Пропаведзь архiепiскапа Арцемiя на Успенне Прасвятой Багародзiцы

Сёння Царква ўзгадвае смерць той, чый Сын, паводле веры нашай, перамог смерць, паўстаў з мёртвых і нам дараваў абяцанне апошняга ўваскрасення і ўрачыстасці жыцця неўміручага. Прыгадваюцца словы адной з цудоўных малітваў, звернутых да Божай Маці. Малітвы, у якой Марыя названая «світанкам таямнічага дня». Быццам святло гэтага світанку льецца са свята Успення, сама смерць становіцца жыццём і ўрачыстасцю жыцця. Смерць становіцца «світанкам таямнічага дня».

Успенне Прасвятой Багародзіцы ёсць таямніца Промысла Божага – таінства канчатковага разбурэння брамы смерці. Па словах прападобнага Антонія Вялікага: «Як целу, якое цалкам разаўецца ва ўлонні, неабходна нарадзіцца, так душы, калі яна дасягне вызначанай Богам мяжы, неабходна выйсці з цела». Так, нават душам людзей святых і праведных перад іх ўсяленнем у Царства Айца Нябеснага неабходна прыняць пякучыя лекі смерці як апошняга ачышчэння, бо і на іх асядаў жыццёвы пыл.

Але мы не дарма гаворым таксама і пра тое, што успенне, як столькі раз нагадвае нам пра гэта апостал Павел, ёсць часовы сон нашага цела да дня ўваскрасення. І вось, святкуючы Успенне Божай Маці, мы не толькі верым, што Яна паўстане з мёртвых ў апошні дзень, як мы ўсе, але мы ведаем дакладна (ведаем з апостальскага падання, з досведу Царквы), што Яна ўжо і целам уваскрэсла і ўвайшла ў тое жыццё, якое нам адкрыецца ў канцы часоў.

Таму і мы можам святкаваць сёння з поўнай радасцю дзень Успення Божай Маці, калі Яна вызвалілася ад межаў зямнога быцця, калі Яна выйшла з вузкіх граняў распуснага свету і ва ўсёй славе, ва ўсёй невыказнай Сваёй прыгажосці, у Сваёй чысціні стала перад тварам Сына Свайго і Бога, перад тварам Бога і Айца. Радасць наша можа быць дасканалая, без слёзаў, без гора. Гэта ўрачыстасць жыцця, але гэта для нас таксама і сведчанне аб тым, што ўваскрасенне – не пустое слова, уваскрасенне – не іншасказанне, што ўсе мы, у адпаведнасці са словам Божым, паўстанем з мёртвых і ўвойдзем у паўнаце нашага чалавецтва – і душой, і духам, і целам – у вечнасць, у радасць вечную Госпада нашага.

Тую, Якая ўсю Сябе аддала Хрысту, да канца ўзлюбіла Яго, Ён сустракае ў гэтых светлых дзвярэй памірання – і смерць становіцца радаснай сустрэчай, і жыццё перамагае, і над усім пануе радасць і любоў. Яна – Марыя, Дзева, Маці – адна з нас.

Смерць тут пераможаная знутры, вызваленая ад усяго таго, што напаўняе яе і жахам, і безнадзейнасцю. Можна сказаць: сама смерць становіцца жыццём і перамогай жыцця. Смерць становіцца «світанкам таямнічага дня». І таму ў гэтым свяце няма смутку, няма надмагільнага рыдання, няма гора: толькі святло, толькі радасць. Нібы для кожнага з нас, хто падыходзіць да гэтага непазбежнага парога, адчыняюцца ўжо дзверы, і з іх ззяюць промні будучай перамогі, будучага Царства Божага.

Дзень Успення Божай Маці называецца ў нашай Святой Хрыстовай Праваслаўнай Царкве «днём Багародзічнай Пасхі». І як у дзень Пасхі Хрыстовай радуецца наша сэрца, радуецца ад таго, што Хрыстос паўстаў з мёртвых і Ён з'яўляецца Пачаткам і нашага жыцця, і нашага ўваскрасення, гэтак жа ў дзень свята Успення Божай Маці няхай радуюцца нашы сэрцы, радуюцца ад таго, што ў Маці Божай мы маем найвялікшую Заступніцу і Хадайніцу перад Яе Сынам, радуюцца аб тым, што як Гасподзь уваскрасіў Сваю Маці, і Яна Сваім Прачыстым целам цяпер знаходзіцца перад Прастолам Божым і моліцца за ўсіх нас, гэтак жа ўваскрэснем і мы з вамі.

Услаўленне Багародзіцы складаецца не толькі і не столькі ў тых славаслоўяў, якія мы здзяйсняем у Яе гонар і ў дні Яе святаў ды і кожны дзень, малітоўна звяртаючыся да Яе. Сапраўдным усхваленнем Божай Маці з'яўляецца наша з вамі жыццё, а для таго, каб навучыцца сапраўднага хрысціянскага жыцця будзем часцей углядацца ў вобраз Прасвятой Дзевы Марыі. І ўглядаючыся ў Яе вобраз, у першую чаргу, мы павінны навучыцца самаадданай, цвёрдай любові да Бога і любові да ўсіх людзей, што знаходзяцца побач з намі. Так мы павінны любіць Бога і людзей, як Бога і людзей любіла Прасвятая Багародзіца. Разам з тым, углядаючыся ў Яе вобраз, мы павінны навучыцца змірэннаму перанясенню шматлікіх цяжкасцяў і выпрабаванняў, якія вольна або мімаволі сустракаюцца на нашым жыццёвым шляху, бо колькі бедаў і выпрабаванняў зведала Прасвятая Багародзіца!

Будзем, узіраючыся на вобраз заўжды Дзевы Марыі, вучыцца пакорнаму нясенню тых шматлікіх пакутаў і хвароб, якія сустракаюцца на нашым жыццёвым шляху, памятуючы пра тое, што той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены. І, вядома ж, браты і сёстры, узіраючыся на вобраз Прасвятой Дзевы, будзем вучыцца Яе змірэнню, Яе лагоднасці, бо тая духоўная вышыня, на якую ўзышла Божая Маці, першым чынам, была дасягнутая той пакорай і змірэннем, якія Яна здабыла ў Сваім зямным жыцці. Яна Сама сведчыла пра гэта, і мы вельмі добра ведаем гэтае сведчанне, бо яно прыведзена ў Святым Пісанні. Маці Божая гаворыць: «спаглянуў Ён на пакору Рабы Сваёй» (Лк. 1:48). Не ганарыцца мы павінны, не ўзосіцца, не думаць пра сябе вельмі высока, а са змірэннем і пакорнасцю несці той жыццёвы крыж, які дадзены кожнаму дзеля нашага выратавання. Калі мы ўсяму гэтаму навучымся ў сваім зямным жыцці, тады можна будзе сказаць, што мы з'яўляемся сапраўднымі дзецьмі Прасвятой Багародзіцы. А тое, што мы – Яе дзеці, а Яна – наша Маці, мы таксама добра ведаем са Святога Пісання: калі Гасподзь і Збавіцель наш Іісус Хрыстос знаходзіўся на голгофскім Крыжы, то Ён уручыў Ёй Іаана Багаслова, сказаўшы Дзеве Марыі, што ён – Яе сын, а Іаану Багаслову сказаў, што Яна – яго Маці. І Святая Царква ў гэтай падзеі убачыла ўсынаўленне ўсяго чалавецтва ў асобе Іаана Багаслова Прасвятой Багародзіцы.

У Спадарыні нашай Багародзіцы ўсе мы, слабыя, грэшныя і нявартыя людзі, здабылі Шчырую Малітвенніцу, Шчадралюбную Заступніцу, Наймагутнейшую Памагатую. Царыца Нябесная, родная нам па чалавецтве, пераўзышла славаю ўсе сілы ангельскія – з'явілася Першай па Богу і пасля Бога.

Мы спадзяемся, што малітвамі Богамаці Гасподзь ацаліць нашы душы, утаймуе нашу наравістую і свавольную волю, прывядзе наш розум «у паслухмянства Хрысту» і Яму аднаму вядомымі шляхамі прывядзе нас да выратавання і жыцця вечнай. І калі са свайго боку мы будзем імкнуцца прынесці Госпаду наша змірэнне, падобнае да таго, што мела Прасвятая Дзева, то гэтае спадзяванне, без усякага сумнення, не пасароміць нас.

Як жа нам не радавацца, не ліковать духоўна ў гэты выратавальны дзень свята Успення Прасвятой Багародзіцы, як жа не замілоўвацца, пазіраючы на пачэсны вобраз Яе, як не схіліцца перад Яе бязмернаю любоўю да нас, нявартых!

Няхай перапоўніцца і наша сэрца чыстаю і ўдзячнаю любоўю да Найблагаславеннейшай Уладычыцы нашай заўжды Дзевы Багародзіцы і няхай ўсклікнуць вусны нашы разам з усёю Святою Праваслаўнай Царквою Хрыстовай: «Благадатная, радуйся! З Табою Гасподзь, Які пасылае свету Табою вялікую міласць». Амінь.

Фотографии: 
Пропаведзь архiепiскапа Арцемiя на Успенне Прасвятой Багародзiцы

Главное меню

Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut