Ражджэственскае пасланне Патрыярха Кiрыла

РАЖДЖЭСТВЕНСКАЕ ПАСЛАННЕ ПАТРЫЯРХА МАСКОЎСКАГА І ЎСЯЕ РУСІ КІРЫЛА
Любоў Божая да нас адкрылася ў тым,
што Бог паслаў у свет Сына Свайго Адзінароднага,
каб мы атрымалі жыццё праз Яго
 (1 Ін. 4: 9)

Праасвяшчэнныя архіпастыры, высокашаноўныя айцы, пачэсныя інакі і накіні, дарагія браты і сёстры!

Ад сэрца, прасякнутага радасцю аб Сыне Божым, Які з’явіўся ў плоці, звяртаюся да ўсіх вас і віншую са светлым і жываносным святам Ражджаства Госпада і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста.

«Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля!»(Лк. 2: 14). Услаўляючы з года ў год невымоўнае да нас сыходжанне Спасіцеля, мы, як некалі Віфлеемскія пастухі, якія пачулі ад Ангела«радасць вялікую, якая будзе ўсяму народу» (Лк. 2: 10), спяшаемся духоўнымі вачыма убачыць Месію, прышэсце Якога прадказвалі слаўныя прарокі і чакала многае мноства мужчын і жанчын.

І вось Жаданы, паводле слова прарока Агея, усімі народамі(Аг. 2: 7) прыніжае Сябе Самога, прыняўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным да людзей і з выгляду стаўшы як чалавек(Флп. 2: 7). Уладар Сусвету выбірае Сабе не імператарскі палац, не жыллё валадароў свету гэтага, не пакоі багатых і знатных. Яму не знаходзіцца месца нават у гасцініцы. Сын Божы нараджаецца ў пячэры для скаціны, калыскай жа Яму служаць яслі для кармлення жывёл.

Што ж бяднейшае за пячэру і што змірэннейшае за палотны, у якіх заззяла багацце Бажаства? Абраўшы для Таінства нашага спасення апошняе ўбоства (Іпакаі свята), Хрыстос знарок не прымае тыя каштоўнасці, якія лічацца вельмі значнымі ў нашым свеце: уладу, багацце, славу, знатнае паходжанне і сацыяльны статус. Ён прапаноўвае нам іншы закон жыцця, закон пакоры і любові, які перамагае ганарлівасць і злосць. Паводле гэтага закона слабасць чалавечая, спалучаная з благадаццю Божай, робіцца той сілай, якой не могуць процістаяць тыя, хто валодаюць у свеце гэтым уладай і магутнасцю. Сіла Божая выяўляе сябе не ў зямной велічы і мірскім дабрабыце, а ў прастаце і ў пакоры сэрца.

Паводле слова прападобнага Серафіма Сароўскага, «Гасподзь шукае сэрца, прасякнутае люоўю да Бога і да бліжняга, — вось прастол, на якім Ён любіць сядзець... “Сыне, дай Мне сэрца тваё, — кажа Ён, — а ўсё астатняе Я Сам дадам табе”, бо ў сэрцы чалавечым можа ўмяшчацца Царства Божае» (Гутарка аб мэце хрысціянскага жыцця). Гасподзь не цураецца ўбогіх і бяздомных, не грэбуе тымі, у каго мала грошай і непрэстыжная праца, і, тым больш, Ён не пагарджае людзьмі з фізічнымі заганамі ці цяжкімі хваробамі. Усё гэта само па сабе не набліжае і не аддаляе чалавека ад Бога, а таму і не павінна прыводзіць яго ў журбу ці рабіцца прычынай згубнай роспачы. Спасіцель шукае нас саміх. Сын мой! Дачка мая!аддай Мне сэрца тваё, — заклікае Ён (Прытч. 23: 26).

Дзівоснае свята Ражджаства нагадвае нам аб неабходнасці няўхільна ісці за Хрыстом, Які прыйшоў, каб жыццё мелі, і ўдосталь мелі (Ін. 10: 10), і Які Сам ёсць адзіны верны шлях і бясспрэчная ісціна і сапраўднае жыццё (Ін. 14: 6). І хай не палохаюць нас цяжкасці, якія непазбежна сустракаюцца, і хай не зламаюць нікога з нас выпрабаванні, якія выпадаюць на нашу долю, бо з намі Бог! З намі Бог, і з нашага жыцця знікае страх. З намі Бог, і мы здабываем душэўны спакой і радасць. З намі Бог, і мы з цвёрдай надзеяй на Яго здзяйсняем сваё зямное падарожжа.

Ідучы за Хрыстом, чалавек ідзе супраць стыхій свету гэтага. Ён не скараецца сустрэчным спакусам і рашуча разбурае на гэтым шляху перашкоды граху. Бо менавіта грэх аддаляе нас ад Бога і робіць наша жыццё сапраўды горкім. Менавіта ён, засланяючы святло Божай любові, кідае нас у розныя бедствы, робіць жорсткімі нашы сэрцы ў дачыненні да іншых людзей. А перамагаецца грэх толькі благадаццю Святога Духа, якая падаецца нам праз Царкву. Сіла Божая, калі мы яе ўспрымаем, праабражае наш унутраны свет і дапамагае ў адпаведнасці з воляй Госпада змяняць свет знешні. І таму тыя, хто аддзяляюцца тым ці іншым чынам ад адзінства царкоўнага, губляюць, нібы дрэва, што засыхае, уласцівасць прыносіць сапраўды добрыя плады.

Асаблівае слова я хацеў бы сёння звярнуць да жыхароў Украіны. Братазабойчае супрацьстаянне, што ўзнікла на зямлі Украінскай, не павінна падзяляць дзяцей царкоўных, сеючы ў сэрцах нянавісць. Сапраўдны хрысціянін не можа ненавідзець ні бліжніх, ні дальніх.«Вы чулі, — звяртаецца Гасподзь да тых, хто слухае Яго, — што сказана: любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго. А Якажу вам: любіце ворагаў вашых,…  каб сталі вы сынамі Айца вашага, Які на нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над злымі і добрымі» (Мт. 5: 43-45). Хай гэтыя словы Спасіцеля стануць для ўсіх нас дапаможнікам у жыцці, і хай злосць і варожасць да іншых ніколі не здабудуць месца ў нашай душы.

Заклікаю ўсіх дзяцей шматнацыянальнай Рускай Праваслаўнай Царквы да ўзмоцненай малітвы аб найхутчэйшым поўным спыненні варожасці ва Украіне, аб ацаленні ран, як цялесных, так і душэўных, нанесеных вайной людзям. Будзем і ў храме, і дома шчыра прасіць аб гэтым Бога, будзем маліцца таксама і аб тых хрысціянах, якія жывуць далёка ад нашых краін і пакутуюць ад узброеных канфліктаў.

У гэтую ж Ражджэственскую прамяністую ноч і наступныя святыя дні ўсхвалім і ўзнясём нашага Спасіцеля і Госпада, Які пажадаў дзеля многага чалавекалюбства Свайго прыйсці ў свет. Падобна да біблейскіх мудрацоў, прынясем Богадзіцятку Хрысту свае дары: замест золата — нашу шчырую любоў, замест ладана — цёплае маленне, замест смірны — добрае і клапатлівае стаўленне да бліжніх і дальніх.

Яшчэ раз віншуючы ўсіх вас, дарагія мае, са светлым святам Ражджаства, а таксама з надышоўшым Навалеццем, малітоўна жадаю вам багатых міласцей і шчодрасцей ад Вяліказдольнага Госпада Іісуса. Амінь.

+ КІРЫЛ, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі
Ражджаство Хрыстова, 2015/2016 г., г. Масква

ПА-РУСКУ >>

Фотографии: 
РАЖДЖЭСТВЕНСКАЕ ПАСЛАННЕ ПАТРЫЯРХА МАСКОЎСКАГА І ЎСЯЕ РУСІ КІРЫЛА
Разделы сайта:

Главное меню

Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut