненні трывае пад вамі, паны хрысціянскія», — з горыччу прамаўляў ён. Бязбоязна святы Афанасій выкрываў метады іезуітаў, якія «адточанымі словамі і тытуламі высокімі пабралі нутро людское і душы яшчэ маленькіх дзетак, ладзячы ў школах камедыі, маючы ў касцёлах катэдры і кніжкі пераліцаваныя, выдуманыя падманам дыявальскім, якія раздаюць бязбожна простым людзям».

Там жа, у Варшаве, святы Афанасій раздаў знатным членам сейма спіскі на палатне Купяціцкай іконы Божае Маці з надпісам-перасцярогай, які сведчыў, што ў часіны, калі праваслаўныя да крайнасці прыгнятаюцца, Купяціцкі вобраз з’яўляецца «трубой і знакам», якія прадвяшчаюць гнеў Божы і Страшны Суд.

Прысутныя на сейме праваслаўныя іерархі і ігумены буйных манастыроў баяліся наступстваў ад рэзкіх выказванняў і неардынарных паводзін Афанасія, таму распарадзіліся пасадзіць прападобнага пад варту.

Над Афанасіем учынілі суд, у выніку якога ён быў пазбаўлены сана і высланы ў Кіеў. Аднак мітрапалічы суд у Кіеве апраўдаў Афанасія, і мітрапаліт Пётр Магіла аднавіў яго ў сане ігумена і дазволіў вярнуцца ў Брэст. Па вяртанні прападобны Афанасій цалкам аддаўся манаскім подзвігам, Але адасобленае жыццё інакаў пастаянна парушалася нападамі на манастыр, здзекамі, насмешкамі і перашкодамі.

У 1645 нястомны Афанасій зноў рыхтаваўся да паездкі на сейм у Варшаву, але быў арыштаваны як парушальнік спакою. У затачэнні святы Афанасій знаходзіўся больш за год, за гэты час напісаў шэраг твораў: «Навіны», «Фундамент непарадку касцёла Рымскага», «Супліка», «Прыгатаванне на суд», «Парада пабожная», «Пра фундамент царкоўны», у якіх выклаў свае погляды на гісторыю Брэсцкай уніі і паказаў яе згубнасць для Праваслаўя і самой дзяржавы Рэчы Паспалітай. Тады ж ён склаў «Параду» каралю Уладзіславу IV, у якой прапанаваў канкрэтныя шляхі «замірэння Цэркваў» і дасягнення добрага ладу ў дзяржаве. Найперш святы раіў пазбавіцца ад уплыву іезуітаў, звярнуцца праз лісты да пяці патрыярхаў Усходняй Царквы і на Саборы вярнуць законныя правы святога Праваслаўя ў Вялікім княстве Літоўскім.

Па волі караля Афанасій быў вызвалены, а мітрапаліт Пётр Магіла пакінуў Брэсцкага ігумена ў Кіева-Пячэрскім манастыры. Там святы Афанасій склаў са сваіх твораў «Дзённік» («Дыярыуш, Або апісанне праўдзівых падзей»), звод артыкулаў, запісаў аўтабіяграфічнага характару, палемічных прац, грамат і лістоў, у якіх выкрывалася здрадніцкая сутнасць уніі, вобразна паказана адна з гістарычных старонак барацьбы праваслаўнага народа супраць рыма-каталіцкай агрэсіі. «Дыярыуш» — унікальны ўзор духоўнай літаратуры XVII стагоддзя. Да нашага часу захаваліся два яго спіскі, адзін захоўваецца ў Маскве ў Дзяржаўным гістарычным музеі, другі — у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу.

Пасля смерці мітрапаліта Пятра Магілы ў 1647 годзе Афанасій вярнуўся ў Брэст. У абставінах казацкага паўстання 1648 года супраць праваслаўных узнялася новая хваля ганенняў. Святога Афанасія зноў арыштавалі па ілжываму абвінавачанню ў дапамозе паўстаўшым казакам і кінулі ў вязніцу. Хоць абвінавачанне не пацвердзілася, у ноч на 5 верасня гайдукі прывялі прападобнага Афанасія ў сасновы бор ля вёскі Гершоны. Там прымусілі яго выкапаць сабе яму, а потым страшэнна катавалі распаленым жалезам, прымушаючы адмовіцца ад выказванняў супраць уніі і каталіцызму. Не губляючы самавалодання, святы падзвіжнік мужна адказаў катам:

«Што я казаў, тое сказаў, і з тым паміраю».

Пасля гэтых слоў аднаму з гайдукоў загадалі расстраляць святога Афанасія. Уражаны мужнасцю і стойкасцю ігумена, гайдук перад тым, як выканаць загад, прасіў у яго прабачэння і пастырскага благаславення. Яшчэ жывога святога Афанасія скінулі ў яму. Абаронца веры Хрыстовай павярнуўся тварам уверх, склаў рукі крыжападобна і аддаў душу сваю Госпаду.

На працягу васьмі месяцаў цела пакутніка за Праваслаўе, засыпанае зямлёй, ляжала без царкоўнага пахавання. Толькі ў траўні 1649 года інакізнайшлі нятленнае цела ігумена са слядамі мучэнняў, перанеслі ў свой манастыр і з пашанаю пахавалі ля правага кліраса ў галоўным храме брэсцкага манастыра святога Сімяона Стоўпніка.

Прападобны Афанасій быў прызнаны святым хутка пасля сваёй пакутніцкай смерці. У 1666 годзе былі адкрыты мошчы мучаніка, відавочна, з гэтай нагоды ў Брэсце было складзена «Жыціе» на польскай мове, у якім ігумен Афанасій называецца «святым і прападобнамучанікам». У 1805 годзе ў Кіеўскай духоўнай акадэміі «Жыціе» перакладзена на рускую мову. Вядомы факт ушанавання прападобнамучаніка Афанасіія Магілёўскім свяціцелем Георгіем (Каніскім).

У 1816 годзе у час пажару, які здарыўся ў Брэсцкім Сімяонаўскім манастыры, драўляны манастырскі храм згарэў, а медная грабніца, дзе захоўваліся мошчы святога, расплавілася. Абгарэлыя часціцы святых мошчаў прападобнамучаніка Афанасія, што ацалелі ў полымі пажару, былі пакладзены ў каўчэг і пастаўлены для ўсенароднага пакланення. Бог дараваў ім цудатворную сілу, пра што сведчаць шматлікія цуды і выпадкі ацаленняў.

У 1819 годзе архімандрытам Маркіянамн а падставе «Жыція» складзены вершаваны «Памятнік пра новага прападобнамучаніка Афанасія Філіповіча», а таксама трапар і кандак святому. У час Першай сусветнай вайны святыя мошчы былі вывезены ў Францыю, і толькі ў 1995 годзе часціца мошчаў вернута ў Брэст і цяпер захоўваецца ў кафедральным Свята-Сімяонаўскім саборы горада Брэста.

Падрыхтавала Лідзія Кулажанка
Газета «Царкоўнае слова»
№ 37(327) 2008

Фотографии: 
Прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі
Разделы сайта:

Главное меню

Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut